Рашэнне аб адмене штогадовай прэс-канферэнцыі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў пачатку гэтага тыдня было прынята літаральна ў апошнюю хвіліну, сцвярджае журналіст Пётр Казлоў у артыкуле, апублікаваным выданнем Moscow Times. Аўтар спасылаецца на шэсць крамлёўскіх і ўрадавых чыноўнікаў.

Па яго інфармацыі, прэс-канферэнцыя рыхтавалася, а адмяніў яе асабіста Пуцін «ў самы апошні момант».
У панядзелак прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў абвясціў, што вялікая прэс-канферэнцыя Пуціна не адбудзецца.
У Крамлі асцерагаліся, што Кіеў можа зладзіць буйную атаку напярэдадні мерапрыемства, гаворыцца ў артыкуле Moscow Times.
«Ніхто не можа даць стоадсоткавую гарантыю «таго, што такога нападу не адбудзецца», — заявіў Moscow Times адзін з крамлёўскіх чыноўнікаў на ўмовах ананімнасці. — Прэзідэнт ведаў пра гэта, і гэта быў моцны аргумент супраць правядзення прэс-канферэнцыі».
Акрамя адступлення з Херсона Расія апошнім часам перажыла выбухі на аэрадромах стратэгічнай авіяцыі ў глыбіні краіны, нагадвае выданне. Рашэнне прапусціць прэс-канферэнцыю аўтар называе рэдкай прыкметай таго, што падзеі на полі бою напрамую ўплываюць на прыняцце палітычных рашэнняў у Маскве.
У сваім блогу аўтар артыкула падкрэслівае, што адміністрацыя прэзідэнта, урад і рэферэнтура да апошняга моманту рыхтаваліся да таго, што прэс-канферэнцыя адбудзецца, а рашэнне адмовіцца ад вялікай прэс-канферэнцыі і паслання Федэральнаму сходу было прынята ў апошні момант асабіста Пуціным.
«Апошняй кропляй для прэзідэнта стала адсутнасць жалезных гарантый і ўпэўненасці ў тым, што спецслужбы будуць здольныя спыніць любыя спробы новых дыверсій хоць бы да таго, як адбудзецца прэс-канферэнцыя», — сцвярджае Казлоў.
Такія высновы робяць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Пуцін адмяніў сваю штогадовую прэс-канферэнцыю, верагодна, каб пазбегнуць адказаў на пытанні аб ваенных няўдачах Расіі ва Украіне і не звяртацца да празмерна відавочнага маніпулявання пытаннямі, гаворыцца ў штодзённым аглядзе ISW.
Каментары