Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч стаў лаўрэатам Франка-нямецкай прэміі
Узнагароджанне праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча Франка-нямецкай прэміяй за правы чалавека і верхавенства права адбылося яшчэ 10 снежня 2025 года, аднак у мэтах бяспекі імя праваабаронцы тады не было афіцыйна апублікавана сярод 15 уганараваных праваабаронцаў з усяго свету, піша «Вясна».

Варта адзначыць, што раней гэтай прэстыжнай узнагародай ужо былі адзначаныя беларусы: старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі (2019 г.) і былы старшыня Беларускага хельсінскага камітэту, нябожчык Алег Гулак (2021 г.).
Валянцін Стэфановіч быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года падчас масавага пераследу праваабаронцаў у Беларусі. У сакавіку 2023 года суд прызначыў яму дзевяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па сфабрыкаванай палітычна матываванай справе. 19 сакавіка 2026 года Валянціна разам з іншымі палітвязнямі памілавалі пасля візіту Джона Коўла, спецпасланніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Франка-нямецкая прэмія за правы чалавека і верхавенства права заснавана ў 2016 годзе міністрамі замежных спраў дзвюх краін. Яна штогод прысуджаецца праваабаронцам, журналістам і актывістам з усяго свету за выбітны ўклад у абарону дэмакратычных каштоўнасцяў і верхавенства закона, часта ва ўмовах сур'ёзнай асабістай рызыкі.
Каментары