Навукоўцы: жанчыны дасягаюць «крытычнай кропкі» фертыльнасці прыкладна ў 49 гадоў
Найноўшыя навуковыя даследаванні сведчаць пра тое, што жанчыны старэйшага ўзросту маюць менш шанцаў на паспяховае лячэнне бясплоддзя, нават калі яны выкарыстоўваюць яйцаклеткі маладых донараў. Выразнае зніжэнне эфектыўнасці ЭКА назіраецца прыкладна з 49‑гадовага ўзросту. З падрабязнасцямі знаёміць BBC.

Доўгі час у рэпрадуктыўнай медыцыне лічылася, што галоўная прычына ўзроставага зніжэння фертыльнасці — старэнне яйцаклетак. Таму выкарыстанне донарскіх яйцаклетак ад маладых жанчын разглядалася як спосаб у пэўнай ступені абысці біялагічны гадзіннік.
Аднак новае даследаванне італьянскіх спецыялістаў, вынікі якога былі прадстаўлены на штогадовым кангрэсе Еўрапейскага таварыства рэпрадукцыі чалавека і эмбрыялогіі (ESHRE) сведчыць, што ўсё значна складаней. Яно паказвае, што з узростам пагаршаецца не толькі якасць яйцаклетак, але і стан самой маткі, якая павінна прыняць і забяспечыць развіццё эмбрыёна.
Што паказала даследаванне
Навукоўцы прааналізавалі вынікі лячэння 1774 жанчын, якія праходзілі экстракарпаральнае апладненне (ЭКА) з выкарыстаннем донарскіх яйцаклетак.
Сярод жанчын ва ўзросце 35‑40 гадоў цяжарнасць пасля такой працэдуры наступала ў 54% выпадкаў. У жанчын, якім было 49 гадоў і больш, гэты паказчык зніжаўся прыкладна да 43%.
Яшчэ больш прыкметнай была розніца ў колькасці выпадкаў, якія заканчваліся нараджэннем жывога дзіцяці. Калі ў групе 35‑40 гадоў гэта адбывалася ў 46% працэдур, то ў жанчын ва ўзросце 49 гадоў і больш — у 32%.
Адначасова ўзрастала і рызыка страты цяжарнасці. У жанчын пасля 49 гадоў выкідышы адбываліся ў 38% выпадкаў супраць 24% у групе 35‑40 гадоў.
Пры гэтым, калі ўлічыць перанос усіх атрыманых эмбрыёнаў, верагоднасць нараджэння жывога дзіцяці складала каля 80% у жанчын 35‑40 гадоў і 62,5% у жанчын ва ўзросце 49 гадоў і больш.
Справа не толькі ў яйцаклетках
Аўтары даследавання лічаць, што прычына крыецца ва ўзроставых зменах эндаметрыя — слізістай абалонкі маткі, у якой замацоўваецца эмбрыён і развіваецца цяжарнасць.
Таўшчыня эндаметрыя ў жанчын розных узроставых груп амаль не адрознівалася, аднак яго функцыянальны стан пагаршаўся з узростам. Менавіта гэта, на думку даследчыкаў, можа тлумачыць, чаму нават выкарыстанне маладых донарскіх яйцаклетак не дазваляе цалкам пераадолець наступствы старэння рэпрадуктыўнай сістэмы.
Аўтары даследавання падкрэсліваюць, што гэтыя вынікі не павінны адбіваць у жанчын жаданне звяртацца да донарскіх яйцаклетак. Эфектыўнасць такога лячэння застаецца даволі высокай нават у старэйшым узросце. Аднак пацыенткі павінны разумець, што гэтая методыка не можа цалкам кампенсаваць узроставыя змены рэпрадуктыўнай сістэмы, асабліва пасля 49 гадоў.
Чаму гэта важна
Даследчыкі спадзяюцца, што ў будучыні ўдасца распрацаваць спосабы, якія дазволяць прагназаваць, прадухіляць або змяншаць наступствы старэння маткі. Гэта можа зрабіць лячэнне бясплоддзя больш эфектыўным.
Незалежныя эксперты заклікаюць не ўспрымаць 49 гадоў як абсалютную мяжу. Яны падкрэсліваюць, што стан маткі і яечнікаў у розных жанчын аднаго ўзросту можа істотна адрознівацца, таму кожны выпадак патрабуе індывідуальнай ацэнкі.
Адна з пацыентак, брытанка Шэрон Маршал, расказала BBC, што нарадзіла дачку ў 46 гадоў пасля шасці гадоў беспаспяховых спроб ЭКА. Да гэтага яна двойчы страціла цяжарнасць і змагла зацяжарыць толькі з сёмай спробы.
Паводле яе, гісторыі знакамітасцяў, якія нараджаюць дзяцей пасля 45 ці нават 50 гадоў, ствараюць уражанне, што зрабіць гэта адносна проста. Насамрэч жа многія жанчыны праходзяць праз гады лячэння, няўдалыя спробы і цяжкія псіхалагічныя перажыванні.
«Давайце будзем шчырымі з жанчынамі наконт таго, з якімі цяжкасцямі яны могуць сутыкнуцца і наколькі складана можа быць зацяжарыць у старэйшым узросце. Мы заслугоўваем таго, каб ведаць пра гэта», — сказала яна.
Жанчыны ад прыроды непрыстасаваныя нараджаць на спіне, але гэты спосаб родаў стаў стандартным, каб было зручна мужчынам
У Брытаніі ўпершыню нарадзілася дзіця пасля перасадкі маткі ад памерлай донаркі
Гамяльчанка стала сурагатнай мамай, каб забяспечыць сваё дзіця, а былы муж адсудзіў большую частку ганарару
Пацяпленне клімату робіць цяжарнасць больш рызыкоўнай
Каментары
не, это же женщины придумали себе такое перверсивное развлечение, решаться на детей хотя бы в зрелом возрасте
противно это все слушать, интеллектуалы недоделанные