У Беларусь вернецца карціна мастака Парыжскай школы Якава Балглея
Ініцыятыва Maldzis выкупіла карціну «Партрэт жанчыны» выхадца з Беларусі Якава Балглея. У будучыні твор мастацтва будзе перададзены на радзіму мастака — у Музей гісторыі Брэста.

Ініцыятыва Maldzis 13 ліпеня ў Варшаве прадставіла чарговы твор, выкуплены для перадачы ў будучыні ў беларускі музей, піша Радыё Свабода.
Гэтым разам на аўкцыёне ў Германіі беларусы выкупілі карціну прадстаўніка Парыжскай школы Якава Балглея «Партрэт жанчыны».
Якаў Балглей нарадзіўся ў 1891 годзе ў Брэсце ў сям’і равіна. Вывучаў медыцыну ў Санкт-Пецярбургу, вучыўся ў Адэскай малявальнай школе імя Грэкава. У 1911 годзе пераехаў у Парыж, дзе навучаўся архітэктуры і філасофіі. Як і многія іншыя маладыя мастакі Парыжскай школы, Якаў Балглей жыў у вядомай камуне «Вулей». У 1920 годзе паступіў у Школу дэкаратыўнага мастацтва.
Павал Мацукевіч падкрэслівае, што Балглей апынуўся на Парнасе і стаў адным з яскравых прадстаўнікоў Парыжскай школы.
«Ягоныя афорты былі прызнаныя аднымі з лепшых. А ў Беларусі гэтае імя мастака застаецца невядомым: падзеі ХХ стагоддзя аказаліся мацнейшымі за нашу памяць. Якаў Балглей памёр даволі маладым, у 43 гады. Пасля яго засталіся карціны, раскіданыя па свеце. Сённяшняя падзея вельмі важная, бо вяртаецца імя мастака родам з Брэста. Ён быў часткай гісторыі сусветнага мастацтва.
А беларуская культура стваралася прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей. На жаль, мы не ведаем, адкуль родам гэтая жанчына, не ведаем яе імя. Ведаем толькі, што намаляваная яна ў Парыжы паміж 1920‑м і 1930‑м гадамі. Набылі карціну мы ў Германіі на аўкцыёне. І гэта імя — Якава Балглея — вяртаецца да нас», — кажа Павал Мацукевіч.
Ён падзякаваў беларусу Паўлу Сенчанку ды іншым мецэнатам, якія пажадалі застацца непублічнымі і перадалі свае асабістыя сродкі на набыццё карціны. У будучыні «Партрэт жанчыны» будзе перададзены ў Музей гісторыі Брэста.
«Гэтая маладая жанчына стане сімвалам вяртання дадому. Як іншая карціна нашага славутага земляка стала сімвалам пратэсту ў 2020 годзе», — перакананы Павал Мацукевіч.
Каментары
- каму дэ-факта належыць твор цяпер? Гэта фізічная асоба, ці прадпрыемства Астапені? Хто фактычны ўласнік?
- "у будучыні твор будзе перададзены" - гэта ў якой будучыні? Якія ўмовы трэба выканаць (і каму?), каб твор быў перададзены? Ці ёсць нейкія рамкі ў часе? Канкрэтней, калі ласка.
- ці ёсць нейкая адказнасць фактычнага ўласніка за невыкананне абяцанняў перадаць твор? Якая? Якім юрыдычным дакументам яна зафіксавана?
Пытанні і адказы на іх важныя. Інакш даволі вялікая рызыка, што атрымаецца абяцанка-цацанка.