Грамадства55

Былая палітзняволеная: Губазікавец спытаў у мяне: «А чаму Акадэмія кіравання такая мяцежная?»

Наталля Малец — педагог, якая 14 гадоў адпрацавала ў Акадэміі кіравання. У 2020 годзе яна адмовілася выводзіць выкладчыкаў на мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі і была звольненая за месяц да заканчэння кантракта. У яе характарыстыцы напісалі: «не падтрымлівала дзеянні сілавых структур у 2020 годзе». Яна прынцыпова не з'язджала з Беларусі — яе выштурхнулі з краіны з іншымі палітвязнямі. Пра гісторыю сям'і, закуліссе Акадэміі кіравання ў разгар пратэстаў, пра лепшых беларусак і адсутнасць тугі, Наталля Малец расказала «Салідарнасці».

Фоты прадастаўлены суразмоўцай

Наталля з розніцай у 100 гадоў паўтарыла гісторыю сваёй бабулі, якая правяла два гады ў Суздальскай турме для палітвязняў і была высланая ў Казахстан.

Спачатку за «абразу» старшыні КДБ Церцеля (экспертыза ўбачыла ў каментары «негатыўную ацэнку») Малец атрымала «хатнюю хімію», а затым і новую крымінальную справу — за 125 грашовых пераводаў 114 беларусам-«экстрэмістам».

Наталля пісала ў турмы і пералічвала грошы незнаёмым беларусам яшчэ да свайго першага суда.

— Першае, пра што мяне спыталі ў ГУБАЗіКу: «А калі вы будзеце сядзець — думаеце, вам хтосьці напіша?»

Яны глядзелі на колькасць паштовак, канверты, на чэкі аб пераводзе грошай, здзіўляючыся: «Глядзі, што творыць!»

Убачыўшы ў мяне апушчаныя жалюзі, выдалі: «Вы спецыяльна жалюзі апусцілі, каб КДБ не бачыла, як лісты пішаце?» А ў мяне папросту не было фіранак.

І ўсё сачылі, шукалі: адкуль я бяру грошы на пераводы? Не маглі паверыць, што адпраўляю свае.

Я не хавала, адкуль узяла грошы: мы прадалі бацькоўскую дачу, я атрымлівала пенсію, дзеці дапамагалі. Ды і не такія вялікія сумы я высылала, тысячы паўтары ў выніку выйшла.

Для мяне важна было пісаць лісты нават незнаёмым. Уяўляеце, што такое 50‑гадовы юбілей? А невінаваты чалавек сустракае яго за кратамі. Адпраўляла тэлеграмы, пераводзіла грошы, каб хоць трохі падтрымаць.

Больш за ўсё мяне забіў узровень гвалту з боку сілавікоў. Пачалася фрустрацыя: адкуль узялася ўся гэтая чарната?

Да апошняга думала, што нашы так не могуць. Верыла чуткам, што гэта кадыраўцаў запрасілі з намі распраўляцца. Тысячы апраўданняў знаходзіла, настолькі не верыла, што гэта беларусы.

Выбачайце, можа, пакажуся зараз цынічнай, але цяпер пра беларусаў у цэлым, як пра добрую і талерантную нацыю, нават рота не магу адкрыць. Таму што білі, забівалі, судзілі. І гэта таксама беларусы.

Быццам на сцэне рассунулі кулісы, і ўсе раптам убачылі, у якім жаху і кашмары жывём.

Да 2020‑га Наталля 14 гадоў працавала ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

— Падчас другой размовы губазікавец, кіраўнік групы, які скончыў Акадэмію МУС і нашу Акадэмію кіравання, спытаў у мяне: «Наталля Альбертаўна, а чаму Акадэмія кіравання такая мяцежная?»

Адказала, што там праву вучаць, а ў вашай акадэміі міліцыі прымушаюць падпарадкоўвацца загаду вышэйстаячага начальства.

У нашай Акадэміі выкладчыцкі склад на юрыдычных кафедрах быў моцны. Вучылі разважаць і аргументаваць сваю пазіцыю.

Ведаеце, у чым жах 2020-га? Ён падзяліў людзей на тых, хто прайшоў турмы і выехаў з краіны, уцякаючы ад рэпрэсій. І тых, хто сышоў у самыя жорсткія суддзі і пракуроры — ёсць і такія нашы выпускнікі. Не магу знайсці гэтаму тлумачэння. Бо хлопцы і дзяўчаты крытычна мыслілі, пісьменныя, разумныя.

Але што такое розум? Розум — катэгорыя маральная. Ёсць інтэлект, гэта адно. Але інтэлект без маральных нюансаў інтэлектам і застанецца. Розумам не стане ніколі.

Да Акадэміі кіравання я папрацавала ва ўніверсітэце фізкультуры, там было нашмат больш жорстка ў плане ідэалагічнай напампоўкі. Гэта выбарчы ўчастак №1, дзе Лукашэнка галасуе.

Да таго ж спартсмены па сваёй арганізацыі бліжэй да армейцаў. Выконваць каманды трэнера, цярпець прыніжэнні. Памятаю, як на адну юную барчыху крычаў трэнер: «Ты карова! Не так робіш!» У Акадэміі кіравання такога не было. І ні пры адным рэктары не капіявалі стыль зносін Лукашэнкі.

10 жніўня я прыйшла да першага прарэктара, адмовіўшыся выводзіць выкладчыкаў на мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі. Да мяне падышлі некалькі нашых выкладчыкаў, юрыстаў, падзякаваўшы: «Дзякуй за грамадзянскую пазіцыю!»

Мяне звольнілі, за месяц да заканчэння кантракта. Характарыстыку далі добрую, але ў канцы (а ўжо была мая першая крымінальная справа) напісалі: «…не падтрымлівала дзеянні сілавых структур у 2020 годзе».

У турме, ужо адбываючы тэрмін, я сказала сабе: «Наташа, ты тут не за тое, што пісала лісты і падтрымлівала людзей. І не за тое, што грошы ім адпраўляла. А за тое, што змаладушнічала. Калі трэба было казаць, трусіла, рабіла выгляд, што многія рэчы цябе не тычацца».

У 57 гадоў, у 2017-м, я стала лепшай актрысай Нацыянальнай мастацкай лігі КВЗ. Хлопцы запрасілі мяне ў каманду «Ау», два гады з імі выступала. І такія смелыя рабілі пастаноўкі! Я нават нервавалася, калі яны вызначылі мне ролю крытыка чынавенства.

Наконт Акадэміі кіравання ў грамадстве існуюць нядобрыя штампы. Але насамрэч там было столькі праўды!

У маю бытнасць прыбіралі загадчыкаў кафедраў, выкладчыкаў, якія падчас лекцый казалі штосьці «не тое». Пасля 16 жніўня 2020‑га самыя першыя, хто напісаў адкрыты ліст на адрас Лукашэнкі (больш за 600 подпісаў) — былі выпускнікі Акадэміі кіравання розных гадоў. Сэнс ліста быў наступны: нас гэтаму ў Акадэміі не вучылі.

Вы нават не ўяўляеце, колькі яе студэнтаў зараз у Польшчы і Літве!

Наталлю вызвалілі і выкінулі з краіны ў групе палітвязняў у снежні 2025-га. Але і сёння яна не можа адысці ад беларускага парадку дня.

— Сачу, хто, што і як прааналізаваў. Што пішуць у навінах і пра што кажуць беларусы. У мяне абсалютнае адчуванне вясны-лета 2020-га. Я ўся ў навінах і чакаю, калі ж паведамяць: «Усё. Гэты жах, нарэшце, скончыўся».

Я хачу жыць у Беларусі, нават разумеючы, што там пачнецца, калі здзейсніцца па-нашаму. А тое, што будзе па-нашаму, — я не сумняваюся.

Але спачатку будзе ў тысячу разоў горш. У якім стане застанецца нам сённяшняя Беларусь? У эканамічным плане будзе па нулях. І затрымліваць заробкі-пенсіі будуць, абавязкова пачнуцца нараканні: «Вось пры Лукашэнку было лепш».

Калі раскрыецца гэта ўсё, мы прыйдзем у жах — што стала з Беларуссю. І ніколі ўжо не стануць сябрамі людзі, якіх мы страцілі праз розніцу ў поглядах.

Я многіх страціла, але гэтая пустата запоўнілася новымі класнымі людзьмі. З кімсьці я сядзела ў СІЗА, з кімсьці была ў калоніі, з кімсьці — на этапе. А з кімсьці ехалі ў аўтобусе, калі нас выкідвалі з краіны.

Калі ўсё скончыцца, мне б вельмі не хацелася самасудоў. Няхай тыя, хто вінаваты, адкажуць за ўсё ў прававым полі. Не паліць і не руйнаваць, не вышукваць і не лінчаваць сілавікоў. Хачу, каб гэтыя людзі пайшлі пад суд, па іх жа законах.

Калі я сышла з працы, 7 снежня 2020-га, суткамі сядзела ў навінах, амаль не спала. Зразумела, што жыццё ляціць у тартарары, узяла прыгожы сшытак і склала план. Першым пунктам было класціся ў 22 і ўставаць а 6‑й раніцы. І сусвет такі: «Хочаш — атрымай!» Амаль тры гады ў няволі я так і існавала (смяецца).

Другі пункт плана — прывесці арганізм у парадак: «навучыцца есці па раніцах кашу». «Жэрці, скаціна!» — сказаў мне сусвет, і ўжо кашы я наелася!

