Літаратура5656

Зянон. Новыя вершы

Вершы апублікаваныя ў літаратурным альманаху беларусаў замежжа «Беларус» за 2017 год.

На хвіліну задумаўся

Назіраю за воблакамі.
Хвалі ракі. Вецер шуміць. Серабрыцца вада.
Пах хваёвы,
Далёкі сінее лес.
Айчына.
Жаночыя галасы.
Хораша і прыгожа.
I ўсё ж такі,

Некалі скончыцца гэты сьвет,
I стане грош цана
Багацьцю, страсьцям, перамогам.
I зьнікне ўсё, як дым над полем,
I вершу сьціпламу майму
Ніхто не адзавецца.
I схаладзее Край.

Пад вялікім чырвоным Сонцам
Кружляе пустая Зямля
I Месяц крывавы нікому сьвеціць.
Так будзе. Так прыйдзе
Жніво на ідэалы.

Толькі для нечага
Над прыродай
Пакуль што
Мы былі і жывем
У харошым, прыўкрасным,
Надзвычайна дзівосным Сьвеце.

Пэўна ёсьць дзе яго працяг
I срабрыстыя зоры,
I ветлыя галасы,
I анёлы на крылах лятуць…

Ці ж бо хто туды трапіць,
Што забыўся пра прышласьць,
Пра веліч і скруху
I годнасьць сваю прамяняў
На зьнікненьне?

Пашкадуйма апошніх людзей,
Што страцяць Айчыну,
Што ня ўбачаць ніколі
Ні новай Зямлі,
Ні любові,
Ні новага Неба.
Пашкадуйма сябе,
Бо толькі Вера ўратуе нас.

4.06.2014

3 цыклю «Травень» (2016 г.)

* * *

Раньняе сонца і вішневы цьвет
Зноў я ўбачыў у траўні
На схіле жыцьця.

* * *

Белыя вішні цьвітуць,
Зьвісаюць цераз паркан
У чужой краіне.

* * *

Пісаць пра хараство
(Нават сабе) — варта,
Каб ведаць, што праўда жыве.

* * *

Промні бліскочуць у квецені груш.
Ветрык маёвы…
Усё гэта йшчэ існуе.
Толькі надта ж далёка
Апынуўся я ў гэтым сьвеце.

* * *

Вішневы цьвет
У ценю адрыны
Зіхціцца на фоне сьцяны.

Гаварэньне

Вулька доўга гаварыла
Безь перапынку.
I раптам спынілася
I маўчыць.
— Дык няхай Вулячка Далей гаворыць, —
Кажа Віцька, —
Каб здавалася,
Што жыцьцё
не спыняецца.

27.04.2016

Вудачнік

Рыбку ловіць ад гультайства,
Глядзіць на паплавок,
А на выгляд — мудрэц.

27.04.2016

Залёты

А Вулька слова скажа ды й рагоча.
— I сам ня ведаю, як тут быць, —
Думае Віцька.

27.04.2016

Плынь

Жыве тое, што імкнецца да вечнасьці.
Так пабудавана прырода,
Якая ўзнаўляе сябе бясконца.

15.IX.2016

3 цыклю «Травень» (2017 г.)

* * *

У лесе маёвым —
Пад грузам гадоў —
Пачуў я чаромхі пах.

* * *

У травеньскім сьнезе
Бяроза зьбялела —
Як на вясельлі стаіць.

* * *

Што так дзівосна бывае вясной?
Над белым цьвіценьнем кружляе ў паветры
Халодны маёвы сьнег.

9.05.2017. Вільня

* * *

Калі травеньскі сьнег веснавы
Спадаў на пасохлы чарот,
Успомніў я восеньскі вецер.

* * *

Травеньскі сьнег праляцеў…
Даўно-даўно ў юнацтве
Гэтаксама было.

* * *

Нават ня ведаю,
Чаму так сьпявае душа,
Калі ў час веснавы
На цьвітучыя вішні
Апускаецца травеньскі сьнег.

* * *

Майская поўня ўзышла,
Ціхі час,
I пяе салавей.

Каментары56

Цяпер чытаюць

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей3

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей

Усе навіны →
Усе навіны

Як здымалі «Адысею» — такі маштаб уражвае нават Галівуд. Мэту Дэйману і Роберту Пацінсану давялося прайсці праз сапраўдныя выпрабаванні16

Жаночы «Ралан Гарос» выйграла расіянка2

83‑гадовы Пол Макартні зноў узначаліў брытанскі хіт-парад. Гэта для яго ўжо 24‑ты раз7

Беларусам дазволяць мець толькі адну невялікую копанку13

У Цюмені загарэўся буйны НПЗ. Ад Украіны датуль 2000 кіламетраў3

Памёр акцёр Энтані Хэд

На паўднёвакарэйскім тэлебачанні пажартавалі пра магчымы шлюб Мікалая Лукашэнкі і дачкі Кім Чэн Ына11

Бясплатны начлег і ШІ замест гіда. Беларуска праехала тры краіны Еўропы за 16 дзён і €9001

100 балаў на цэнтралізаваным экзамене атрымалі 638 выпускнікоў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей3

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць