Культура1212

У Бельгіі памёр беларускі дзеяч Янка Жучка

Радны БНР,  сябра Саюза беларусаў у Бельгіі,  супрацоўнік газэты «Беларус».

Учора ў Бэльгіі памёр Янка Жучка, відны прадстаўнік пасьляваеннай хвалі беларускай эміграцыі на Захадзе, вялікі патрыёт Беларусі і цудоўны чалавек.

Мне пашчасьціла быць асабіста знаёмым са спадаром Жучкам. Спачатку мы пазнаёміліся завочна, лістуючыся адзін з адным у справе кніжкі пра Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, якую я пачаў пісаць у Нью-Ёрку і скончыў дапісваць у Беластоку ў першай палове 1990-х. Янка Жучка быў выпускніком гэтай гімназіі, а значыць, адным з герояў маёй кніжкі.

Потым мы зь ім сустрэліся асабіста, летам 1997 году, калі мы з жонкай выбраліся ў першую нашую паездку па Эўропе. Мы плянавалі, што наведаем Люксэмбург і Бэльгію, пераправімся нейкім паромам у Англію, а потым, як Бог дасьць, можа і ў Дублін, каб папіць ірляндзкага піва ў адным пабе, у якім бываў і Джэймс Джойс, і Леапольд Блюм. Грошай нам хапіла толькі на Люксэмбург і Бэльгію.

Спадар Жучка сустрэў нас на вакзале ў Брусэлі і дапамог уладкавацца ў невялікім гатэлі. Ад яго мы дазналіся, што ў Брусэлі чужаземцу лепш адзывацца па-француску, чым па-нідэрляндзку, таму што францускамоўныя валёнцы зь нідэрляндзкамоўнымі флямандцамі ня вельмі ладзяць. Калі нарвацца зь нідэрляндзкай мовай на нейкага зацятага францускамоўнага, можна і не дагаварыцца. Гэта мяне крыху засмуціла, бо мая француская мова была вельмі кульгавенькая, а па-нідэрляндзку, прынамсі ў той час і ў элемэнтарным абсягу турыстычных тэмаў, я гаварыў больш-менш разборліва. Наш гатэль належаў францускамоўным бэльгійцам.

Сам Янка Жучка быў паліглётам. Ягонае паліглёцтва было прадыктаванае ягоным жыцьцёвым лёсам.

Янка Жучка нарадзіўся ў вёсцы Лучыны Нясьвіскага павету Наваградзкага ваяводзтва даваеннай Польшчы (цяпер Клецкі раён Менскай вобласьці). Як шмат каму зь ягонага пакаленьня, яму часта даводзілася мяняць школы. Ён скончыў 6 клясаў пад Польшчай, потым яго прынялі ў пятую клясу савецкай школы, пад нямецкай акупацыяй ён вучыўся ў сярэдняй тэхнічнай школе ў Клецку, дзе дзейнічаў у Саюзе беларускай моладзі. У 1944 ён выехаў у Нямеччыну.

Пасьля заканчэньня вайны Янка Жучка зарэгістраваўся ў лягеры перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу і паступіў у тамтэйшую Беларускую гімназію, якой кіраваў доктар Аляксандар Орса. Атэстат сталасьці Янка Жучка атрымаў у 1947 годзе, разам з выпускам, у якім былі Янка Запруднік, Кастусь Вайцяхоўскі, Юзэфа Брэчка, Натальля Куліковіч, Уладзімер Цьвірка, Васіль Шчэцька. Пасьля гімназіі Жучка здаў экзамэн у нямецкую вышэйшую тэхнічную вучэльню ў Карлсруэ, але з прычыны вычарпанай квоты для перамешчаных асобаў вучыцца там ня стаў. У 1948 годзе, разам зь сябрамі з Гімназіі, ён выехаў падзарабіць крыху граша ў вугальных шахтах у Англіі (гэты эпізод беларускага эмігранцкага жыцьця вычарпальна апісаў доктар Янка Запруднік у сваёй кніжцы пра гісторыю гэтак званай «Дванаццаткі»).

У 1950 Янка Жучка атрымаў стыпэндыю на вучобу ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі (у гарадку Лювэн побач з Брусэлем), дзе паступіў на палітэхнічны факультэт і закончыў яго з дыплёмам інжынэра-будаўніка. А потым Янка Жучка стаў спэцыялістам у галіне сталёвых канструкцый эўрапейскага маштабу. У 1968–85 гг. ён працаваў у рэдакцыі міжнароднага спэцыялізаванага часопісу «Acier-Stahl-Steel», прысьвечанага выкарыстаньню сталі ў будаўніцве — спачатку як тэхнічны, а потым як галоўны рэдактар.

І ўвесь час ён быў актыўны ў жыцьці беларускай дыяспары на Захадзе —

як рады БНР, як сябра Саюзу беларусаў у Бэльгіі, як супрацоўнік газэты «Беларус».

Калі мы зь ім сустрэліся ў Брусэлі ў 1997 годзе, ён ужо быў на пэнсіі. Але, як мне неаднаразова даводзілася канстатаваць у адносінах да эмігрантаў-беларусаў зь ягонага пакаленьня, ён быў чалавекам надзвычай жыцьцярадасным ды фізычна і інтэлектуальна актыўным. Ён ахвяраваўся звазіць нас з жонкай з Брусэлю ў Бруге, і па дарозе, калі мы завязьлі ў нейкім гіганцкім заторы на аўтастрадзе, ён дакладна нам распавёў, як будуецца аўтастрада і як ён прабіваў у Эўропе ідэю, каб ставіць ветраадводы ўздоўж аўтастрадаў якраз са сталі, а ня зь нейкага іншага матэрыялу.

А потым, пахадзіўшы па вузкіх вулачках Бруге і ўздоўж шматлікіх каналаў «Вэнэцыі Поўначы», як некаторыя яшчэ называюць гэты горад, мы пасядзелі са спадаром Жучкам і ягоным сябруком Аляксеем Арэшкам, таксама эмігрантам, над знакамітым бэльгійскім півам, узгадваючы таго ці іншага знаёмца зь іхнай маладосьці, які патрапіў у маю кніжку пра Беларускую гімназію імя Янкі Купалы.

У мяне тады былі яшчэ пляны працягваць свой досьлед беларускай эміграцыі, і я дамаўляўся са спадаром Жучкам, што праз паўгода ці год я стану пісаць яму і пытацца пра розныя аспэкты жыцьця беларускай дыяспары ў Бэльгіі. «Пішыце, не адкладвайце, пакуль я яшчэ жывы», — казаў тады спадар Жучка. Але лёс распарадзіўся такім чынам, што я яму так і не напісаў, ні праз год, ні праз 10.

Каментары12

Цяпер чытаюць

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч36

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Усе навіны →
Усе навіны

«Прафесійныя спартсмены кансультуюцца са мной». Беларускі тэлекаментатар схуднеў на 50 кілаграмаў7

Ва Удмурціі адбіваюць самую масіраваную атаку БПЛА2

«Можна набыць і ананасы, і бутэлечку IPA». Беларусы ў захапленні ад асартыменту аўталаўкі4

ГУР знішчыла пускавую ўстаноўку С-400 у Крыме і РЛС1

Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы1

У камандаванні ЗША лічаць, што ўдары ў раёне Армуза вычарпалі эфектыўнасць — Axios3

Беларуска адкрыла школу для сляпых дзяцей у індыйскай глыбінцы2

Уначы Белгарад быў атакаваны беспілотнікамі1

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц і залеў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч36

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць