Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку піша ўкраінскі журналіст Мустафа Наем, спасылаючыся на свае крыніцы.
«Здаецца, Віктар Януковіч ужо перастаў давяраць Уладзіміру Пуціну. Па непацверджаных дадзеных, сям'я Віктара Януковіча шукае прытулак у Беларусі», - напісаў ён.
Па словах Наема, на мінулым тыдні сын былога прэзідэнта Віктар Януковіч-малодшы праводзіў кансультацыі з гэтай нагоды падчас тэлефоннай размовы з Аляксандрам Лукашэнкам.
У прыватнасці, Януковіч-малодшы выказаў занепакоенасць, што яго бацька можа стаць разменнай манетай у палітычным дыялогу паміж Кіевам і Масквой. У прыватнасці, нібыта існуе верагоднасць, што ў выніку шматбаковых дамоўленасцей былога прэзідэнта выдадуць афіцыйным уладам Украіны. У адказ Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што ён таксама лічыць, што былы прэзідэнт павінен вярнуцца ва Украіну, але, калі Віктар Януковіч ўсё ж пажадае пераехаць у Беларусь, ён гатовы даць прытулак яму і яго сям'і. Што асабліва цікава, падчас размовы Януковіч-малодшы нібыта таксама паведаміў, што ў выпадку пазітыўнага развіцця сітуацыі Віктар Януковіч можа ўзначаліць новае дзяржаўнае ўтварэнне — Наваросію, у якую павінны ўвайсці Луганская і Данецкая вобласці «, — піша Наем.
«Падкрэслю яшчэ раз, інфармацыя з адной крыніцы, але я ёй давяраю ў дастатковай ступені, каб апублікаваць такія звесткі», - рэзюмаваў журналіст.
Каментары