Гісторыя33

Трагедыя карэйскага «боінга»: што было насамрэч?

30 гадоў таму ў небе над Ціхім акіянам адбылася трагедыя, якую некаторыя расійскія крыніцы да сёння сарамліва называюць «інцыдэнтам»: знішчальнік савецкай СПА збіў паўднёвакарэйскі грамадзянскі авіялайнер, які парушыў паветраную мяжу СССР.

Усе 269 чалавек, якія знаходзіліся на борце, у тым ліку 23 дзіцяці, загінулі.

Застаюцца нераскрытымі дзве ключавыя загадкі. Хто аддаў фатальны загад? Чаму экіпаж «боінга», якому, паводле афіцыйнай версіі, загадвалі змяніць курс і сесці на савецкім аэрадроме, не падпарадкаваўся?

На хвалі эмоцый у СССР выказваліся здагадкі, быццам амерыканцы наўмысна накіравалі самалёт у савецкую паветраную прастору з мэтай праверыць на трываласць СПА патэнцыйнага праціўніка, у ЗША — быццам «рускія камуністы» свядома знішчылі мірных пасажыраў, каб запалохаць свет сваёй няўмольнай жорсткасцю.

Рассакрэчаныя дакументы і дадзеныя бартавых самапісцаў збітага «боінга» сведчаць, што здарылася жахлівае непаразуменне, памножанае на атмасферу халоднай вайны.

Пасля падзей у Афганістане і Польшчы, прыходу да ўлады ў Вашынгтоне Рональда Рэйгана, а ў Маскве — Юрыя Андропава, савецка-амерыканскія адносіны ўпалі да найніжэйшага пункта з часоў «карыбскага крызісу».

Увесну 1982 дзве амерыканскія авіяносныя групы абмінулі Камчатку і ўвайшлі ў нейтральныя воды Ахоцкага мора, на берагах якога размяшчаліся базы савецкіх ракетных падводных лодак.

У сакавіку-красавіку 1983 тры авіяносцы з караблямі суправаджэння правялі трохтыднёвыя вучэнні ў раёне Алеуцкіх астравоў.

23 сакавіка Рэйган абвясціў аб сваёй «стратэгічнай абароннай ініцыятыве».

4 красавіка 1983 шэсць амерыканскіх штурмавікоў А-7 «Карсар» увайшлі ў паветраную прастору над савецкімі тэрытарыяльнымі водамі ў раёне Малой Курыльскай грады і імітавалі авіяўдар па востраве Зялёны.

Палітычнае і вайсковае кіраўніцтва СССР ўразілася бездапаможнасцю савецкай СПА, якая выявіліся падчас інцыдэнту. Па выніках расследавання міністр абароны Дзмітрый Усцінаў распарадзіўся тэрмінова замяніць знішчальнікі МіГ-21 і МіГ-23 на Курылах і Сахаліне больш дасканалымі МіГ-31: як гаварылася ў загадзе, для спынення магчымых правакацый.

«Іх гэта сапраўды дастала», — успамінаў былы памочнік дзяржсакратара ЗША па пытаннях ваеннай прамысловасці і тэхналогій Уільям Шнайдэр.

Са свайго боку Савецкі Саюз 24 лістапада 1982 года выйшаў з перамоваў па абмежаванні ракет сярэдняй далёкасці ў Еўропе, 8 снежня — з перамоваў па стратэгічных узбраеннях і звычайных узбраеннях на еўрапейскім кантыненце. Дыпламатычныя дэмаршы суправаджаліся пагрозлівай рыторыкай у духу «чалавеканенавісніцкія планы імперыялістаў».

Даўным-даўно размясціўшы ля сваіх заходніх межаў вялікую колькасць накіраваных на Еўропу ракет сярэдняй далёкасці, Савецкі Саюз катэгарычна, на мяжы істэрыкі, пярэчыў супраць аналагічных планаў ЗША, не прымаючы пры гэтым прапанаваны амерыканцамі «нулявы варыянт».

У заяве ад 24 лістапада Андропаў прыгразіў ЗША мерамі, якія звядуць на нішто эфект ад з’яўлення ў Еўропе «першынгаў» і «тамагаўкаў» і гіпатэтычнай «праграмы зорных войнаў». Вайсковыя аналітыкі неадкладна вылічылі, што гаворка ішла аб пастаянным дзяжурстве савецкіх ядзерных субмарын паблізу Атлантычнага і Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ЗША.

14–18 чэрвеня 1982 г. СССР правёў вучэнні «Шчыт-82 " з поўнамаштабнай імітацыяй ракетна-ядзернага ўдару, названыя на Захадзе сямігадзіннай ядзернай вайной.

На нарадзе з кіраўніцтвам КДБ у траўні 1981 Андропаў назваў галоўнай задачай не праглядзець аналагічныя намеры патэнцыйнага праціўніка.

Найбуйнейшая пасля Другой сусветнай вайны аперацыя савецкай разведкі, якая адцягвала сілы ад палітычнага і эканамічнага шпіянажу, праводзілася з 1981 па 1984 год, дасягнуўшы піку ў 1983 годзе. У пастаянным рэжыме адсочвалася не толькі ваенная актыўнасць, але і мноства ўскосных прыкмет, напрыклад, нарошчванне запасаў донарскай крыві.

Для савецкіх дыпламатаў тое, што адбылося, стала шокам.
Прынамсі дваццаць гадоў магчымасць ядзернай вайны ніхто сур’ёзна не разглядаў.

«Я даведаўся пра гэта ад рэзідэнта КДБ. Мы з ім расцанілі ўсе гэтыя асцярогі даволі скептычна, але павінныя былі ўсё ж сур’ёзна паставіцца да іх, бо Масква магла мець сакрэтную інфармацыю, пра якую нам не было вядома», — успамінаў тагачасны савецкі пасол у Вашынгтоне Анатоль Дабрынін.

Пра крохкасць міру ў той час сведчыць надзвычайнае здарэнне ў ноч на 26 верасня (па маскоўскім часе) 1983 года.

Праз засвятленне датчыкаў савецкага спадарожніка сонечнымі промнямі, якія адбіліся ад вышынных аблокаў, на камандны пункт супрацьракетнай абароны ў Серпухаве паступіў ілжывы сігнал аб запуску амерыканскіх МБР. Толькі прафесіяналізм і здаровы сэнс старшага змены падпалкоўніка Станіслава Пятрова не далі абвясціць у СССР ядзерную трывогу.

У становішчы, калі бакі, паводле ўпадабанага выразу журналістаў, «глядзелі адзін на аднаго праз дзіркі прыцэлаў», магло здарыцца што заўгодна. І здарылася.

Пасажырскі «Боінг-747» (рэгістрацыйны нумар HL7442) паўднёвакарэйскай кампаніі Korean Air выконваў рэгулярны рэйс KAL-007 па маршруце Нью-Ёрк — Сеул з пасадкай для дазапраўкі ў Анкорыджы на Алясцы.

На борце знаходзіліся 23 члены экіпажа і 246 пасажыраў: паўднёвакарэйцы, амерыканцы (у тым ліку кангрэсмен Лары Макдональд), тайванцы, японцы і філіпінцы.

1 верасня ў 03:00 па мясцовым часе (11:00 па Грынвічы) ён паляцеў з Анкорыджа. Маршрут пралягаў над Ціхім акіянам, агінаючы тэрыторыю СССР.

Пралятаючы ў раёне радыёмаяка ў Бетэлі, апошняга пункта кантролю на амерыканскай тэрыторыі, самалёт адхіляўся ад курсу ў паўночна-заходнім напрамку на 20 кіламетраў. Сітуацыя была штатнай і не давала падставаў для трывогі, але нязначная памылка, паступова назапашваючыся, да моманту гібелі самалёта вырасла да 500 з лішнім кіламетраў.

Паводле дадзеных расследавання, праведзенага Міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі (ІКАО), і пасля пацверджанай інфармацыі з «чорных скрыняў», экіпаж няправільна наладзіў аўтапілот, а ў далейшым не выконваў ручных праверак каардынатаў, паклаўшыся на аўтаматыку.

У 04:51 па мясцовым часе самалёт уварваўся ў савецкую паветраную прастору і працягнуў палёт над забароненай зонай на Камчатцы, дзе размяшчалася савецкая ракетная база.

Ланцуг фатальных супадзенняў

У той дзень чакалася чарговае выпрабаванне савецкай балістычнай ракеты SS-25, якая павінная была стартаваць з касмадрома ў Плясецку і збіць мэту на камчацкім палігоне Кура.

Інфармацыя ў такіх выпадках абмяжоўвалася двухрадковым паведамленнем ТАСС аб тым, што выпрабаванне прайшло паспяхова.

Зразумела, амерыканцам было цікава, ці так гэта насамрэч. Да берагоў Камчаткі кожны раз накіроўваліся самалёты-разведчыкіР-135, якія пры дапамозе бартавой апаратуры назіралі за палётам і падзеннем ракеты.

Р-135 будаваліся на базе «боінгаў» і вонкава амаль не адрозніваліся ад іх, асабліва ў цемры і ў аблоках.

Разведвальны самалёт дасягнуў мяжы СССР у 02:35 і пачаў курсіраваць у зададзеным раёне. У пэўны момант ён і пасажырскі «боінг» зблізіліся настолькі, што зліліся на экранах далёкіх радараў у адну кропку.

Затым «боінг» працягнуў рух у бок Камчаткі, а Р-135 пайшоў у напрамку, што больш ці менш супадаў з міжнародным паветраным калідорам.

Савецкія аператары прынялі пасажырскі лайнер за паветранага разведчыка.

На перахоп падняліся шэсць знішчальнікаў МіГ-23, якія суправадзілі падазроны аб’ект над Камчаткай і вярнуліся на базу, калі ён у 6:05 пакінуў савецкі паветраную прастору і працягнуў палёт над Ахоцкім морам.

Сродкамі электроннага кантролю было зафіксавана, што ў 06:10 экіпаж паведаміў па радыё наземным службам на Алясцы і ў Японіі, што палёт праходзіць паспяхова.

У 06:13 «боінг» зноў перасек савецкую мяжу, гэтым разам над Сахалінам. Насустрач ўзляцелі два перахопнікі Су-15 з авіябазы «Горад Долінск — Сокал». У 06:24 паступіў загад: «Знішчыць мэту».

Капітан Генадзь Асіповіч выпусціў дзве ракеты, якія трапілі ў авіялайнер. Праз 12 хвілін абломкі ўпалі ў мора з вышыні дзевяці кіламетраў у раёне вострава Манерон на паўднёвы захад ад Сахаліна.

Хто аддаў загад?

Камандзір авіядывізіі, у якой служыў Асіповіч, Анатоль Карнукоў не быў ні заахвочаны, ні пакараны. Пасля ён стаў генералам арміі і галоўкомам ВПС і СПА Расіі. Аднак уявіць, быццам такое рашэнне прымалася на дывізійным узроўні, складана.

Ці дакладвалі цяжка хвораму Юрыю Андропаву? Паводле інфармацыі Аляксандра Каржакова, быццам бы так. Але варта ўлічваць, што будучы галоўны целаахоўнік Барыса Ельцына ў той час быў шараговым супрацоўнікам 9-га ўпраўлення КДБ.

А калі не, то хто ўзяў на сябе адказнасць? Камандаванне СПА? Начальнік генштаба Мікалай Агаркаў? Міністр абароны Дзмітрый Усцінаў?

Гэтага не ведалі нават члены палітбюро.

«Мы былі пастаўленыя перад фактам. Хто прымаў рашэнне? Ці ведаў генеральны сакратар? Гэта так і засталося незразумелым», — запісаў у сваім дзённіку Віталь Варатнікоў.

Галоўная таямніца

«Ні на хвіліну я не думаў, што магу збіць пасажырскі самалёт. Усё што заўгодна, толькі не гэта!» — сцвярджаў пасля Генадзь Асіповіч.

Паколькі авіяпасажыры ноччу маюць звычай спаць, «боінг» ляцеў з закрытымі ілюмінатарамі.

Памылцы магло спрыяць і тое, што пры набліжэнні перахопнікаў паўднёвакарэйскі авіялайнер пачаў скідаць хуткасць, што было падобна да спробы адарвацца ад пераследу (пры хуткасці менш за 400 км/г звышгукавы знішчальнік звальваецца ў штопар). На думку камісіі ІКАО, экіпаж у гэты час пачынаў набіраць вышыню.

