Андрэй Расінскі. Кадры1212

«Груз 200»

Настальгуеце па СССР? Занудзіліся па камунізьме? Схадзіце на новы фільм Аляксея Балабанава. З блогу Андрэя Расінскага.

Настальгуеце па СССР? Занудзіліся па камунізьме? Схадзіце на новы фільм Аляксея Балабанава. З блогу Андрэя Расінскага.

posterГруз 200 (Груз 200)
Расея, 2007, каляровы, 90 хв.
Рэжысэр: Аляксей Балабанаў
Ролі выконваюць: Агнія Кузьняцова, Аляксей Палуян, Леанід Громаў, Аляксей Серабракоў, Леанід Бічэвін, Натальля Акімава, Юры Сьцяпанаў, Міхаіл Скрабін, Аляксандар Башыраў, Валянціна Андрукова, Анжаліка Няволіна
Жанр: Драма
Узроставае абмежаваньне: З 21 года
Адзнака: 8 (з 10)

1984 год. Выкладчык навуковага атэізму (Леанід Громаў) па дарозе ў Ленінск трапляе на “самагонны” хутарок, дзе ўсчынае спрэчку з гаспадаром (Аляксей Серабракоў). Пасьля на хутарок завітаюць дачка сакратару райкаму (Агнія Кузьняцова) з захмялелым сябрам-фарцоўнікам. А зусім побач – маньяк-міліцыянт, які згвалтуе легкадумную гераіню гарэлачнаю бутэлькай…

У карціне Аляксея Балабанава залімітныя жахі і залімітны гумар. Але карціна Аляксея Балабанава – ня трэш.

posterПаабшарпаныя пад’езды, дэфіцыт, страхалюдныя індустрыяльныя ляндшафты, што нявечаць цела й душу. Смуродзяць трубы, на кухнях асьцярожна шэпчуцца месьцічы.

Самалёт штотыдзень прывозіць целы забітых – “груз 200”, а ў чэрава машыны подбегам загружаецца чарговае гарматнае мяса.

Настальгуеце па СССР? Занудзіліся па камунізьме? – Атрымайце напаўдохлага Чарненку ў тэлевізары і маньяка ў пагонах за вашым акном. Толькі не забывайце – што “мухі ў нас”.

Але фільм Балабанава – не чарнуха.

“Груз 200” – бадай, найлепшая стужка Аляксея Балабанава.

Рэжысэр наводмаш б’е па сацыяльнай памяці, нахабна выкарыстоўваючы мэлёдыі 80-ых (парадаксальны саўндтрэк – аўтарская прэрагатыва Балабанава). Навязьлівая песьня пра магноліі, саладжавая “Волагда” “Песьняроў” – якіх пасьля звыродна-гратэскнай сцэны слухаць ужо немагчыма, нішчымна-лірычная “Трава” “Зямлянаў” – падкрэсьліваюць духоўны распад. А праезд капітана Журава пад музыку Юрыя Лазы заткне за пояс знакамітага “Брата” і скандальную “Маленькую Веру”.

Напрыканцы фільму, як і ў “Асьсе” гучыць гурт “Кіно”, але гэта не прыносіць палёгкі.

Карціна ня мае сантымэнтаў да маладога пакаленьня.

posterПадонак-фарцоўнік з саколачкай “СССР” – гэта былое й прышлае савецкай эпохі. Гэта сёньняшні дзень, калі дзелавыя камсамольцы сталіся багацеямі, а капітаны Журавы пайшлі на павышэньне. Савецкі саюз сканаў, але ягоныя нашчадкі – мільёны й мільёны – дасюль не пакаяліся і камфортна жывуць з атрутай у душы.

Карціна магла бы разгортвацца ў пуцінскай Расеі (пра Беларусь я й не заікаюся) – і многія ўспрынялі стужку, як мэтафару. 1984 год – год Оруэлаўскага кашмару. Але пасьля 1984 заўжды наступае 1985 – і 1991, і будучыня былых савецкіх аскепкаў застаецца непрадказальнай. Балабанаў слынны сваімі кінапрароцтвамі – але й ня гэтае самае каштоўнае ў фільме.

Рэжысэр просталінейна задае плянку: сама высокі судзьдзя – Бог.

posterХацелі зьнішчыць Бога, пабудаваць камунізм? Цяпер глядзіце на сьмерць – духоўную і фізычную. Міліцэйскі маньяк зьнішчае целы, “навуковы атэіст” – разлагае душы. І родавыя гнёзды іхнія па суседзтве: від з вокнаў аднолькавы.

Напрыканцы стужкі зьляканы атэіст (тыповы савецкі інтэлігент!) прыбягае ў царкву пахрысьціцца. Так, на ўсялякі выпадак…

Канвульсіі нянавісьці, смачнае відовішча граха – якое забыць немагчыма, асьцярожны, з-пад ілба, позірк на неба, глядацкі шок…

Толькі ці трэба Богу такое сьведчаньне?

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Каментары12

Цяпер чытаюць

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку8

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Усе навіны →
Усе навіны

Грунвальдскі музей адказаў на просьбу беларусаў паставіць на полі бел-чырвона-белы сцяг25

Парламент Францыі прыняў закон аб эўтаназіі, нягледзячы на супраціў многіх дэпутатаў3

Зяленскі прапанаваў Сяргея Карэцкага на пасаду прэм'ера Украіны2

Чаму кароткая праграма пральнай машыны не найлепшы выбар3

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы12

Дзікія коні ў Валожынскім раёне хаваюцца ад спёкі на аўтобусным прыпынку ВІДЭА5

Дзяўчынка дапамагала бацьку секчы дровы, і гэта каштавала ёй двух пальцаў7

Ад удару дронам загінуў галоўны інжынер Запарожскай АЭС

Зяленскі адстаўляе папулярнага маладога міністра абароны. У таго не было ўзаемаразумення з Сырскім34

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку8

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць