Гід-шэрп правёў на Эверэсце шэсць дзён без вады, ежы і запасаў кіслароду. Яго ўдалося выратаваць
29 мая 52‑гадовы гід па імені Дава Шэрпа суправаджаў польскага альпініста пры спуску з Эверэста. Спроба ўзняцца на вяршыню была спынена з-за абмарожання ў паляка.

Па невядомай прычыне шэрп застаўся адзін каля так званай «Жоўтай паласы» — характэрнай скальнай фармацыі. Альпіністы ў выніку дасягнулі свайго лагера, але Дава туды не дабраўся, піша Bild.
Кампанія Himalayan Traverse, у якой працуе шэрп, не накіравала ратавальныя атрады на яго пошукі. Толькі 3 чэрвеня іншая фірма арганізавала пошукавы палёт на верталёце, але безвынікова.
У выніку Дава пачаў спуск у адзіноце. 4 чэрвеня яго знайшла каманда, якая збірала на Эверэсце смецце: нечакана людзі ўбачылі шэрпа, які поўз па зямлі.
Верталёт дастаў знясіленага і атрымаўшага абмарожанні чалавека ў бальніцу ў Катманду. Падчас ратавальнай аперацыі ён ледзь мог гаварыць.
Магчыма, яму ўдалося самастойна пераадолець амаль тры кіламетры.
Паводле звестак The Himalayan Times, вясновы альпінісцкі сезон 2026 года на Эверэсце стаў рэкордным: спробу ўзняцца прадпрынялі 494 альпіністы ў складзе 51 каманды. Пяць чалавек загінулі.
Каментары