
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам, перадае БЕЛТА.
Кіраўнік беларускага МЗС упэўнены ў тым, што цяперашні візіт літоўскага міністра і перамовы ў Мінску дазволяць канкрэтна і прадметна прааналізаваць стан двухбаковага супрацоўніцтва і абмеркаваць тыя напрамкі, па якіх можна рухацца наперад.
Уладзімір Макей падкрэсліў, што могуць быць рознагалоссі паміж бакамі на розных узроўнях, але галоўнае тое, што Беларусь і Літва — суседзі і што трэба знаходзіць шляхі вырашэння праблем, якія маюцца ў двухбаковых адносінах.
Міністр заявіў пра зацікаўленасць Беларусі ва ўзаемавыгадным дыялогу з Літвой і гатоўнасць абмяркоўваць праблемныя тэмы.
Уладзімір Макей звярнуў увагу на пазітыўную дынаміку двухбаковых адносінаў, існуючы патэнцыял далейшага развіцця беларуска-літоўскага супрацоўніцтва.
У сваю чаргу, міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў у Мінску: «Надышоў час для больш інтэнсіўных адносін, кантактаў і адкрытай размовы, паколькі, нягледзячы на ўсе станоўчыя прыклады (супрацоўніцтва), ёсць і рознагалоссі. Але гэтыя рознагалоссі не з'яўляюцца прычынай не размаўляць. Мы павінны гэта рабіць», — сказаў Лінас Лінкявічус.
Літва прапануе Беларусі інтэнсіўна выкарыстоўваць яе інфраструктуру для наладжвання рэгулярных паставак нафты і газу.
Чытайце таксама: Лідары апазіцыі гаварылі з Лінкявічусам пра суверэнітэт Беларусі. Меркаванні разышліся
БелАЭС застаецца галоўнай праблемнай кропкай у двухбаковых адносінах Беларусі і Літвы. Але беларускі бок, як ніхто, зацікаўлены ў максімальнай бяспецы атамнай станцыі. Пра гэта на сумесным брыфінгу з кіраўніком МЗС Літвы заявіў Уладзімір Макей, піша Tut.by.
Лінас Лінкявічус адзначыў, што Літва па-ранейшаму настойвае на тым, каб Беларусь прыняла план дзеянняў па выкананні ключавых рэкамендацый міжнародных арганізацый у галіне бяспекі АЭС.
— Ёсць і рознагалоссі, болькі ў нашых двухбаковых адносінах. Самая вялікая — гэта АЭС. Ацэнкі яе розныя з нашых бакоў. Факт тое, што ўжо стаіць рэактар, засталося завезці паліва. Мы ўсё ж такі настойваем на тым — думаю, што гэта ў інтарэсах і Беларусі, паколькі ад гэтага залежыць бяспека аб'екта і грамадзян, — каб вылучыць асноўныя, ключавыя рэкамендацыі міжнародных арганізацый у галіне бяспекі АЭС, дапамагчы гэта могуць зрабіць прадстаўнікі ENSREG (Еўрапейская група рэгулятараў ядзернай бяспекі) і прыняць план дзеянняў па іх выкананні. Гэта было б вельмі станоўчае развіццё справы, нягледзячы на ўсе рознагалоссі, — заявіў Лінас Лінкявічус.
Каментары