«Калі памром, то разам». Жонка мужчыны, якога ледзь не засмактала ў ілюмінатар самалёта Ryanair, расказала пра перажытае
Жанчына, якая трымала за ногі свайго мужа, калі яго ў мінулую пятніцу ледзь не засмактала галавой наперад у ілюмінатар самалёта Ryanair, расказала, што ягоныя «правае плячо і галава былі звонку самалёта», піша Бі-бі-сі.

Святлана Грковіч-Максімавіч, якая падарожнічала са сваім мужам Любішам Каравічам з Салонікаў (Грэцыя) у Мемінген (Германія), расказала Сербскай службе Бі-бі-сі, як двое іншых пасажыраў дапамаглі зацягнуць яго назад усярэдзіну пасля амаль дзвюх хвілін барацьбы.
«Мы ўдваіх зацягнулі яго назад, — сказала яна. — Увесь яго твар быў дэфармаваны, а з носа і рота лілася кроў».
У размове з сербскім выданнем Nova яна дадала: «Я адразу зрэагавала і схапіла яго за ногі. Я падумала: «Калі мы памром, то памром разам».
Муж і жонка вярталіся з адпачынку ў Салоніках, паведамляюць сербскія СМІ.
Максімавіч таксама расказала грэчаскаму грамадскаму вяшчальніку ERT, што, падобна, частка рухавіка самалёта адарвалася, разбіўшы ілюмінатар побач з яе мужам і выклікаўшы дэкампрэсію ў салоне. Іншыя пасажыры таксама паведамлялі, што чулі гук, падобны да выбуха.
Тэхнічны дарадца, наняты сям'ёй, мяркуе, што інцыдэнт пачаўся з паломкі правага рухавіка самалёта, у выніку чаго абломкі ўдарылі і разбілі ілюмінатар, што прывяло да хуткай страты ціску ў салоне. Гэтая ацэнка пакуль не пацверджаная следчымі.
Раней пасажыры расказвалі мясцовым СМІ, што Каравіч заставаўся прышпіленым рамянём бяспекі, што дапамагло людзям на борце ўтрымаць яго, пакуль ягоныя галава і плечы знаходзіліся звонку.
Максімавіч адзначыла, што яе 61‑гадовы муж быў «цяжка паранены і знаходзіўся ў стане шоку».
«Для мяне галоўнае, што ён жывы… Ягоная рука асабліва моцна пашкоджаная, таксама ў яго апёкі. Ён не можа размаўляць і не памятае ўсяго здарэння», — сказала яна.
Яна расказала ERT, што «як толькі ён чуе пра самалёты, яго пачынае трэсці», дадаўшы:
«Я таксама ў вельмі дрэнным псіхалагічным стане… Я баялася за наша жыццё. Баялася, што самалёт упадзе».
Максімавіч падзялілася, што не можа перастаць думаць пра тое выпрабаванне.
«Я ўвесь час нечым занятая, каб адцягнуць думкі ад таго, што адбылося, але гэтыя вобразы проста не сыходзяць. Учора я зайшла ў ліфт і раптам адчула жудасную задышку, — сказала яна. — Цяпер пытанне ў тым, ці сядзем мы калі-небудзь зноў у самалёт».
Рэйс Ryanair знаходзіўся ў паветры каля 10 хвілін, як паказваюць даныя трэкінгу, пасля чаго рэзка знізіўся на 2700 метраў.
У заяве Ryanair гаворыцца, што іх пятнічны ранішні рэйс з Салонікаў у Мемінген вярнуўся «неўзабаве пасля ўзлёту з-за таго, што падчас палёту зрушыўся пасажырскі ілюмінатар».
«Самалёт прызямліўся ў звычайным рэжыме, і пасажыры вярнуліся ў тэрмінал. Адзін пасажыр звярнуўся па медыцынскую дапамогу і атрымаў яе на зямлі ў Салоніках», — паведаміла ірландская бюджэтная авіякампанія.
«Мы адразу зразумелі, што адбылася дэкампрэсія. Пачуліся крыкі… На імгненне я падумала, што хтосьці выпадкова адчыніў аварыйны выхад», — расказала Radio Thessaloniki іншая пасажырка, Хрысціна.
Яшчэ адна пасажырка, Сафія, падзялілася з Radio Thessaloniki:
«Мы думалі, што самалёт падае. Дэкампрэсія была экстрэмальнай. Здавалася, што мы не можам дыхаць. Паранены мужчына сцякаў крывёй і некалькі разоў губляў прытомнасць, хутчэй за ўсё, з-за недахопу кіслароду і шоку».
Самалёт, якому, як мяркуецца, было 18 гадоў, эксплуатаваўся даччынай кампаніяй Ryanair — Malta Air.
Аператар аэрапорта Салонікаў Fraport Greece паведаміў, што
«інцыдэнт на гэты момант расследуецца Грэчаскім упраўленнем па расследаванні бяспекі на паветраным і чыгуначным транспарце».
Паводле паведамленняў мясцовых СМІ, 61‑гадовы мужчына ўсё яшчэ знаходзіцца ў бальніцы, пакуль працягваецца расследаванне прычын здарэння.
Паколькі самалёт быў амерыканскай вытворчасці Boeing 737-800, а інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Паўночнай Македоніі, у расследаванні дапамагаюць спецыялісты з некалькіх міжнародных авіяцыйных ведамстваў, у тым ліку прадстаўнікі кампаніі Boeing, Федэральнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі ЗША (FAA) і Еўрапейскага агенцтва па бяспецы палётаў (EASA).
Каментары