Грамадства77

«Толькі элементы славянскага паходжання». У Брэсце таксама забаранілі Санта-Клауса, сані, аленяў і папулярныя хіты

Брэсцкія чыноўнікі выпусцілі прадпісанні па афармленні гандлёвых і забаўляльных аб'ектаў. У няміласць трапіў нават Санта-Клаус, піша BGmedia.

Ілюстрацыйнае фота: «Мінск-Навіны»

Брэсцкі гарвыканкам накіраваў прадпісанні ва ўстановы гандлю і грамадскага харчавання з нагоды навагодніх упрыгожванняў.

У дэкоры ўстаноў цяпер вітаюцца выключна «элементы славянскага паходжання», якія «не супярэчаць гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа». Аналагічныя рэкамендацыі раней паступілі і ва ўстановы Мінска.

«У мэтах забеспячэння адзінага падыходу да выкарыстання традыцыйных навагодніх і калядных вобразаў» і «прасоўвання беларускай культуры і традыцый» мясцовыя ўлады рэкамендуюць выключыць выкарыстанне элементаў і вобразаў, не ўласцівых беларускім нацыянальным традыцыям.

Супрацоўніца адной з крамаў на ўмовах ананімнасці расказала пра тое, як яна мела зносіны з чыноўнікам упраўлення ідэалогіі гарвыканкама.

«Я патэлефанавала, каб удакладніць некаторыя дэталі. Усё ж з ліста не зусім ясна, каго можна цяпер ставіць у якасці ўпрыгожвання залы, каго нельга — ну, каб у нас потым не было праблем. З размовы я зразумела, што Дзед Мароз і Снягурка — так, а вось Санта Клаус ужо пад забаронай. Нават сані і алені, на якіх ён ездзіць, могуць выклікаць падазрэнне.

Спачатку я думала, што гэта жарт. Але ўсё пацвердзілася пару дзён праз, калі нас сабралі ўжо ва ўпраўленні гандлю і патлумачылі дакладна так, як мне казаў ідэолаг», — расказала супрацоўніца.

Цяпер работнікі кавярняў і крамаў Берасця вымушаныя ламаць галовы над тым, як, з аднаго боку, не падмануць чаканні наведвальнікаў, а з другога — не трапіць у няёмкае становішча, калі раптам да іх наляціць праверка з выканкама і ўбачыць у дэкоры нейкую неадпаведнасць новым патрабаванням.

«Праблема ж яшчэ і ў тым, што мы заказваем фігуркі казачных персанажаў у Кітаі, паколькі ў Беларусі іх не вырабляюць. Кітайцы робяць так, што не заўсёды адразу адрозніш, дзе Санта, а дзе наш Дзед Мароз: ёсць там барада, няма барады. Ды, уласна кажучы, няма паміж імі ніякай асаблівай розніцы.

Новы год, Каляды — гэта ж сусветныя святы, іх нават у Індыі і ў Японіі адзначаюць. І мы заўсёды ўпрыгожвалі так, каб было цікава і маляўніча. А тут нейкія за вушы прыцягнутыя правілы», — адзначыла работніца гандлю.

Ідэолагі таксама сфарміравалі плэйліст для фонавай музыкі ў гандлёвых цэнтрах і ўстановах. У ім пазначаныя песні як сучасных айчынных і расійскіх выканаўцаў, так і савецкія кампазіцыі — у выкананні «Песняроў», «Верасоў», Валянціны Талкуновай, Вікторыі Алешкі, Анастасіі Краўчанкі і іншых. А вось папулярныя калядныя мелодыі замежных выканаўцаў рэкамендавана выключыць, у крайнім выпадку звесці да мінімуму.

«У нас на карпаратывах вельмі часта кліенты просяць паставіць ABBA Happy New Year або Hark The Herald Angels Sing, I'm Dreaming of a White Christmas і іншыя сусветныя хіты. Але мне ўжо начальства сказала гэтым не захапляцца. Маўляў, калі ўжо вельмі просяць, уключы, але разава.

А прыярытэт павінен аддавацца кампазіцыям тыпу «Белы снег» у выкананні Таісіі Павалій або «Снег кружится» ў выкананні «Самацветаў», «Новогодние игрушки» і да т. п. — ну, увогуле, абы на рускай мове. Дарэчы, на ўкраінскай таксама нельга. У мяне праз гэта ўжо былі праблемы», — расказаў дыджэй аднаго з рэстаранаў Брэста.

Новыя рэкамендацыі закранулі і школы з дзіцячымі садкамі. Напрыклад, у адной са школ у снежні дзеці па традыцыі рабілі калядныя вянкі з хвойных галінак, але цяпер і такія вянкі прызналі «элементамі чужой нам культуры».

Каментары7

  • %
    13.12.2024
    Якія сані з аленямі, вы што !!!! Ступу з мятлой, ды й воз свіньней запражоный
  • Bhagawan
    13.12.2024
    Heta pačynaje pachnuć niejkaj inkvizicyjaj...
  • анатам
    14.12.2024
    Страна, победившая разум...

Цяпер чытаюць

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі2

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы знайшлі ў ДР Конга новы від малпаў. У іх ружова-аранжавыя вусны і чорная морда4

Зламаны аўтамабіль заехаў на эвакуатар, але яго туды падштурхнуў іншы легкавік1

Чаму не варта перастройвацца з паласы ў паласу, калі вы захраслі ў заторы? Тлумачаць матэматыкі2

Зяленскі прапанаваў новую пасаду былому міністру абароны, але той адмовіўся10

«Расія 1» назвала «справай гонару» забойства рэпера Kyivstoner2

На лецішчы пад Смалявічамі знайшлі грыб дзіўнай формы. А вельмі рэзкі пах адчуваецца здалёк1

Матч паміж Англіяй і Аргенцінай прывёў да палітычнага скандалу з-за Фалклендскіх астравоў7

Ва Украіне — новы прэм'ер2

Кіраўнік ЦРУ: Сярэдняя працягласць жыцця расійскага навабранца пасля прыбыцця на поле бою — 20‑30 хвілін4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі2

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць