Сілавікі палохаюць, што атрымалі доступ да ўнутранай базы медыя «Мост». А што насамрэч?
Выглядае, што ў «базе» пералічаныя некаторыя з людзей, якія так ці інакш узгадваліся ў медыя. Інфармацыя пра іх сабраная з адкрытых крыніц, а самі яны знаходзяцца за мяжой у бяспецы.

Тэлеграм-канал, звязаны з беларускімі сілавікамі, апублікаваў табліцу з персанальнымі звесткамі людзей, якія, як сцвярджаецца, у розны час былі звязаныя з медыя «Мост» — як супрацоўнікі ці як героі публікацый. Сілавікі палохаюць людзей з табліцы магчымым крымінальным пераследам «за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
У апублікаваных скрыншотах відаць, што ў табліцу ўнесеныя імёны, фота, біяграфічныя звесткі і спасылкі на сацсеткі людзей. Частка фотаздымкаў узятая з адкрытых фэйсбуку-профіляў. Аналіз спісу паказвае, што ў яго трапілі як былыя супрацоўнікі «Моста» і героі яго публікацый, так і людзі, якія не маюць сувязі з гэтым медыя.
Усе людзі са спісу знаходзяцца па-за межамі Беларусі.
Сярод іх, напрыклад, Ігар Палынскі, які публічна адрэагаваў на допіс і напісаў, што быў сузаснавальнікам «Моста» і галоўным рэдактарам у 2021—2022 гадах, але з канца 2022 года не мае да медыя ніякага дачынення.
У табліцы таксама фігуруе Іван Страшкевіч — былы беларускі памежнік, які пасля 2020 года жыў у Польшчы і Літве. «Мост» некалькі разоў пісаў пра яго гісторыю: у 2023 годзе Страшкевіч апынуўся ў міграцыйнай турме ў Літве, бо літоўскія ўлады палічылі яго пагрозай нацыянальнай бяспецы праз былую службу на беларускай мяжы. Пазней яго перадалі Польшчы.
Яшчэ адзін чалавек са спісу — Максім Сенік, былы работнік «Гродна Азота» і былы палітвязень. У 2023 годзе яго асудзілі па абвінавачаннях у «абразе Лукашэнкі» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». На волю ён выйшаў 13 снежня 2025 года ў складзе групы з іншымі палітвязнямі.
Частка людзей са спісу — публічныя асобы з беларускай дыяспары. Напрыклад, мастачка Таццяна Савіч. Яе працы выстаўляліся ў тым ліку за мяжой, а пасля эміграцыі яна ўдзельнічала ў беларускіх культурных імпрэзах у Беластоку.
Гэта дазваляе меркаваць, што гаворка ідзе пра людзей, якія так ці інакш узгадваліся ў медыя. А інфармацыя пра іх сабраная з адкрытых крыніц, публікацый медыя і сацсетак.
Сам «Мост» — медыя ў Беластоку, якое піша пра беларусаў у Польшчы, эміграцыю, легалізацыю, палітычны пераслед і жыццё дыяспары. У Беларусі сайт «Моста» і звязаныя з ім сацсеткі ў 2023 годзе прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
У рэдакцыі «Моста» сцвярджаюць, што ніякіх уцечак не было. Журналісты называюць апублікаваную інфармацыю правакацыяй і падкрэсліваюць, што не пацвярджаюць сапраўднасць «базы», на якую спасылаюцца сілавікі.
Каментары