Данія мае намер спыніць выдачу ДНЖ грамадзянам Украіны, якія не вызваленыя ад вайсковай службы
Урад Даніі паведаміў пра планы спыніць выдачу дазволаў на жыхарства грамадзянам Украіны ва ўзросце ад 23 да 60 гадоў, якія не вызвалены ад вайсковай службы, піша «Настоящее время» са спасылкай на ўрад Даніі.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе Данія прыняла спецыяльны закон, які прадугледжвае часовую абарону для перамешчаных асоб з Украіны. Аднак цяпер урад плануе зрабіць больш жорсткімі правілы атрымання віду на жыхарства, каб украінцы не выкарыстоўвалі гэты механізм для ўхілення ад мабілізацыі ва Узброеныя сілы Украіны.
Змены не закрануць ужо выдадзеныя дазволы на жыхарства. Пры гэтым не ўдакладняецца, ці будуць яны распаўсюджвацца на грамадзян Украіны, якія ў найбліжэйшы час плануюць падаўжаць свае дакументы.
Міністр па справах іміграцыі і інтэграцыі Даніі Мортэн Бёдскаў адзначыў, што Капенгаген «стаіць плячо ў плячо» з Кіевам, таму ўносіць змены ў прыняты раней спецыяльны закон. Паводле яго слоў, «не павінна быць так, каб нашы правілы знаходжання выкарыстоўваліся для ўхілення ад мабілізацыі ва ўкраінскія ўзброеныя сілы».
На пачатак мая 2026 года, паводле афіцыйных даных, у Даніі пражывалі каля 47 600 перамешчаных асоб з Украіны, якія атрымалі дазвол на жыхарства ў адпаведнасці з законам, прынятым у 2022 годзе.
Каментары