З 25 мая новых выпадкаў захворвання не рэгістравалася, а апошні пасажыр завяршыў каранцін.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя 'абвясціла, што ўспышка хантавіруса на круізным лайнеры завяршылася. Паводле слоў генеральнага дырэктара СААЗ Тэдраса Адханама Гебрэесуса, апошні пасажыр судна MV Hondius завяршыў перыяд каранціну, атрымаў адмоўны вынік тэсту на хантавірус і вярнуўся дадому, піша Бі-бі-сі.
З 25 мая новых выпадкаў захворвання не рэгістравалася. «СААЗ лічыць успышку хантавіруса завершанай», — дадаў кіраўнік арганізацыі.
Успышка, у выніку якой 13 чалавек заразіліся і трое памерлі, была выклікана вірусам «Анд» — рэдкім штамам хантавіруса.
Нагадаем, што круізнае судна MV Hondius выйшла ў мора з Аргенціны 1 красавіка. 11 красавіка, калі судна знаходзілася ў акіяне паміж Аргенцінай і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай, памёр першы хворы. 26 красавіка ў Ёханэсбургу (ПАР) памерла яшчэ адна пасажырка. 2 мая, зноў на борце судна, памёр трэці пасажыр.
10 мая судна было пастаўлена на прыкол каля порта Тэнэрыфэ. Пасажыры, якіх раней не эвакуявалі па медыцынскіх паказаннях, сышлі на бераг і неўзабаве былі адпраўлены самалётамі ў краіны свайго грамадзянства.
Раней СААЗ паведаміла, што першыя два носьбіты віруса перад пасадкай на судна падарожнічалі па Аргенціне, Чылі і Уругваі. Іх паездка, як адзначала СААЗ, адбывалася «ў межах тура па назіранні за птушкамі, які ўключаў наведванне месцаў пражывання відаў пацукоў, што з’яўляюцца вядомымі пераносчыкамі віруса».
Спецыялісты ў галіне аховы здароўя мяркуюць, што ў гэтым выпадку вірус, магчыма, перадаваўся паміж людзьмі, якія знаходзіліся ў цесным кантакце.
У чацвер СААЗ паведаміла, што 33 краіны і тэрыторыі ўзялі пад назіранне больш за 650 чалавек, якія кантактавалі паміж сабой. Арганізацыя заявіла, што будзе працягваць супрацоўніцтва з урадамі і партнёрскімі арганізацыямі, каб лепш зразумець, як развівалася як гэтая ўспышка, так і хантавірус у цэлым.
Доктар Дыяна Рохас Альварэс з СААЗ, выступаючы на брыфінгу, сказала: «Вірус «Анд» і іншыя хантавірусы па-ранейшаму ўяўляюць пагрозу для грамадскага здароўя ў Паўднёвай Амерыцы і некаторых іншых рэгіёнах, дзе яны з’яўляюцца эндэмічнымі». Эндэмічныя вірусы пастаянна прысутнічаюць у навакольным асяроддзі.
«Нам неабходна і далей адсочваць гэты вірус і рыхтавацца да яго магчымага далейшага распаўсюджвання», — адзначыла прадстаўніца СААЗ.
«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца
Каментары