Водгукі і лісты
Урастаючы ў дэмакратыю
Сп.Анатоль Сідарэвіч застаўся нязломным прыхільнікам ігнараваньня цяперашняй улады. Ён з зацятай пасьлядоўнасьцю заклікае ня мець ніякіх стасункаў з Лукашэнкам і ягоным атачэньнем. Нават нельга глядзець у іх бок. У мяне асабіста пасьля прачытаньня ягоных выкрывальніцкіх тэкстаў узьнікае пытаньне: ну, а што мы атрымаем ад гэткага непахіснага супрацьстаяньня? Толькі тое, што беларуская культура канчаткова змаргіналізуецца і зробіцца субкультураю малалікай тусоўкі.
Я таксама не лічу “Советскую Белоруссию” саліднай газэтай. Крытыкуючы апазыцыю, яна апускаецца ў такую багну хлусьні, што робіцца агідна. І вось у такое выданьне запрашаюць на працу журналістаў з дэмакратычных, незалежных СМІ. Дзеля чаго? Няўжо сп.Сідарэвіч думае, што ў “СБ” і структурах, якія яе курыруюць, ня ведаюць, хто такі Віктар Корбут? Ведаюць добра. Але прымаюць на працу. Ня думаю, што ў Якубовіча атрымаецца зрабіць зь яго другую Масьлюкову. Застаецца меркаваць, што “СБ” вырашыла паціху мяняць свой імідж і напрамак. А тое ўжо сур’ёзна. Наўрад ці гэткае рашэньне прыняў асабіста галоўны рэдактар. У верасьні на старонках газэты зьявіліся інтэрвію з Адамам Глёбусам, Лявонам Вольскім, якога тут называюць галоўным шоўмэнам Беларусі, акторам Юр’ем Жыгімонтам, кіраўніком самага нацыянальна-патрыятычнага рыцарскага клюбу Беларусі “Княжы гуф” Хведарам Міхеевым і г.д. Прычым ня Корбут тыя матэрыялы рабіў.
Сп.Сідарэвіч можа з ходу аспрэчыць: падкупляюць беларускую творчую інтэлігенцыю. Дзеля чаго? Бо ёсьць скобелевы, мятліцкія… Навошта ім “нацмен” Вольскі?
Сп.Сідарэвіч, трэба меркаваць, прыхільнік дэмакратычнай нацыянальнай рэвалюцыі. Ці то ў выглядзе перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах, ці то больш гвалтоўнай зьмены рэжыму. Мне асабіста ня верыцца ні ў адзін з гэтых варыянтаў. Прынамсі, у найбліжэйшыя 10–15 гадоў. Застаецца іншы шлях – урастаньне ў нацдэмакратыю, сантымэтар за сантымэтрам. Гэткая пасьлядоўная эвалюцыя. Пры гэтым беларушчына мусіць быць вышэйшая за разборкі рэжыму зь Лябедзькам або праблемы беларускай сацыял-дэмакратыі. Нельга нацыянальную культуру рабіць закладніцай палітычнай барацьбы. Бо сёньня палітыкі і незалежныя журналісты дапісаліся да таго, што Мікола Кузьміч зрабіў кепскую справу, стварыўшы аналяг Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Маўляў, тое адбывалася пад пратэкцыяй рэжыму й працуе на ягоны імідж. Тады трэба зганіць і працу Чэслава Сэнюха, які пераклаў Коласаву “Новую зямлю” на польскую мову. Бо, па-першае, той пераклад выдалі кнігай у беларускім дзяржаўным выдавецтве, трэба меркаваць, з дазволу Мінкульту. Па-другое, сп.Сэнюха сёлета афіцыйна запрасілі ў Мір на Дзень беларускага пісьменства. Напэўна, пазвоньваў кілішкамі зь міністрамі. Дык што, не прызнаем і працу шаноўнага варшаўскага перакладчыка, які “запляміўся” сувязьзю з рэжымам?
Выснова вынікае простая: нельга з палітычным драўляным мэтрам абмерваць культурніцкую “тканіну”. Ня ў краме тое робіцца і не ў мануфактуры. А “партыйны сачыніцель” Шамякін гэтак жа нам дарагі, як і ўчорашняя Савецкая Беларусь. Бо зь яе мы ўсе выйшлі.
Алесь Аркуш, Полацак
Вандроўка івацэвіцкіх уніятаў
У агнявы і крывавы верасень 1942 г. нямецка-фашысцкія акупанты, праводзячы апэрацыю “Балотная ліхаманка”, загубілі 676 жыхароў і спалілі ўсе 164 двары вёскі Бабровічы, што на Івацэвіччыне. На Бабровіцкія могілкі, дзе пахаваны астанкі ахвяраў фашызму, прыехалі івацэвіцкія грэка-каталікі. Ля ўніяцкага крыжа айцец Ігар (Кандрацьеў) правёў малебен.
Вяртаючыся назад, івацэвіцкія парафіяне спыніліся ў Целяханах ля закінутых каталіцкіх могілак, дзе пахаваны сьвятар Бабровіцкай грэка-каталіцкай царквы айцец Баляслаў Пачопка – адзін з тых рупліўцаў, што стаялі ля вытокаў адраджэньня ўніяцтва на Палесьсі. У Бабровічы ён прыехаў у 1926 г. У 1930 г. парафію наведалі біскупы Зыгмунт Лазінскі і Мікалай Чарнецкі. Пазьней пад кіраўніцтвам а.Пачопкі сяляне збудавалі ў вёсцы новую царкву, якая падчас карнай апэрацыі фашыстаў на дзіва ўсім ацалела.
Савецкая ўлада як магла зьдзекавалася са сьвятара, усяляк перашкаджаючы яго дзейнасьці. У 1940 г, як кажуць людзі, яго моцна зьбілі бальшавікі, ад чаго ён зьлёг у шпіталь і там памёр. Пахаваў у Целяханах айца Пачопку пробашч мясцовай каталіцкай парафіі ксёндз Тарнатурскі. Царкву ў Бабровічах спалілі “гаспадары” савецкага жыцьця. З касьцёлу ў Целяханах зрабілі склад, а пасьля – кінатэатар. Каталіцкае жыцьцё ў гэтых мясьцінах заглухла.
Намаганьнямі старшыні Івацэвіцкай парафіі Жыровіцкай іконы Маці Божай сп.Вячаслава Гарчакова і былых парафіянаў з Бабровічаў удалося адшукаць на каталіцкіх могілках у Целяханах дакладнае месца пахаваньня а.Баляслава Пачопкі. Яно непадалёк ад магілы маці маршала Канстанціна Ракасоўскага. Тут івацэвіцкія грэка-каталікі паставілі крыж з прозьвішчам сьвятара і датамі яго жыцьця. Айцец Ігар памаліўся. Немудрагелістая мэлёдыя малітваў плыла быццам зь дзяцінства – з куды больш далёкіх часоў, згубленых намі ў мітусьні розных рэвалюцыйных падзеяў. Губляць лягчэй, чым набываць. Сыходзіць прасьцей, чым вяртацца. Але тое, што аплачана душой, застаецца з намі назаўжды.
Алесь Лаўранюк, Івацэвічы
Багушэвіч вярнуўся ў Сьвіраны
Паўторнае ўшанаваньне памяці Францішка Багушэвіча адбылося ў Сьвіранах якраз перад пачаткам новага навучальнага году — 31 жніўня.
