Адзін з заснавальнікаў World of Tanks вырашыў стварыць партыю для ўдзелу ў выбарах у Дзярждуму Расіі
Дырэктар па прадукце World of Tanks кампаніі Wargaming Вячаслаў Макараў плануе стварыць партыю для ўдзелу ў рэгіянальных выбарах 2020 года і парламенцкіх 2021-га. Пра гэта Макараў распавёў «Коммерсанту».
Устаноўчы з'езд «Партыі прамой дэмакратыі» запланаваны на 5 сакавіка. У партыю запросяць распрацоўшчыкаў рэгіянальных IT-кампаній.
«У многіх рэгіёнах IT-кампаніі з'яўляюцца найбуйнейшымі падаткаплацельшчыкамі і добра ведаюць пра мясцовыя праблемы», - сказаў Макараў газеце.
Па яго словах, у партыі будзе мабільны блокчэйн-дадатак, на стварэнне электроннай платформы Макараў гатовы выдаткаваць мільён даляраў.
Макараў працуе ў праекце World of Tanks з моманту заснавання, гульня выйшла ў 2010 годзе.
Распрацоўшчык і ўладальнік гульні — беларуская кампанія Wargaming.Net — зарэгістраваная на Кіпры. Уладальнік Wargaming — грамадзянін Беларусі Віктар Кіслы.
Каментары