Мяркуючы па апублікаваных запісах перамоваў Асіповіча з зямлёй, пілот і яго камандзіры не думалі, што самалёт пасажырскі, а больш за ўсё былі заклапочаныя тым, каб парушальнік не сышоў.

Па словах Асіповіча, ён не мог візуальна адрозніць грамадзянскі «боінг» ад Р-135, таму што яго гэтаму не вучылі, і не ўступаў у радыёкантакт з экіпажам, бо для гэтага давялося б перайсці на іншую частату. Ён сведчыць, што падаваў сігналы мігценнем бартавых агнёў, а за чатыры хвіліны да адкрыцця агню на паражэнне даў у кірунку самалёта некалькі папераджальных чэргаў, патраціўшы 243 снарады.

Як карэйскі экіпаж мог не заўважыць гэтага?

Нават калі б камусьці ў Пентагоне або ЦРУ прыйшла ў галаву ідэя прамацаць такім чынам савецкую СПА, грамадзянскія пілоты, ды яшчэ замежнікі, ні за якія грошы не сталі б гуляць жыццямі пасажыраў і сваімі ўласнымі.

Адразу пасля атрымання вестак аб тым, што здарылася, на гэтую неадпаведнасць звярнуў увагу савецкі прэм’ер Мікалай Ціханаў.

«Мне незразумела, на што разлічваў лётчык. Ён жа разумеў, што ідзе на смерць», — заявіў ён на паседжанні палітбюро 2 верасня.

Пасля член савецкай камісіі па расследаванні здарэння, маршал авіяцыі Пётр Кірсанаў звяртаў увагу на дзіўныя, на яго думку, абставіны наконт таго, што «боінг» вылецеў з Анкорыджа з 40-хвілінным спазненнем, а першы і другі пілоты былі адстаўнымі афіцэрамі паўднёвакарэйскіх ВПС, хоць тое і другое — звычайная справа ў практыцы грамадзянскай авіяцыі.

Савецкі бок лічыў падазронай таксама прысутнасць на борце шасці службовых пасажыраў, што не плацілі за білеты — гэта былі супрацоўнікі кампаніі Korean Air, якія вярталіся на радзіму.

Асіповіч дапускаў, што лётчыкі маглі не ўбачыць яго бартавых агнёў і чэргаў, бо ён ляцеў за «боінгам» у хвасце і страляў не трасавальнымі (праз адсутнасць такіх), а звычайнымі снарадамі.

«Няма ніякіх сведчанняў таго, што Савецкі Саюз спрабаваў папярэдзіць самалёт шляхам пуску трасавальных снарадаў», — заявіў на прэс — канферэнцыі 1 верасня дзяржсакратар ЗША Джордж Шульц.

Ці быў наогул папераджальны агонь, пэўна ведалі толькі пілот знішчальніка і яго начальнікі.

Не выключана, што меркаваны самалёт-разведчык вырашылі «грохнуць» без папярэджання, каб больш не сунуліся. Версія, не пацверджаная дакументальна, але цалкам праўдападобная.

Перапалох у Крамлі

Аб тым, што здарылася, кіраўніцтва СССР даведалася падчас планавага паседжання палітбюро, якое стала гістарычным, бо яго апошні раз вёў Юрый Андропаў. Абмяркоўваліся руцінныя пытанні: скліканне ў лістападзе чарговага пленума ЦК, выкананне плана па выпуску каляровых тэлевізараў, гандаль з Егіптам і сітуацыя ў Афганістане.

Навіна грымнула як гром сярод яснага неба. Спачатку інфармацыі не хацелі верыць. Тэрмінова выкліканы начальнік генштаба Агаркаў цвёрда заявіў, што вайскоўцы не сумняваліся: самалёт быў разведвальным.

Паколькі набліжаўся вечар, нічога канкрэтна не вырашылі. ТАСС выпусціў знакамітую заяву: «Самалёт-парушальнік на сігналы не рэагаваў і працягваў палёт у бок Японскага мора». Словы «сысці ў бок Японскага мора» ўвайшлі ў скарбонку савецкага чорнага гумару разам з фразамі «па просьбе працоўных» і «я рамана не чытаў, але глыбока ім абураны».

Адразу пасля паседжання Андропаў, як і збіраўся, паляцеў на адпачынак у Крым, даручыўшы калегам яшчэ раз «параіцца і ўзважыць усё». Там яго стан рэзка пагоршыўся, і да актыўнай працы ён больш не вярнуўся. Казалі, што савецкага лідара пакаралі карэйскія дэманы.

Анатоль Дабрынін, які знаходзіўся ў адпачынку ў Маскве, размаўляў з Андропавым перад адлётам. Паводле яго словаў, генеральны сакратар, з аднаго боку, запэўніваў, што ўсё гэта «падкопы Рэйгана», з іншага — сварыўся на «тупагаловых генералаў, што зусім не думаюць аб вялікай палітыцы». Словаў шкадавання пра загінулых у яго не знайшлося.

На наступны дзень сабралася пазачарговае паседжанне палітбюро, дзе пытанне абмяркоўвалася больш спакойна і прадметна.

Старшынстваваў Канстанцін Чарненка, які ва ўступным слове прапанаваў засяродзіцца на тым, як звесці да мінімуму «антысавецкую кампанію».

Удзельнікі падрабязна абмяркоўвалі тэхнічныя дэталі, лаялі амерыканцаў і апраўдвалі сваіх вайскоўцаў. Міхаіл Гарбачоў у асноўным адмаўчаўся, абмежаваўшыся рэмаркай: «Самалёт доўга знаходзіўся над нашай тэрыторыяй. Калі ён збіўся з курса, амерыканцы маглі нам паведаміць».

Пытання, чаму савецкія ўлады не паспрабавалі, у сваю чаргу, звязацца з кампетэнтнымі прадстаўнікамі ЗША ці Паўднёвай Карэі, не ўзнікла.

З нагоды канкрэтнай тактыкі меркаванні падзяліліся.

Запрошаны на паседжанне першы намеснік міністра замежных справаў Георгій Карніенка, які курыраваў савецка-амерыканскія адносіны, прапаноўваў прызнаць трагічную выпадковасць і прынесці прабачэнні сем’ям загінулых і ўрадаў іх краін, падкрэсліўшы пры гэтым, што інцыдэнт справакаваў амерыканскі бок сваімі разведвальнымі палётамі паблізу савецкіх межаў.

Але перамог пункт гледжання міністра абароны Усцінава, які сцвярджаў, што трэба ўсё адмаўляць.

74-гадовы Усцінаў знаходзіўся ў лепшай форме, чым большасць калегаў, і гаварыў не вяла і абцякальна, а самаўпэўнена і з напорам.

Пасля паседжання Карніенка патэлефанаваў Андропаву ў Крым і паспрабаваў адстаяць сваю пазіцыю. Генеральны сакратар звязаўся з Усцінавым, які аблаяў Карніенку і параіў Андропаву ні пра што не турбавацца.

Пошукавая аперацыя

Савецкія, амерыканскія і японскія ВМС пачалі пошукі абломкаў збітага самалёта. Пра супрацоўніцтва пры тагачасных адносінах не было і гаворкі.

Праз два месяцы савецкія вадалазы паднялі са дна «чорныя скрыні», якія толькі праз дзесяць гадоў былі перададзеныя ў ІКАО па распараджэнні Барыса Ельцына.

Мяркуючы па апублікаваных дадзеных, «боінг» увесь час ляцеў на аўтапілоце, экіпаж да апошняй хвіліны быў спакойны і вёў звычайныя размовы. Нішто не сведчыць аб тым, што яны ведалі пра адхіленне ад маршруту або бачылі перахопнік.

Ля берагоў Сахаліна і Манерона ўдалося сабраць 213 выкінутых хвалямі прадметаў абутку, якія былі перададзеныя прадстаўнікам ЗША і Японіі і апазнаныя сваякамі пасажыраў «боінга».

Целаў не знайшлі, так што аматары канспіралогіі на Захадзе сцвярджалі, быццам самалёт прызямліўся дзесьці на савецкай тэрыторыі, і пасажыраў і экіпаж адправілі ў сібірскія лагеры. Быў нават створаны міжнародны грамадскі камітэт па іх вызваленні.

7 лістапада 1988 суд федэральнай акругі Калумбія адмовіўся абмежаваць памер матэрыяльных прэтэнзій сваякоў загінулых амерыканцаў да кампаніі Korean Air, прызнаўшы, што экіпаж дапусціў падчас палёту непрафесіяналізм і халатнасць.

У 1986 годзе СССР, ЗША і Японія стварылі адзіную сістэму сачэння за рухам авіятранспарту над паўночнай часткай Ціхага акіяна і ўсталявалі наўпростую сувязь паміж сваімі дыспетчарскімі службамі.

Аглушальны скандал

Толькі 7 верасня савецкі ўрад прызнаў факт знішчэння лайнера і выказаў шкадаванне з нагоды гібелі ні ў чым не вінаватых людзей.

«Едзь без прамаруджання назад у Вашынгтон і пастарайся зрабіць усё магчымае, каб паціху прыглушыць гэты зусім не патрэбны нам канфлікт», — наказваў Андропаў Дабрыніну.

«Паціху» не атрымалася. Планавая сустрэча савецкага міністра замежных справаў Грамыкі і дзяржсакратара Шульца 8 верасня ў Мадрыдзе вылілася ў нечуваны скандал з публічным абменам абвінавачаннямі. Рэйган назваў тое, што здарылася, «злачынствам супраць чалавецтва, якое ніколі не павінна быць забытае», «актам варварства і нечалавечай жорсткасці».

У Паўднёвай Карэі прайшлі шматтысячныя дэманстрацыі са спаленнем савецкіх сцягоў.

Паводле ўспамінаў Дабрыніна, да лета 1983 Андропаў усвядоміў, што савецка-амерыканскія адносіны зайшлі ў небяспечны тупік, і думаў пра тое, як іх палепшыць.

21 ліпеня амерыканскі пасол перадаў яму асабістае пасланне Рэйгана. 1 жніўня Андропаў адказаў, прапанаваўшы для пачатку стварыць канфідэнцыйны канал для абмену думкамі.

За некалькі дзён да катастрофы ён падрабязна распытваў Дабрыніна, што за асоба амерыканскі прэзідэнт: «З аднаго боку, вораг Савецкага Саюза, з другога — у перапісцы выглядае разумным чалавекам».

Гібель «боінга» паставіла крыж на нясмелых спробах дыялогу. Адносіны заставаліся на пункце замярзання аж да сустрэчы Рэйгана і Гарбачова ў Рэйк’явіку.

Неўзабаве савецкія канструктары далажылі аб вялікім дасягненні: распрацоўцы супрацьракеты з ядзернай боегалоўкай, што гарантавана знішчае «першынгі» пры падлёце да Масквы. Праўда, для гэтага спатрэбілася б зладзіць атамны выбух над уласнай сталіцай. Вар’яцтву ідэі жахнуліся толькі за Гарбачовым, а тады ВПК пачаў з энтузіязмам асвойваць выдзеленыя сродкі.

Каментары3

Цяпер чытаюць

У Пскове расіянін забіў беларуса Валерыя за тое, што той патрабаваў паважаць беларускую нацыю

У Пскове расіянін забіў беларуса Валерыя за тое, што той патрабаваў паважаць беларускую нацыю

Усе навіны →
Усе навіны

«Самым сінім быў Генадзь». Як экс-падпалкоўніка збілі за ўдзел у пратэстах5

«Хогвартс адпачывае». На вуліцы Мінска заўважылі «дыханне дрэў»

У Мінску арыштавалі «чорнага рыэлтара», які спрабаваў завалодаць кватэрай алкаголіка3

У Францыі пасля 20 гадоў забыцця выставілі працу Марка Шагала

У Беларусі знайшлі самую шматдзетную сям'ю лебедзяў2

Цела Святланы Курс будзе крэміравана24

Трамп заявіў, што збіраецца балатавацца на трэці тэрмін16

У кабінет гінеколага гомельскай паліклінікі падчас агляду жанчыны зайшоў мужчына-інжынер — але вымову зрабілі не яму28

Пры ўдары па турбазе ў акупаванай частцы Запарожжа загінулі 8 чалавек1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Пскове расіянін забіў беларуса Валерыя за тое, што той патрабаваў паважаць беларускую нацыю

У Пскове расіянін забіў беларуса Валерыя за тое, што той патрабаваў паважаць беларускую нацыю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць