Меркаванні1010

Трыюмф Біслана

Люблю рускіх. Такая думка прыходзіць мне ў галаву ўсё радзей. Піша Сяргей Дубавец

Люблю рускіх. Такая думка прыходзіць мне ў галаву ўсё радзей. Напэўна, тых, хто ў Расеі варты любові, менш ня стала. Але я іх ня бачу. Прынамсі, на расейскіх тэлеканалах усе героі ды пэрсанажы зьліваюцца ў зборны вобраз нейкага ўмоўнага Уга Чавэса — у небясьпечную клаўнаду. Небясьпечную для ўсіх.

Вось і заўчора ў марным пошуку сваёй любові да рускіх я ўцякаў ад гэтага Чавэса, ад імпэрскага трыюмфатарства з нагоды апошніх перамог у спорце і на эстрадзе, і з расейскіх тэлеканалаў саскочыў на польскі. А там — фільм пра Чачню. І не адарвацца. Даглядзеў да канца і нарэшце супакоіўся — люблю рускіх.

Фільм расказваў пра захоп закладнікаў на Дуброўцы і паралельна — пра зруйнаваны вайною Грозны. Дакладней, не пра гэта, а пра людзей у гэтым. Цяпер рэдка пабачыш дакумэнтальнае кіно ў канонах жанру — без камэнтароў. Гавораць толькі ўдзельнікі падзеяў. Кадры з Дуброўкі — людзі ў залі яшчэ жывыя, пераглядаюцца, у кагосьці нават усьмешка на вуснах, нехта падміргвае на камэру. Самы пачатак захопу. А вось — бабулька на вуліцы Грознага плача ўжо каторым сваім бяссьлёзным плачам. Кажа, што яна сама руская і нічога не разумее, што тут адбываецца, але жыве тут даўно і, як спадзявалася заўсёды, так і цяпер спадзяецца толькі на чачэнцаў.

Фільм не за тых і не за тых. І ня супраць. Яго задача — даць праўду. І калі гэта ўдаецца, падзеі нашай сучаснасьці набываюць гучаньне шэксьпіраўскае трагедыі. Шкада, што такі фільм не пакажуць на расейскіх тэлеканалах. А не пакажуць якраз з‑за гэтага: няма яснай раскладкі — хто свой, а хто вораг.

Каб любіць рускіх — усім сэрцам, праз суперажываньне і шкадаваньне — патрэбная хоць бы махатка праўды пра іх. Рускі чалавек адкрыты ў сваім горы. Асабліва, калі раптам апынаецца адзін на адзін з несправядлівасьцю сьвету. Тады на яго сыходзіць прасьвятленьне. Як на гэтага дзядзьку. Яго дачка сядзіць у захопленай тэрарыстамі залі на Дуброўцы. Яна затэлефанавала яму і папрасіла, каб ён выйшаў на плошчу з патрабаваньнем спыніць вайну ў Чачні. І ён выйшаў разам з іншымі сваякамі закладнікаў. Як умелі, намалявалі транспаранты… Іх сюды, быццам на Марс, занесла з нейкага іншага жыцьця. Але хто ж мог ведаць… Яны гавораць з такімі вачыма, быццам упершыню пачулі свой голас. «Мы пра гэта ніколі ня думалі, у нас пра гэта ня кажуць, здавалася, гэта дзесьці далёка…»

Рускія людзі вельмі чалавечныя ў сваім прасьвятленьні. Як дзеці. А як не любіць дзяцей.

Ведаю я такіх рускіх, якія й не «прозревали», а такімі прасьветленымі нарадзіліся. Звычайна ім цяжка жывецца і яны ніколі не прабіваюцца на экран тэлевізара. На Уга Чавэсаў ня цягнуць і не прэтэндуюць. Бо не замбаваныя, свабодныя ў сваіх думках і меркаваньнях.

Іх я шкадую з‑за той лавы бед і «пабед», што шырокім бэтонным патокам кладзецца на іхныя галовы. Паток настолькі аднародны, што трагедыі ў ім набіраюцца духу перамог, а перамогі прасякаюцца духам сьмерці. І «буйняк» у хакеі адгукаецца выбухамі ў Буйнацку, а вялікае футбольнае рысталішча замежных каманд «Nord» і «Ost» упершыню адбываецца ў расейскай сталіцы пры вялікім наплыве заўзятараў з‑за мяжы. І Дзіма Біслан атрымлівае доўгачаканы трыюмф Расеі на Эўравізіі…

Дзень «пабеды» з прысмакам сьвінца, з гусянічным лязгатам і са сьлязьмі ў вачах.

… Аднак, фільм на польскім канале скончыўся. Я пабачыў шмат рускіх і пераканаўся, што па‑ранейшаму люблю іх. І пасьля яшчэ доўга‑доўга глядзеў у пусты экран.

Сяргей Дубавец, Беларускія навіны

Каментары10

Цяпер чытаюць

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Спявачка Арыяна Грандэ запатрабавала ад Белага дома не выкарыстоўваць яе песень у антыіміграцыйных роліках

12‑гадовую іспанскую дзяўчынку згвалцілі пяць аднакласнікаў на дні нараджэння. Ім за гэта нічога не будзе28

Двухмесячнае дзіця выпадкова атруцілася лімоннай кіслатой з чайніка

На «Беларуськаліі» загінуў рабочы, яшчэ двое атрымалі траўмы

Памерла тайская прынцэса Баджракіціябха — старэйшая дачка караля і абаронца правоў вязняў. Тры гады яна была ў коме

Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў здзеклівае віншаванне з Днём Расіі38

«Большая частка сядзіць сумленна, але ціха». Павел Вінаградаў пра палітвязняў, чые прозвішчы невядомыя6

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў49

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць