Крэмль вырашыў пачакаць з прызначэннем свайго пасла ва Украіне да выбараў новага прэзідэнта.
Крэмль вырашыў пачакаць з прызначэннем свайго пасла ва Украіне да выбараў новага прэзідэнта.
Тым самым чарговы раз выказваючы сваю незадаволенасць палітыкай Віктара Юшчанкі.
Д.Мядзведзеў абвінаваціў прэзідэнта Украіны ў распальванні напружанай сітуацыі ў адносінах краін. Верагодна, пад распальваннем варажнечы Крэмль разумее ўпартасць Украіны ў пытаннях транзіту энерганосьбітаў, а таксама нежаданне Кіева працягваць тэрмін арэнды ваенных баз для Чарнаморскага флоту Расіі.
На фоне апошніх непаразуменняў паміж Масквой і шэрагам бліжэйшых саюзнікаў (Беларуссю, Узбекістанам), дыпламатычны канфлікт з Кіевам выглядае як яшчэ адна спроба папалохаць суседзяў. Маўляў, нам не падабаецца прэзідэнт, і мы пачакаем, пакуль ён зменіцца. Аднак наколькі Масква можа ўплываць на ход выбарчых кампаніяў у рэспубліках былога СССР? Нядаўні прыклад парламенцкіх выбараў у Малдове паказаў, што уплыў Расіі на грамадcкую думку постсавецкіх краін меншае. Адпаведна, паставіць «сваіх» прэзідэнтаў таксама можа не атрымацца. Цікава, ці будзе крамлёўская адміністрацыя адклікаць паслоў і з іншых краін, якія паспрабуюць пайсці насуперак жаданням вялікага суседа.
Украінскі бок зрэагаваў на дэмарш рэзка. Кіраўніца Адміністрацыі Юшчанкі Вера Ульянчанка заявіла, што гэта пасланне не прэзідэнту Юшчанку, а ўсёй Украіне і заклікала расійскі бок змяніць спосаб дзеяння.
У адказ на абвінавачванні ў дыскрымінацыі расейскай мовы ва Ўкраіне, яна падала статыстыку колькасці расейскамоўных садкоў, школаў, ПТВ і ВНУ на тэрыторыі Украіны. А таксама адпаведную статыстыку ўкраінскамоўных школаў і ВНУ ў Расіі. У апошняй — нуль.
Некаторыя аналітыкі адзначаюць, што дэмарш Масквы толькі павышае шанцы Віктара Юшчанкі на пераабранне.
Каментары