Імпарт аўто прыватнікамі расце, а ў дылераў — падзенне продажаў. Таму дылеры хочуць, каб было, як у Расіі
За першыя два месяцы года продажы афіцыйных дылераў упалі на 57% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Фізічныя асобы — галоўны імпарцёр аўто ў Беларусь
Паводле статыстыкі «БАА-Кансалт», за першыя два месяцы 2026 года фізічныя асобы ўвезлі ў краіну 16,3 тысячы легкавікоў, што на 11% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У той жа час продажы афіцыйных дылераў за гэты перыяд знізіліся на 57%.
Прычын гэтаму некалькі.
Па-першае, гэта новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору, якія дзейнічаюць з 10 лютага 2025 года. Таму 57‑працэнтнае падзенне хоць і выглядае апакаліптычным, але не зусім рэлевантнае для параўнання праз розныя стаўкі.
Тады ўтыльзбор на новыя машыны (ва ўзросце да 3 гадоў) з аб'ёмам рухавіка ад 1 да 2 літраў (самы распаўсюджаны варыянт) для юрыдычных асоб вырас з 11 645 рублёў да 23 575 рублёў.
Адбыліся змены і для электрамабіляў: калі па старых стаўках юрыдычныя асобы пры ўвозе новай «электрычкі» плацілі 544 рублі, то сталі 1 148 рублёў. Але тут не такія вялікія сумы.

У той жа час для фізічных асоб стаўкі ўтыльзбору на легкавыя аўто засталіся малымі — 544 рублі для аўто ва ўзросце да трох гадоў і 1089 рублёў для старэйшых за тры гады. Для прыватнікаў яны аднолькавыя ў незалежнасці ад тыпу рухавіка.
Па-другое, гэта змены ў класіфікацыі некаторых гібрыдаў. Рэч у тым, што з 2026 года працуюць новыя правілы ўвозу для паслядоўных гібрыдаў (машын, якія маюць рухавік унутранага згарання, што працуе выключна як генератар, бо колы ў рух прыводзяцца электраматорам).
Ад 1 студзеня 2026 года такія аўто пры ўвозе ў Беларусь пазбаўлены ільгот па ПДВ, якія засталіся ў чыстых электрамабіляў. У дадатак пры іх імпарце будзе дзейнічаць стандартная для электракараў мытная пошліна памерам 15%.
Для юрыдычных асоб у дачыненні да такіх аўто змяніліся і стаўкі ўтылізацыйнага збору.
Праз усе гэтыя акалічнасці імпарт гібрыдаў з рухавіком-генератарам юрыдычнымі асобамі фактычна стаў бессэнсоўным.
Фізічныя асобы ж могуць сэканоміць як на ўтыльзборы, так і на мыце, калі ў іх ёсць ільгота, заплаціўшы 7,5% замест 15%.
Па-трэцяе, уплывае 140‑ы ўказ, які дзейнічае з красавіка 2019 года і дазваляе шматдзетным і інвалідам 1‑й і 2‑й груп размытніваць аўто з 50‑працэнтнай зніжкай.

Адзначым, што прадстаўнікі БАА ўжо неаднаразова публічна выказваліся за тое, каб указ быў перагледжаны, бо, па іх даных, 2/3 машын, увезеных па ільгоце, змяняюць уласніка цягам трох месяцаў пасля ўвозу ў Беларусь.
Чаго хочуць афіцыйныя дылеры
Калі да 140‑га ўказа дадаліся павышаныя стаўкі утыльзбору для юрасоб і змены ў класіфікацыі гібрыдаў, пра змены ў патрабаваннях для прыватнікаў загаварылі з новай сілай.
Асабліва калі пад бокам ёсць Расія, у якой фізічная асоба можа скарыстацца ільготамі, але ў выпадку продажу раней чым праз 12 месяцаў мусіць даплаціць утыльзбор да камерцыйнага ўзроўню. Гэта зрабіла прывоз машын на перапродаж фізасобамі немэтазгодным.
З заяў, якія гучаць ад БАА, менавіта такі рэжым увозу фізічнымі асобамі яны хочуць бачыць і ў Беларусі.
Пакуль жа адзіным крокам, зробленым у кірунку барацьбы з шэрым імпартам, можна назваць адмову аўтарызаваных дылераў СЗАА «Белджы» прымаць на сэрвіснае абслугоўванне аўтамабілі Geely, купленыя не праз афіцыйную дылерскую сетку Беларусі.
Цяпер чытаюць
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары