Культура2121

Тут будзе саўна і боўлінг

Журналісты ўпершыню трапілі ў сярэдзіну кляштару бэрнардынаў, які толькі што вызваліла Міністэрства абароны. Унікальны рэпартаж Сяргея Харэўскага, фота Алеся Матафонава.

У кляштарных мурах міжволі апаноўвае трымценьне перад старажытнасьцю. Сюды апошнія паўтара стагодзьдзі не ступала нага навукоўца. Пасьля паўстаньня 1863 г. расейскія карнікі ўладкавалі тут свае кашары, а касьцёл перарабілі на царкву. За саветамі ў мурах сьвятыні разьмяшчаўся архіў, а ў кляштарным комплексе — вайсковая пракуратура. Літаральна месяц таму вайскоўцы пакінулі гэтыя муры. І адразу ж зьявіўся праект прыстасаваньня кляштару пад гатэльны комплекс, які выклікаў шырокі пратэст грамадзтва. А пакуль тое, у кляштары ліхаманкава працуюць археолягі. Дый журналісту з фотакамэрай пашчасьціла трапіць за мур. Парадаксальна: за калючым дротам расейска‑савецкай ваеншчыны захаваўся куток Менску XVII стагодзьдзя, якога і знаку няма ў іншых месцах.

Кляштар бэрнардынаў быў заснаваны па фундацыі 1624 г. краснасельскага старасты Андрэя Кансоўскага і яго брата Яна. Манахам перадаваўся драўляны дом на ўсходнім баку Верхняга Рынку. У 1630‑я бэрнардынцы збудавалі драўляныя касьцёл і канвэнт. Комплекс згарэў у 1644 г. Да 1652 г. былі адбудаваныя ўжо каменны касьцёл Сьв.Язэпа і кляштарны корпус. Пасьля паўстаньня 1863 г. у кляштары разьмясьціліся расейскія вайсковыя кашары, касьцёл перарабілі на праваслаўную царкву. У савецкі час у кляштары была вайсковая пракуратура. Сёлета вайскоўцы пакінулі муры. Цяпер, згодна з праектам, зацьверджаным Менгарвыканкамам, кляштар і касьцёл стануць часткай гатэльнага комплексу. Праект выклікае пратэст грамадзкасьці.

Вось, напрыклад, у двары нас сустракае… магутнае каменнае ядро, што некалі захрасла ў кляштарнай муроўцы. Але спраўна выштукаваны майстрамі мур не паддаўся! Пукатае ядро гэтак і засталося ў сьцяне.

А вось, перад праходам у атвор брамы, над якою месьціцца капліца, бачым вялізарны кантрафорс. Суцэльны, бяз арак і нішаў, складзены з валуноў і цэглы, шырынёю ў некалькі мэтраў! На гэтым цыкляпічным падмурку мусіла стаяць вежа‑званіца, праект рэканструкцыі якое быў складзены яшчэ 200 гадоў таму.

Некалькі кляштарных двароў, злучаных сыстэмаю пераходаў і калідораў, яшчэ прыцярушаныя казарменным саветызмам, але гэтае шумавіньне адпадае хутчэй, чым можна было сабе ўявіць. Па дварах раскіданыя рэшты турэмна‑вайсковае гаспадаркі: батарэі, чарупіны, дыхта нагляднае агітацыі, шыльдачкі з надпісамі па‑беларуску, кшталту «адзіночная камэра» і г. д. Паблукаўшы па калідорах, натрапіў на ўзор інсітнага манумэнтальнага мастацтва: роспіс на пастаральную тэму… Дзіўна бачыць гэты непрэтэнцыйны й шчыры ўзор саматужнае творчасьці невядомага салдата на старажытнай сьцяне…

Але, не зважаючы ні на што, муры сьвятыні дыхаюць самай сапраўднай даўніной. На дзіва, тут перахавалася куды болей памятак мінуўшчыны, чым можна было сабе ўявіць: галерэі й анфіляды перакрытыя крыжовымі скляпеньнямі, лябірынт магутных сутарэньняў сыходзіць глыбока пад зямлю, на паверх ніжэй, пад дарогу. Тут яшчэ можна ўбачыць сьведчаньні савецкага сярэднявечча: сьляпыя камэры‑карцэры, закратаваныя тупікі, сьцянныя шафы для зброі і брутальнага выгляду агульная прыбіральня… проста пад касьцёлам. Пад нагамі шастаюць шэрыя грызуны.

Гэты антураж востра кантрастуе з абстаноўкаю кабінэта вайсковага пракурора, аздобенага пад правінцыйны бардэль: двухспальны ложак, аксаміт, хвальбоны, фіранкі, графіны й вазы, люстэркі й пляфоны, ладная колькасьць пустое шклатары…

Але засталіся й пяты скляпеньняў, старасьвецкія печы, нішы‑аўтарыі і… невыказны, непадробны дух даўніны. Ён і прапаў адсюль за паўтара стагодзьдзі. Што тут будзе далей?

Археолягі Аляксандар Егарэйчанка і Юры Каласоўскі, якія кіруюць тут работамі, хваляцца ўнікальнымі знаходкамі. Проста пасярод двара выяўлены падмурак вялікага будынку, не пазначанага ні на якім зь вядомых плянаў. Верагодна, гэта і ёсьць палац краснасельскага старасты Андрэя Кансоўскага і яго брата Яна, якія ў 1624 г. перадалі бэрнардынам пад рэзыдэнцыю драўляны дом на ўсходнім баку Верхняга Рынку.

Кожны лапік зямлі тут — неацэнны скарб для археоляга. Бо пад культурным слоем часоў пабудовы кляштару, сярэдзіны XVII ст., ідуць магутныя плясты ранейшых эпохаў. А.Егарэйчанка з пэўнасьцю сьцьвярджае, што тут быў і пасад старажытнага Менску XII—XIII ст., пра што красамоўна сьведчаць размаітыя артэфакты, наканечнікі стрэлаў й фрагмэнты старажытнае зброі…

***

На добры лад тут, з вытрыманьнем усіх археалягічных мэтодыкаў (умацаваньне сьценаў раскопаў, прасейваньне грунту, кансэрвацыя знаходак і г. д.), раскопкі мусяць весьціся колькі гадоў… А колькі ў іх ёсьць часу — археолягі ня ведаюць.

Згодна з праектам ўладаў, анасамбль кляштару мае быць перабудаваны ня толькі звонку. Аўтары праекту мяркуюць актыўна выкарыстоўваць падземную прастору для разьмяшчэньня паркоўкі, «спартова‑аздараўленчага, дзелавога цэнтраў».

Ад камэнтароў адносна будучыні ўнікальнага архітэктурна‑археалягічнага ансамблю навукоўцы ўстрымліваюцца. А што да плянаў пабудовы тут гатэлю з паркінгам ды басэйнам, то разводзяць у скрусе рукамі.

Сяргей Харэўскі

На гэтым кантрафорсе мусіла стаяць званіца

Каменнае ядро, што патрапіла ў кляштары мур 300 гадоў таму

Старасьвецкія печы з савецкімі юшкамі

Савецкая готыка: гальюны ў кляштарных сутарэньнях

Фатаздымкі Алеся Матафонава

Каментары21

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны41

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Усе навіны →
Усе навіны

Вы таксама часта чуеце гул у вушах, якога іншыя не чуюць? Навукоўцы знайшлі тлумачэнне3

Зяленскі: На жаль, расійскі бок зноў выбірае вайну1

50 чалавек ехалі на грузавіку праз пустыню Сахара. Грузавік зламаўся, і амаль усе памерлі ад смагі1

У Бразіліі 37‑гадовая жанчына выдавала сябе за 12‑гадовую і трапляла ў прыёмныя сем'і, дзе жыла за чужы кошт7

Кіроўца, які ўляцеў на шалёнай хуткасці ў падземны пераход у Кіеве, перад тым справакаваў чатыры ДТЗ1

Лукашэнка ў Гродне згадаў пра Ціханоўскую ва Украіне і расказаў пра цяжкую долю беларускіх дактароў на Захадзе29

Магілёўскія студэнты зрабілі адкрыццё, разбіраючы даўнюю археалагічную калекцыю1

Загінуў калмыцкі Герой Расіі, які летась праславіўся, дакладваючы Пуціну пра поспехі13

«Выглядае як жарт». У беларускі спісалі 3740 BYN за 6 хвілін у роўмінгу4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны41

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць