Беларускі акцёр-школьнік, які зачытваў «Гой ты, Русь моя, родная», расказаў, як паспеў з'ездзіць у «Артэк»
15‑гадовага Славу Канаразава з Гродна родныя баяліся адпускаць. Але падлетак змог іх пераканаць, што гэтая паездка дапаможа паступіць у тэатральны ўніверсітэт у Маскве.

Школьнік з Гродна марыць быць прафесійным акцёрам. Ён сапраўды шмат плённа працуе дзеля таго, каб дасягнуць пастаўленай мэты. Хлопец скончыў тэатральнае аддзяленне Дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза, грае ў народным моладзевым музычна-драматычным тэатры «Гарадзенская Надзея».

Спрабуе сябе і ў кіно. Нядаўна па НТБ паказалі фільм «Партызаны», дзе Слава грае афіцэра НКУС.

А ў маі ў расійскім кінапракаце выйшаў фільм «Не адна дома 3», дзе беларус сыграў аднаго са старшакласнікаў.

Многім ён запомніўся, калі выклаў відэа, як з надрывам зачытаў «Гой ты, Русь моя, родная», за што адхапіў ад беларусаў.
Слава плануе паступіць у адзін з тэатральных ВНУ Расіі з так званай «залатой пяцёркі» — у прыярытэце ГІТІС і тэатральны інстытут імя Барыса Шчукіна.
Сёлета хлопец удзельнічаў у расійскім Міжнародным конкурсе юных чытальнікаў «Жывая класіка» і выйшаў у фінал, які мусіў адбыцца ў лагеры «Артэк». Сваімі відэа і ўражаннямі адтуль ён дзеліцца ў сацсетках.

Родныя школьніка вельмі баяліся адпускаць яго на акупаваную тэрыторыю, але Слава змог пераканаць іх у тым, што гэта — унікальная магчымасць, ад якой нельга адмаўляцца. Маўляў, сувязяў і блату ў яго няма, таму трэба шукаць любы варыянт пазнаёміцца з людзьмі, якія звязаныя са светам тэатру і кіно.
Патэнцыйная небяспека яго не вельмі хвалявала — нічога ж не адбылося з гасцямі лагера за чатыры гады. А там ужо і важатыя супакойвалі асабліва ўразлівых дзяцей — казалі, што побач усталявана СПА.

Затое перспектыў для сябе хлопец бачыў шмат. Раней пераможцаў «Жывой класікі» без іспытаў бралі ў тэатральны інстытут імя Барыса Шчукіна па патрыятычнай квоце. Цяпер гэтага няма, але ж Слава верыць, што пры паступленні яму паспяховы ўдзел у конкурсе чытальнікаў можа дапамагчы.
З Гродна да Масквы Слава ехаў самастойна (ён быў на змене ў маі). Адтуль ужо ў складзе арганізаванай групы — цягніком да Сімферопаля. Было весела, бо ў вагоне знайшлася нават дзяўчына з гітарай. Таму ўсю дарогу падлеткі спявалі, весяліліся, размаўлялі.

Амаль што апошняя магчымасць нармальна пагаварыць з роднымі была прыблізна за 20 хвілін да Крымскага моста. У Крыме Слава не мог тэлефанаваць з беларускай сімкі. На тэрыторыі лагера быў вай-фай, але гэта асабліва не дапамагала: тэлеграм і інстаграм праз VPN працавалі жудасна.
Хлопца размеркавалі ў дзіцячы лагер «Палявы».
На конкурсе было яшчэ некалькі школьнікаў з Беларусі.
Увогуле, тэма змены Славы гучала як «Нашчадкі Вялікай Перамогі», таму было шмат «патрыятычных» мерапрыемстваў.

У Славы паездка абышлася без прыгод. Але калі іншая група паехала ў Севастопаль на экскурсію, дзеці былі вымушаны хавацца ў бамбасховішча, бо была пагроза абстрэлаў.
Хлопцам у лагеры не хапала ежы — усё было даволі смачнае і карыснае, але ж для падлеткаў недастаткова.
А калі Слава падчапіў прастуду, то асаблівай дапамогі ў медпункце не атрымаў, лячыўся самастойна, трэба было мець свае лекі.

Слава ў выніку паспяхова выступіў у «Артэку» і трапіў на суперфінал конкурсу ў Маскву — выступаў на Краснай плошчы і дэкламаваў «У спісах не значыўся» Барыса Васільева.
Каментары