Маці васьмярых дзяцей правяла ў дэкрэце 16 гадоў запар — а цяпер стала кіроўцай міжгародняга аўтобуса
Крохкая Вера Хоўрат толькі на першы погляд можа падацца безабароннай. На справе гэтая жанчына лёгка дае рады аўтобусу на дарозе і гадуе васьмярых дзяцей. «Я нахрапістая», — кажа яна сама пра сябе. Мы праехаліся з Верай па яе асноўным маршруце Жодзіна — Мінск — Жодзіна і чарговы раз упэўніліся ў тым, што стэрэатып пра жанчын як небяспеку на дарозе хутчэй мёртвы, чым жывы.
Такую зямлячку жодзінцам падарыла Мурманская вобласць: у Кандалакшы яна пражыла да двух гадоў, а пасля ўся сям’я ў пошуках больш мяккага клімату пераехала ў Беларусь, у вёску Сасновая (гэта каля Кургана Славы — Рэд.).
Прафесійны шлях пачынала ў медыцыне. Скончыла профільны каледж, а пасля шэсць гадоў працавала малодшай медсястрой у аперацыйнай вайсковага шпіталя. Але нечакана выявілася алергія на многія лекі, таму Веры з белым халатам давялося развітацца.
На той момант яны з мужам, з якім пазнаёміліся ў Сасновай, ужо планавалі дзіця, і ў 2001 годзе Вера нарадзіла першынца.
«Хацелі двух дзяцей, а сёння, пасля 20 гадоў з мужам разам, маем восем (6 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі). Я цяжарыла, і кожны раз мы вырашалі пакідаць дзіця — не забіваць жа!» — расказвае Вера, якая нечакана для самой сябе сышла ў дэкрэт на 16 гадоў і выйшла з яго толькі паўгода таму.
«У рэшце рэшт, — дадае шматдзетная маці, — якая розніца: варыць вялікі рондаль супу ці маленькі».

Двое з дзяцей Хоўратаў маюць прыроджаную гідрацэфалію (вялікую колькасць спіннамазгавой вадкасці ў мозгу). Для іх сям’і такое выпрабаванне не стала праблемай: бацькі шмат займаліся з малымі, і сёння яны вучацца ў звычайнай школе.
Старэйшыя дзеці даўно дапамагаюць з хатняй гаспадаркай. Калі трэба, то і суп звараць, і свінню даглядзяць. Трэці год Хоўраты жывуць ва ўласным вялікім доме, таму клопатаў хапае. Нядаўна гаспадары дабудавалі лазню, цяпер хочуць арганізаваць на ўчастку футбольнае поле, паставіць каркасны басейн. А яшчэ ж ёсць сабакі і каты!
«Зямельны ўчастак нам дастаўся няпроста, давялося пазмагацца. Частку дома будавалі па льготным крэдыце, але астатняе — усё за свае грошы. Калі вы думаеце, што ордэн шматдзетнай маці сам сабой прыносіць розныя бонусы і льготы, то памыляецеся. За ўсё трэба змагацца і даказваць, што ты маеш на гэта права. Проста нарадзіць — мала», — расказвае Вера.

Ордэн маці сапраўды дапамог Веры, калі яна захацела выйсці на працу. Малодшаму яшчэ не было трох гадоў, і яго не хацелі браць ў дзіцячы садок, але ў выніку яе статус і настойлівасць спрацавалі на карысць.
«Як была ў дэкрэце, усё думала, чым жа буду займацца далей, у будучыні. Здала на правы, каб сумна не было. Маю 11 гадоў стажу за стырном. Але што мяне возьмуць з гэтым досведам у аўтапарк, не верыла да апошняга. Чаму? Ну які начальнік хоча прымаць на працу маці, у якой столькі дзяцей? Ахвотнікаў у нас мала. Таму я была ў шоку, калі мяне паклікалі на сумоўе. Дырэктар аўтапарку амаль адразу мяне наняў, без пытанняў», — згадвае Вера.

Сёння жанчына падымаецца на працу з усмешкай і задавальненнем. І не важна, што гэта даводзіцца рабіць у чатыры раніцы.


«Не кожны можа ўзяць на сябе адказнасць за цэлы салон людзей. Некаторым страшна перавозіць нават некалькі пасажыраў у маленькім аўтамабілі. А я не баюся, хоць час ад часу і падразаюць іншыя кіроўцы. Мне ў задавальненне, калі аўтобус поўны, не люблю вазіць трох чалавек у салоне», — дзеліцца жанчына.
Што сапраўды непакоіць Веру як кіроўцу — дык гэта занадта смелыя пешаходы: «Я была б удзячная ўсім людзям, калі б яны часцей глядзелі па баках, як пераходзяць дарогу. Ці калі б сябе неяк абазначалі ноччу, хаця б ліхтарыкам. Не трэба думаць, што аўтобус здолее рэзка затармазіць на хуткасці».
Пра адпачынак жанчына пакуль нават і не думае. Максімум, які яна можа сабе дазволіць, — гэта выбрацца з мужам на рыбу, ад гэтага хобі яна ў захапленні. «Пакуль дзеці малыя, трэба працаваць. Ды мы і самі па сабе жыўчыкі — не можам без працы, таму адпачываць будзем на пенсіі», — шчыра прызнаецца гераіня.





Заўтра Вера зноў прыедзе са сваёй вёскі на станцыю. Пакуль на вуліцы яшчэ цёмна, забярэ дарожны ліст, уключыць у салоне добрыя песні на радыё фонам і будзе вазіць людзей туды-назад па сваім маршруце. Аўтобус рухаецца — рухаецца жыццё.



Каментары