Мэмарыяльная шыльда ў гонар Ф.Багушэвіча была ўсталяваная ў Сьвіранах яшчэ ўвесну. Тады зь Менску прыяжджала дэлегацыя на чале з Уладзімерам Содалем, пра мерапрыемства пісалася ў прэсе. Але гэта не спадабалася польскай палітычнай арганізацыі “Акцыя выборча палякаў на Літве”, якая ўбачыла тут пагрозу сваёй “пальшчызьне”. Згодна з вусным распараджэньнем мэра Віленскага раёну Леакадзіі Янушаўскене (яна ж першы намесьнік кіраўніка польскай партыі Літвы) віцэ-мэр раёну Тарэса Парамонава і стараста сянюніі Леанарда Сапкевіч змусілі гаспадароў шыльду зьняць…
Праз паліцыю мэмарыяльную дошку ўдалося знайсьці.
Кіраўніцтва ТБМ Віленшчыны дамовілася з гаспадыняй фальварку, каб на сьцяне ейнага дому ўсталяваць знойдзеную шыльду. Вось гэта і адбылося 31 жніўня 2002 г. Шыльду прыйшлося мне самому вешаць разам з рэдактарам газэты “Рунь” Алегам Мінкіным і гаспадыняй хаты. Да гэтага часу яна памалявала сьцены (шалёўку), наагул падрыхтавалася. І вось на сьцяне ад вуліцы гэтая шыльда была ўсталяваная. Упрыгожаная яна чатырма вазонамі, якія прэзэнтавала сяброўка ТБМ расейка Эўфрасіньня Папова. А ўвесну пад мэмарыяльнай дошкай гаспадыня хаты сп.Стася зробіць клюмбу з кветкамі. Таксама зроблены захады, каб сёлета ў Сьвіранах быў зроблены і крыж Ф.Багушэвічу.
Афіцыйнае ўшанаваньне памяці Ф.Багушэвіча ў Сьвіранах плянуем зрабіць ужо сёлета. Таксама патрэбна ўсталяваць адпаведную дошку і ў Рукойнях, дзе яго хрысьцілі, і ў Вільні на Коннай вуліцы, дзе калісьці жыў Ф.Багушэвіч.
Юры Гіль, Вільня
Вага
Некалькі дзясяткаў чалавек на Крапівенскім полі пад Воршаю 8 верасьня гэта нават лепш, чым некалькі соцень на праспэкце, якіх праз 15 хвілін пахапаюць ды адаб’юць ахвоту прыходзіць туды зноў. Хопіць ставіць мэтай паказаць сьвету, што ў Беларусі дыктатура. Гэта і так усім вядома. Трэба абуджаць нацыянальную сьвядомасьць.
Ясь Балотны, Менск
Віктару Данілаву — 75
29 верасьня ўніяцкая суполка Горадні адзначыла 75-годзьдзе дэкана Беларускай грэка-каталіцкай царквы а.Віктара Данілава. На сустрэчы, якую ладзілі вернікі, прысутнічаў апостальскі візытатар для беларусаў — грэка-каталікоў айцец Сяргей Гаек.
У 1948-м годзе Віктар Данілаў атрымаў два тэрміны за антысавецкую дзейнасьць і адбыў у сталінскім лягеры сем з паловай гадоў. Падчас знаходжаньня за кратамі ён прыняў хрост, а пазьней, выйшаўшы на волю, скончыў сэмінарыю ў Львове і зрабіўся сьвятаром.
З 1967 г. айцец Данілаў пераехаў жыць у Горадню. Пасьля сьмерці ў 1998-м протапрэсьвітэра Беларускай грэка-каталіцкай царквы Яна Матусевіча айцец Віктар стаўся дэканам царквы. У чэрвені 2000 г. ён удзельнічаў у Сусьветным эўхарыстычным кангрэсе, быў узьведзены ў сан протапрэсьвітэра і меў асабістую сустрэчу зь Янам Паўлам ІІ.
Уніяцкую суполку ў Горадні а.Віктар арганізаваў у 1992-м. Штогод вернікі выпраўляюцца на сустрэчы з уніятамі іншых краінаў. Так, налета яны паедуць ва Ўкраіну, у Чарнаўцы, на сьвяткаваньне 110-й гадавіны патрыярха Ўкраінскай уніяцкай царквы Восіпа Сьляпога.
Андрэй Мялешка, Горадня
Справа ня ў трэнэрах
Прачытаў у “НН” ад 13 верасьня нататку “Малафееў ці не Малафееў”, і крыўдна стала за беларускі футбол і беларускіх трэнэраў. Чытаючы матэрыял, можна прыйсьці да высновы, што ўсе яны — фуфло, сапраўдныя ж спэцыялісты на Захадзе, дзе Фэргюсон, Ліпі, Фёлер ды інш.
Назаву некалькі трэнэрскіх прозьвішчаў, каб абвергнуць гэткія ўяўленьні: Юры Пунтус, трэнэр “БАТЭ”, флягмана нашага футболу, і “маладзёжкі”, якая, у адрозьненьне ад нацыянальнай зборнай, перамагла галяндцаў; Сяргей Саладоўнікаў – яшчэ зусім малады спэцыяліст з гарадзенскага “Нёману”; Анатоль Байдачны, які бадзяецца ў пошуках сваёй каманды па Расеі; Вячаслаў Акшаеў, што зь віцебскім “Лякаматывам” адзіны даваў адпор менскаму “Дынама” ў першых чэмпіянатах краіны, а летась прывёў бабруйскую “Белшыну” да чэмпіёнства; Валеры Стральцоў, шэры кардынал беларускага футболу, несправядліва абражаны сп.Шыдлоўскім. А сьпіс жа можна працягнуць: Людас Румбуціс, Анатоль Юрэвіч, Андрэй Зыгмантовіч, Якуб Шапіра і інш.
Адказнасьць за паразы беларускіх клюбаў на міжнароднай арэне ляжыць найперш не на трэнэрах, а на футбольных чыноўніках. Яшчэ адна прычына – фатальнае безграшоўе. Пакуль фінансаваньне спорту ня будзе кардынальна зьмененае, разьлічваць на посьпех футбалістаў наіўна. Калі зборная яшчэ што і выцісьне дзякуючы легіянэрам, дык нашыя клюбы застануцца “хлопчыкамі для біцьця” на эўрапейскай арэне. Трэнэры ж зьяўляюцца закладнікамі гэткага становішча.
Што датычыць палемікі вакол Малафеева, то лічу, што ён нашай зборнай яшчэ ня раз дапаможа.
Зьміцер Панкавец, Кастрыца (Барысаўшчына)
А як мусіць адпачываць прэм’ер?
Праглядаючы ранейшыя нумары “НН”, я засяродзіла ўвагу на нататцы, надрукаванай са спасылкай на радыё “Свабода” ў №27 за 19 ліпеня пад назвай “Навіцкі сьпіць за 100 даляраў”.
Не камэнтуючы гэтага матэрыялу, хацела б адразу запытаць у аўтара: а як павінны адпачываць кіраўнікі нашай краіны? Як бы адпачываў ён сам у гэтым выпадку? Няхай адкажа. Ці, можа, ён трымаецца тэзысу “Цывілізаваным шляхам мы ня пойдзем! Гэта няхай кіраўнікі ўсіх іншых краін адпачываюць па-людзку, а мы будзем па-пралетарску, бо ў нас свой напрамак”? А мо хопіць кіравацца бальшавіцкім лёзунгам “Хто ня з намі, той супраць нас” і корпацца ў быце кіраўнікоў, вышукваючы нэгатыўшчыну? Мо прыйшла пара не цкаваць, а падтрымліваць прафэсійных працаўнікоў, якія прыносяць карысьць Беларусі?
Трэба памятаць, што нельга аддаваць сілы злу і пры гэтым пажынаць дабро. Цікава, які адпачынак для кіраўнікоў дзяржавы прадугледжвае БНФ у свёй праграме “Эўрадабрабыт”?
Раіса Прошына, Магілёў
Каментары