Меркаванні3434

Чаму паліграф — не панацэя. Колькі агентаў ён бы выявіў у Каардынацыйнай радзе?

Сёння вакол неабходнасці праходзіць паліграф удзельнікам беларускай дэмакратычнай супольнасці ўзнікае ўсё больш спрэчак, асабліва на фоне гучных шпіёнскіх скандалаў. На першы погляд «дэтэктар хлусні» можа здавацца выратаваннем — але ў метаду ёсць вялікія хібы.

Праходжанне паліграфа. Фота: Global Polygraph Solutions

Сёння праходжанне паліграфа прапануюць або асобным палітычным дзеячам, якіх у нечым падазраюць, або цэлым дэмакратычным структурам — напрыклад, Каардынацыйнай радзе. Адмову ж прайсці паліграф часта ўспрымаюць як сведчанне пра магчымую супрацу з рэжымам.

Што такое паліграф

Паліграф — гэта прыстасаванне, якое адначасова вымярае некалькі фізіялагічных паказчыкаў: артэрыяльны ціск, пульс, дыханне і электраправоднасць скуры. Падчас тэсту чалавек адказвае на пытанні, і лічыцца, што калі ён хлусіць, то арганізм рэагуе хваляваннем, якое паліграф можа заўважыць.

Але не існуе ніводнай спецыфічнай фізіялагічнай рэакцыі, якая адназначна адпавядала б хлусні. Паліграф фіксуе толькі ўзбуджэнне нервовай сістэмы, якое можа быць выклікана чым заўгодна — страхам, стрэсам, сорамам, трывогай ці нават проста некамфортнай сітуацыяй.

У многіх развітых краін выкарыстанне паліграфа абмежавана або забаронена: ён не прымаецца як доказ у судзе і не можа выкарыстоўвацца пры найме на працу. Яго выкарыстанне парушае права не сведчыць супраць сябе, парушае прыватнасць і псіхалагічную бяспеку чалавека, а таксама мае недастатковую навуковую абгрунтаванасць.

Так, яшчэ ў 2003 годзе Нацыянальная акадэмія навук ЗША па даручэнні ўрада падрыхтавала вялікі 400‑старонкавы даклад, які сістэматызаваў усе даступныя даследаванні за папярэднія дзесяцігоддзі.

Праходжанне паліграфа. Фота: Consolidated Employers Organisation

Высновы аказаліся несуцяшальнымі для прыхільнікаў паліграфа: з 80 даследаванняў, на якія яны спасылаліся як на доказ яго эфектыўнасці, 57 аказаліся метадалагічна слабыя — з няякаснымі выбаркамі, прадузятасцю і відавочнымі канфліктамі інтарэсаў.

У некаторых выпадках дакладнасць паліграфа не перавышае 60—70%.

Яшчэ адна, не менш важная выснова таго ж дакладу: паліграф прынцыпова не працуе, калі яго выкарыстоўваюць не для расследавання канкрэтнага злачынства, а проста каб адсеяць «ненадзейных» супрацоўнікаў. Прычына простая — у такіх выпадках няма выразнай падзеі або факта, пра які чалавек можа хлусіць. Фізіялагічныя рэакцыі ў такіх сітуацыях звязаныя не з хлуснёй, а з натуральным хваляваннем, страхам страціць працу або выглядаць вінаватым, нават калі чалавек цалкам невінаваты.

Адно з апошніх і найбольш значных даследаванняў па гэтай тэме, якое было апублікаванае ў канцы 2020 года, — вялікі метааналіз, гэта значыць, абагульненне ўсіх вядомых навуковых прац пра тое, наколькі дакладна працуе паліграф паводле методыкі Comparison Question Test (CQT) — самай распаўсюджанай формы «дэтэктара хлусні», якую выкарыстоўваюць у крыміналістыцы і сферы бяспекі.

Аўтары (двое з траіх — практыкуючыя паліграфолагі) сабралі і прааналізавалі даныя з больш як ста даследаванняў, у якіх агулам удзельнічала больш за 11 тысяч чалавек. Каэфіцыент сувязі паміж вынікамі паліграфа і тым, ці чалавек сапраўды хлусіў, склаў 0,69 (ідэальнае адрозненне хлусні ад праўды — гэта 1,0). Калі выпадковасць адпавядае 50% дакладнасці (падкідванне манеткі), а ідэальны вынік — 100%, то, згодна з метааналізам, сярэдняя дакладнасць паліграфа складае каля 85%.

Яны таксама праверылі, што гэтая дакладнасць прыблізна такая ж у лабараторыі і ў рэальных умовах, і толькі крыху вышэйшая, калі чалавек мае моцную матывацыю, напрыклад, калі на кану яго свабода або праца.

Лічба ўнушае давер: паліграф, здаецца, сапраўды працуе — у большасці выпадкаў ён вызначае хлусню правільна.

Але ў астатніх 15% выпадкаў ён памыляецца. На паперы гэта можа здавацца дробяззю, калі гаворка ідзе пра статыстыку. Аднак калі перанесці гэтыя працэнты на рэальных людзей, карціна выглядае зусім інакш — кожная памылка ператвараецца ў зламанае жыццё і сапсаваную рэпутацыю.

Ці можна вылічыць агентуру ў Каардынацыйнай радзе?

Беларускі псіхіятр Уладзімір Пікірэня паспрабаваў паглядзець, што будзе, калі прымяніць гэтыя абагуленыя лічбы да складу Каардынацыйнай рады 3‑га склікання — іншымі словамі, што адбылося б, калі б усіх дэлегатаў прымусілі прайсці паліграф у пошуках «ненадзейных» асоб.

Ён прапанаваў разгледзець некалькі сітуацый: калі сярод дэлегатаў ёсць 1 рэальны агент, калі 10% складу агенты і калі агентамі з'яўляецца палова складу.

Удзельнікі канферэнцыі «Новая Беларусь». Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай.

Мы паўторым гэты мысленны эксперымент, але возьмем актуальную колькасць членаў Каардынацыйнай рады — 77 чалавек, і разгледзім некалькі сітуацый: калі сярод дэлегатаў ёсць 1 рэальны агент, 8 агентаў (прыкладна 10%) і калі агентаў палова складу — 38 чалавекі. У ім мы скарыстаемся больш дакладнымі паказчыкамі з медыяннай выбаркі метааналізу. 

  • Для вінаватых: у 82,4% выпадкаў паліграф паказвае, што яны сапраўды хлусяць; у 7,6% — памылкова паказвае, што яны кажуць праўду; яшчэ ў 10% — не можа вызначыць.

  • Для невінаватых: у 64,5% выпадкаў паліграф паказвае, што яны сапраўды кажуць праўду; у 17,2% — памылкова абвінавачвае ў хлусні; і ў 18,3% — не можа даць выразнага выніку.

Ужо на гэтым этапе бачна, што паліграф істотна радзей «верыць» невінаватым, чым можна было б меркаваць.

Вынікі паліграфа ў варыянце, калі сярод дэлегатаў толькі адзін агент. Фота: Наша Ніва

1) 1 агент, 76 невінаватых

  • Выяўленыя сапраўдныя агенты: ~0,82 чалавека. Можна акругліць да аднаго — то-бок сапраўдны агент хутчэй за ўсё будзе выяўлены з дапамогай паліграфа сярод дэлегатаў.
  • Памылкова абвінавачаныя: ~13,07 чалавека (≈ 13 з 76).
  • Колькі застануцца нявызначанымі: сярод невінаватых ~13,91; сярод вінаватых ~0.10.
Вынікі паліграфа ў варыянце, калі кожны дзясяты з дэлегатаў з'яўляюцца агентам. Фота: Наша Ніва

2) 8 агентаў (≈10%), 69 невінаватых

  • Выяўленыя сапраўдныя агенты: ~6,59 (≈ 7 з 8).
  • Памылкова абвінавачаныя: ~11,87 (≈ 12 з 69).
  • Нявызначаныя: сярод невінаватых ~12,63; сярод вінаватых ~0,80.
Вынікі паліграфа ў варыянце, калі палова дэлегатаў з'яўляюцца агентам. Фота: Наша Ніва

3) 38 агенты (палова), 39 невінаватых

  • Выяўленыя сапраўдныя агенты: ~31,31 (≈ 31 з 38).
  • Памылкова абвінавачаныя: ~6,71 (≈ 7 з 39).
  • Памылкова апраўданыя: ~2,89 (≈ 3 з 38).
  • Нявызначаныя: сярод невінаватых ~7,14; сярод вінаватых ~3,80.

Цёмны бок паліграфа

Гэтыя разлікі паказваюць цёмны бок паліграфа. Магчыма, як у першым сцэнары, удасца вылічыць таго самага агента, але разам з ім трынаццаць невінаватых людзей будуць памылкова абвінавачаныя ў тым, да чаго яны не маюць ніякага дачынення. Яшчэ чатырнаццаць атрымаюць «нявызначаны» вынік і апынуцца пад падазрэннем у супрацоўніцтве з рэжымам.

У выніку 27 невінаватых чалавек могуць пацярпець, каб вылічыць усяго аднаго агента. І гэта яшчэ пры ўмове, што паліграф праводзяць цалкам непрадузятыя людзі.

І чым больш сапраўдных агентаў, тым больш з іх застануцца нявыяўленымі, нават калі ўсе пройдуць паліграф. У апошнім сцэнары колькасць агентаў, якіх паліграф не выявіў, роўная колькасці невінаватых, памылкова абвінавачаных у супрацоўніцтве з рэжымам — і там, і там па сем чалавек.

На практыцы ў памылкова абвінавачаных людзей амаль няма магчымасці апраўдацца, як калі б іх абвінавачвалі па сапраўдных доказах у судзе. Вынікі паліграфу падаюцца як неабвержныя і супраць іх няма да чаго апеляваць. І калі чалавек добраахвотна пагаджаецца на працэдуру і публікацыю вынікаў, ён фактычна сам пазбаўляе сябе магчымасці аспрэчыць абвінавачанне — нават калі паліграф памыліўся ці паказаў нявызначаны вынік.

Ці паклічуць такога чалавека на наступныя выбары ў Каардынацыйную раду, на працу ў апазіцыйныя структуры, у фонды, медыя — або хаця б на нейкае мерапрыемства? Наўрад ці. Такія пагалоўныя скрынінгі, без важкіх доказаў віны, могуць даць ілюзію бяспекі і паглыбіць раскол і недавер.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары34

  • .
    25.10.2025
    Почему тогда спец.службы используют полиграф?
    Почему в статье психиатр дает якобы экспертную оценку?
  • Жыж
    25.10.2025
    І ўсё ж паліграф мае сэнс у звышрызыкоўных момантах, калі лепш не пусціць добрага чалавека, чым прапусціць злодзея. Таму шматлікія спецслужбы іх працягваюць выкарыстоўваць.
    Да таго ж, тут размова ідзе пра прыбор, і ні слова пра метады працы паліграфолага. А выснову робіць чалавек, а не прыбор.
    І калі прыбраць палігаф, застанецца проста сумоўе. І без дадатковых дадзеных пра хваляванне чалавека ў некаторых тэмах.
  • Сейроман
    25.10.2025
    Мне кажется, для женщины гораздо сложнее сымитировать оргазм чем «правдивое» прохождение полиграфа.

Цяпер чытаюць

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень10

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная ЗША з буйным лікам перамагла Парагвай1

Новы трэнд — не расчэсвацца. Вось што трэба пра яго ведаць17

Канада і Боснія згулялі першы матч на чэмпіянаце свету ўнічыю

У Мінску адкрыюць «музычную лаўку» памяці Уладзіміра Мулявіна

Бізнэсмен-рытуальшчык пагарэў на тым, што працаўладкоўваў толькі жанчын3

Што гэта за 196 палітвязняў, пра вызваленне якіх заявілі прапагандысты?2

У Перу паліцыя затрымлівала наркагандляра, пераадзеўшыся ў касцюмы талісманаў мундыялю-20262

Еўрасаюз адкрыў перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы2

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень10

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць