«Мы зарабляем мільярды на пантах моладзі»: продаж тэхнікі Apple — залатое дно
Фраза, вынесеная ў загаловак, прыпісваецца Стыву Джобсу, былому кіраўніку кампаніі Apple Inc. Дакладна невядома, ён аўтар гэтага афарызма ці нехта іншы.Але ўсё адно прылады з «надкусаным яблыкам» на пакавальнай скрынцы карыстаюцца велізарным попытам, нягледзячы на вялікую, а часам нават неабгрунтавана завышаную цану.
Apple Inc зарабіла мільярды на сваіх прыладах. Але тыя радасці далёкія ад нас і нашых рэаліяў. А вось колькі зарабляюць беларусы, якія перапрадаюць прылады Apple, — пытанне больш цікавае. Каб высветліць гэта, «Наша Ніва» сустрэлася з адным з уладальнікаў інтэрнэткрамы, якая займаецца збытам тэхнікі з прыстаўкай «ай-». Малады чалавек, што прадставіўся Аляксандрам, дапамог нам разабрацца ў некаторых момантах.
«Наша Ніва»: Як Вы думаеце, чаму iPhone так падабаецца грамадству?
Аляксандр: У кожнага свае прычыны. Камусьці ён сапраўды падабаецца як гаджэт. Напрыклад, я лічу, што менавіта гэтая прылада мае найлепшы сэнсар. Але большасць бярэ яго, бо модна, тут не паспрачаешся.
«НН»: Значыцца, выказванне пра «панты моладзі» праўдзівае?
А: Безумоўна, гэта асноўны момант пры набыцці. Але кожны — гаспадар свайму кашальку, калі вы зарабілі на такую цацку або вам далі на яе грошай, як гэта часцей бывае.
«НН»: Ці каштуе ён такіх грошай?
А: Залежыць ад таго, пра якія грошы ідзе гаворка. Калі ў Мінску толькі з’явіўся iPhone 5, цана сягала 2 тысяч даляраў. Я прывёз першую партыю (15 штук) толькі праз дватры тыдні пасля яго выхаду ў ЗША, і тым не менш адразу арганізавалася чарга гатовых набыць тэлефоны за такія грошы. Прынамсі, я не аддаў бы столькі за мабільную прыладу. Асабліва ведаючы, колькі яны каштуюць насамрэч.
«НН»: А колькі?
А: Прыкладна ў тры разы менш.
«НН»: Такім чынам, можна прыкладна падлічыць Ваш заробак на той момант.
А: Мы не толькі тэлефоны прадаём, а яшчэ і розныя аксесуары да іх. Напрыклад, набыў 100 чахлоў па 5 еўра у Іспаніі, прывёз — а тут яны 15–20 каштуюць.
«НН»: Колькі можа зарабіць чалавек, які гандлюе «яблыкавымі» прыладамі ў Мінску?
А: Тут усё залежыць ад маштабаў. Але пры іншых добрых абставінах можна зарабіць ад 5 да 10 тысяч даляраў за месяц.
«НН»: Ёсць такі жарт, што «расійскія аўтамабілі — залатое дно. Аднойчы набыў машыну, а потым кожны тыдзень набываеш запчасткі». Ці можна тут правесці паралель з Вашым бізнэсам?
А: Безумоўна. Напрыклад, мне кожны дзень прыносяць адну-дзве паламаныя ці разбітыя ўшчэнт прылады. Цана за іх рамонт можа даходзіць да $100. А калі яшчэ карыстацца «чорнымі» ці кітайскімі дэталямі, то можна зарабіць больш, чым на продажы. Што некаторыя і робяць.
«НН»: Як можна абдурыць пакупнікоў або тых, хто прынёс тэлефон у рамонт?
А: Папершае, гэта зборка тэлефонаў «уласнымі магчымасцямі». Калі вам з розных «дабітых» ці «плывучых» у мінулым прыладаў робяць адну, якая выглядае як новая, бо мае новы корпус. А праз месяц такія тэлефоны перастаюць працаваць. Пра другое, я ўжо казаў — гэта калі вам рамантуюць з дапамогай танных кітайскіх дэталяў.
«НН»: Як ад гэтага можна застрахавацца?
А: Ніколі не набывайце такіх прыладаў без фірмовых упаковак, запячатаных у плёнку. А ад кітайскіх дэталяў — ніяк, калі самі не ведаеце, як што мусіць выглядаць. Але тут як пашанцуе: бывае, што «танны Кітай» працуе лепш за арыгінал. Таму набывайце і рамантуйце ў сваіх знаёмых. Толькі вось па сабе ведаю: цяпер такі час, што і яны не заўжды шчыра дапамогуць, — бізнэс.
Каментары