Зняволены кіраўнік ZROBIM architects прадае чарговую маёмасць — участак пад турыстычны комплекс на Вілейцы
У сацсетках сузаснавальніка вядомага архітэктурнага бюро ZROBIM architects Андрэя Макоўскага (вядомага як Андрусь Bezdar), які знаходзіцца ў СІЗА, з’явілася новая аб’ява. Гэтым разам да продажу прапануецца надзел пад турыстычны комплекс на беразе Вілейкі.

Згодна з допісам у акаўнце, які вядзе яго жонка Алена, гаворка ідзе пра перспектыўную пляцоўку для развіцця турызму: «Сябры, прадаю ўчастак пад Nomad House на Вілейцы! Вельмі прыгожае месца на беразе ракі. Я бачу ў гэтай зямлі велізарны патэнцыял і буду рады, калі там пабудуецца значны для Беларусі турыстычны аб’ект».
Зацікаўленым прапануюць пісаць у дырэкт.
Гэта ўжо не першы буйны аб’ект, які Андрэй Макоўскі вымушаны выставіць на продаж пасля свайго арышту.
У чэрвені 2026 года ў ягоных сацсетках з’явілася аб’ява аб продажы недабудаванай вілы на тайландскім востраве Пхукет у элітным комплексе Botanica Pru Jampa.
Пераслед кіраўніцтва і супрацоўнікаў ZROBIM architects пачаўся ў красавіку 2026 года. Тады сілавікі затрымалі каля 50 чалавек, а само папулярнае архітэктурнае бюро абвінавацілі ў атрыманні «няўлічанага прыбытку» на суму 6 мільёнаў даляраў і выплаце заробкаў у канвертах. Агульную шкоду бюджэту ацанілі больш як на 5 мільёнаў рублёў.
Сам Андрэй Макоўскі застаўся пад вартай. Пазней у яго акаўнце з’явіўся паведамленне «Прывітанне з СІЗА! Плаціце падаткі цалкам, рабяты».
Сацсеткі ад яго імя працягвае весці, як выглядае, жонка Алена. Кампанія ZROBIM architects пры гэтым пакуль працягвае сваю працу.
Каментары