193 беларускія гарады на адным партале: запрацаваў сайт Regiony.by
У байнеце з'явіўся сайт Regiony.by, прызначаны дапамагчы абдзеленым увагай невялікім гарадам.
Regiony.by — новы медыяпартал, які аб'ядноўвае 193 населеныя пункты са статусам абласных і раённых цэнтраў.

Карыстальнік можа зарэгістравацца на сайце ці ўвайсці на яго з дапамогай рахунка ў Facebook, «Укантакце», Twitter, Mail.ru, Livejournal, Google+, «Яндексе» ці «Аднакласніках». Пасля ўваходу на сайт становіцца даступны выбар населенага пункта.
Сайт складаецца з некалькіх вялікіх блокаў, якія ахопліваюць амаль усе аспекты гарадскога жыцця.
Першае, што бачыць наведвальнік, — гэта блок навінаў. Адзін са стваральнікаў сайта Алесь Мазур кажа, што пакуль навіны не падзелены па гарадах і іх для стужкі адбірае каманда ў Мінску:
«Сайт працуе ўсяго некалькі дзён. Але ў перспектыве мы плануем мець рэдактара ў кожным асобным горадзе і запрашаем людзей да супрацоўніцтва. Гэтыя людзі будуць адбіраць мясцовыя навіны, актуальныя для кожнага населенага пункта».
Стужка навінаў і прагноз надвор'я — хіба што адзініыя рэчы, за якія адказна рэдакцыя Regiony.by. Іншы кантэнт карыстальнікам прапануецца ствараць самастойнай.
На сайт можна загружаць фатаздымкі і відэаролікі, пакідаць «стыкеры» з паведамленнямі, якія Мазур называе своеасабілвай «сацыяльнай сеткай» горада.
Аднак асабліва цікавыя інфармацыйныя сэрвісы партала. Кожны горам мае сваю афішу, куды можна дадаць сваю падзею.
Regiony.by абяцаюць шырокія магчымасці для бізнэсаў. Так, у раздзеле «Паслугі» можна знайсці каталог кампаній ці паслуг ад прыватных асоб. Пры гэтым сваю кампанію ці паслугу (па-сутнасці прыватную абвестку) можна дадаць у адзін з 42 раздзелаў каталога бясплатна.
Раздзелы «Праца» і «Тавары» пакуль напаўняюцца і не працуюць. Але пасля іх запуску яны стануць каталогамі вакансій і тавараў з прывязкай да кожнага асобна ўзятага горада.
Яшчэ адзін каталог — каталог сайтаў, куды можна дадаваць спасылкі на вэб-рэсурсы свайго горада.
Ёсць на сайце і ўкладка «Транспарт». На жаль, цяпер гэты раздзел утрымлівае толькі расклад руху прыгарадных цягнікоў, аднак хочацца спадзявацца, што з цягам часу распрацоўшчыкі дададуць іншыя, у першую чаргу гарадскія віды транспарту. Таксама ў раздзеле «Транспарт» рэалізаваны пошук спадарожнікаў: можна дадаць аб'яву аб паездцы запланаванай паездцы ці пашукаць аўтамабіль да неабходнага месца.
«Аб'яву ў афішу горада можна дадаць бясплатна. Але калі чалавек хоча прарэкламаваць падзею на ўсю Беларусь, гэта паслуга платная. Ці ў выпадку з каталогам кампаній кожны можа стварыць базавы акаўнт для сваёй фірмы бясплатна. Дадатковыя опцыі будуць даступныя за грошы».
Прысутнічаюць і невялікія цікавосткі. Кожны горад мае можна ацаніць і тым самым павысіць і панізіць агульны рэйтынг горада. Таксама на сайце заяўлена магчымасць весці блог, але пры пераходзе па спасылцы партал выдае паведамленне аб адсутнасці старонкі з блогамі.
Мова інтэрфейсу — толькі расійская. Аднак Мазур паабяцаў і беларускамоўную версію сайта.
«У рухавіку партала ёсць магчымасць выкарыстоўваць некалькі моў. Таму з цягам часу мы дадазім і белаускую», — патлумачыў Мазур.
Каментары