«Вам няма куды людзей дзяваць». Лукашэнка натхняў узбекаў засяляць апусцелую Магілёўшчыну
Падчас працоўнай паездкі ў Аршанскі раён Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся да пытання запрашэння на працу ў Беларусь шматлікіх рабочых з Узбекістана. Тым больш што акурат пад гэты час быў падгаданы і візіт у рэгіён хакіма (кіраўніка) узбекістанскай Андыжанскай вобласці Шухратбека Абдурахманава.

Лукашэнка параіў узбекскаму госцю не абмяжоўвацца тэрыторыяй Віцебшчыны, а ісці адразу засяляць і дэпапуляваны паўднёвы ўсход Магілёўшчыны.
«Ты на Віцебскай вобласці асабліва не зацыклівайся. У нас ёсць цэлы Паўднёвы Усход з канкрэтнай праграмай. Мы яе адмяняць не будзем. Пернікі і іншае, ільготы — Паўднёвы Усход Магілёўскай вобласці, дзе таксама людзей… Але землі там лепшыя, чым у яго. Таму ты таксама паглядзі. Там проста вось у яго, проста Паўднёвы Усход! Там бяры ўсю тэрыторыю, вырабляй. Там галоўныя — людзі».
Калі ж Шухратбек Абдурахманаў сказаў, што раней Лукашэнка сам яго накіроўваў працаваць з Віцебскай, той яго не стаў і слухаць:
«Гэта правільна ты зрабіў. А далей… Ну што табе гэтыя 7 ці 8 раёнаў? Трэба паглядзець і Паўднёвы Усход. У чым мая цікавасць? Людзі. Там няма столькі людзей, а вам няма куды людзей дзяваць. Асабліва ў Андыжанскай вобласці. Няхай прыязджаюць і працуюць. Таму і ў Віцебск, і там. Але гэта мы павінны вызначыцца. Урад зараз займаецца, каб вам на стол пакласці, колькі чалавек трэба, якія кадры павінны быць і іншае. Не ўмеюць — няхай вучаць. Яны навучаць тут іх хутка, за паўгода. І ў Віцебскай вобласці таксама. Галоўнае, каб было жаданне».
9 ліпеня падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева Беларусь і Узбекістан падпісалі міжурадавае пагадненне аб арганізаваным наборы і працаўладкаванні грамадзян Узбекістана для часовай працы ў Беларусі.
Каментары
Ух, дикота!