Шульман пра Лукашэнку на Валдаі: Нешта там адбываецца, чаго не было раней
Палітолаг Кацярына Шульман у эфіры тэлеканала «Дождж» пракаментавала таямнічы візіт Аляксандра Лукашэнкі да Пуціна на Валдай. На яе думку, адсутнасць уцечак і тое, што сустрэчы зацягнуліся на два дні, сведчаць пра сур'ёзны ціск на Лукашэнку з боку Крамля. Яна кажа, што варта ўважліва сачыць за тым, што адбываецца «на беларускім кірунку».

Шульман спыталі наконт сцэнарыяў эскалацыі вайны Расіі супраць Украіны. Палітолаг тут звярнула ўвагу якраз на беларускі кірунак. Яна сказала, што не хоча разводзіць канспіралогію праз недахоп дадзеных. Але раіць уважліва сачыць за ім.
«Нешта там адбываецца», — мяркуе яна.
На думку Шульман, Масква спрабуе прыціснуць Лукашэнку і пазбавіць яго магчымасці манеўраваць.
Палітолаг звяртае ўвагу, што палітыка адміністрацыі ЗША ў дачыненні да Беларусі прынцыпова адрозніваецца па прадуманасці і эфектыўнасці ад таго, што адбываецца паміж Вашынгтонам і Масквой. Палітыка Беларусі ў адносінах да Украіны таксама не такая, як у Расіі.
Шульман мяркуе, што Пуцін мог выклікаць Лукашэнку альбо з-за прэтэнзій у празмернай лаяльнасці да Кіева, альбо з ультыматумам уступіць у вайну паўнавартасна.
«Там цікава насамрэч. Ці гэтая тактыка мае поспех, ці ўласны інстынкт выжывання Аляксандра Рыгоравіча (які знакаміты сваёй выжывальнасцю) яму падказвае, што трэба неяк адпаўзаць паціху [ад Расіі], ці Украіна намацала нейкае месца, куды можна націснуць… Але там нешта такое робіцца, такое, чаго не было раней», — мяркуе яна.
Яна звярнула ўвагу, што Лукашэнка знаходзіцца два дні на Валдаі без аніякіх, нават без пратакольных фота і відэа.
«Ці выклікалі яго насварыцца за залішнюю канформнасць у адносінах з Украінай? Ці выклікалі яго прыціснуць да сцяны і сказаць: «Усё, будзеш ваяваць з панядзелка, і табе ўжо не адкруціцца»? Не ведаю. Мяркуючы па тым, што аж два дні спатрэбілася, ён, напэўна, выкручваецца. Сіл яму і ўдачы, што тут можна сказаць», — дадала яна.
Каментары
Но, нам, от этого, не легче.....