Трэці пункт — калі начыталася пра затрыманні, збіцці і як людзей пачкамі запіхваюць у «стакан» — пажадала: «Хачу паглядзець, як уладкаваны аўтазак знутры». І ўбачыла гэта разоў 15.

Чацвёрты пункт выканала ў Польшчы — пападарожнічаць. Ну і цяпер выконваю пяты, вучу польскую. І так — да майго сусвету ў мяне ніякіх прэтэнзій, усё выканала (смяецца).

Але раз ён мяне так добра чуе, я завяла новы прыгожы сшытак і ўжо больш дэталёва пішу пажаданні. Яны, вядома, ужо не такія вегетарыянскія, у двух пунктах нават прысутнічае слова некралог.

Калонія — гэта выпрабаванне не для ўсіх: хтосьці ламаецца, хтосьці мацнее. Самая салідарная катэгорыя — гэта палітычныя. Хоць, не схаваю, былі расчараванні. Таму не з усімі хочацца працягваць камунікацыю.

Машу Калеснікаву буду падтрымліваць заўсёды, што б і як пра яе ні казалі. Таму што я бачыла яе там. І тая карцінка — сапраўдная яна.

Бачу Машу, якая пад руку вядзе пажылую жанчыну, у якой адмаўляюць ногі. Тая сядзела за забойства, але Маша вядзе яе пад руку, бо жанчыне вельмі цяжка ісці.

Бачу, як вяртаюцца з крамы, ва ўсіх пакупкі, а Маша ідзе з пустым складзеным пакетам, бо ў яе ні капейкі на рахунку. Ці як усе рыхтуюцца да новага года, лепяць вафельныя тарты, а Машу паставілі дзяжурыць на брамку.

Яна заўсёды была з усмешкай! Паводзіла сябе вельмі годна. Я яшчэ крыкнула ёй праз брамку, што катэгарычна забаронена: «З Новым годам!»

Тая карцінка і тая Маша — для мяне сапраўдныя. Людзі для мяне засталіся такімі, якімі былі там.

Кожны выбіраў, як сябе паводзіць: хтосьці адмаўляўся супрацоўнічаць, а хтосьці пагаджаўся. Але гэта адзінкі. У асноўным там былі дзяўчынкі, якімі я ганаруся. Настачка Лойка — мая любімая, дарагая — проста гераіня!

Душа баліць за тых, хто застаўся. Люда Чэкіна — якая разумніца! Многія дзяўчаткі ў цяжкім фізічным і маральным стане. Успамінаю пастаянна Іру Мельхер, Любу Разановіч, Жанну Аўрамчык. Яны павінны былі выйсці ў першых шэрагах. Ірачка Злобіна — такая дзяўчынка добрая! Юргілевіч Юлія, разумная і смелая, пацярпела праз сваю прафесійную дзейнасць.

Ёсць маці, што сядзяць у заложніках праз сваіх дзяцей. Іра Такарчук, маленькая, худзенькая, увесь час з усмешкай. Мы з ёй з аднаго года. Францкевіч Таня старэйшая за мяне, мама Аляксандра (актывіст анархісцкага руху — Рэд.). Дзяўчынкі-закладніцы за сваіх дзяцей, стан здароўя ў многіх проста крытычны.

У калоніі зрабілі ўсё, каб адбіць у людзей жаданне ўключаць тэлевізар. Нават не палітычныя мяняліся ў твары і выказваліся матам, калі ў кадры з'яўляліся Марзалюк, Гігін, Тур. Прытым, што да турмы паняцця не мелі пра прапагандыстаў.

У мяне там не было ні хвіліны адчаю. Самае страшнае, ад чаго ў многіх апускаюцца рукі, — думкі, што пра нас не памятаюць, не гавораць, пра нас ужо ўсе забыліся. Але я настойвала: «Не! Ні на адну хвіліну не забыліся! Памятаюць пра кожнага і ведаюць, што мы ёсць».

Калі я выйшла, пераканалася, як мала ведала пра гэтую падтрымку. Аказваецца, у мяне была свая хросная, Ксенія, якая жыве ў Польшчы. На тыктоку пастаянна пра мяне казала, пісала. Яна прывезла велізарную скрыню з падарункамі, якія збірала ўвесь мой час у калоніі.

Чалавек усе гэтыя гады памятаў пра мяне. Мацаваў паперкі з надпісамі да кожнага прэзента, дзе і чаму той набыты.

Не ведала я і што ў мяне ёсць свой асабісты коцік, якога намалявала мастачка Воля Якубоўская.

Асяроддзе сілавікоў неаднароднае. Адзін, даведаўшыся мяне лепш, сказаў: «Мне пры вас сорамна лаяцца матам».

А малады супрацоўнік МУС аднойчы выдаў: «Я нават не ўяўляў, колькі ў міліцыі бл…ства!» На што я адказала: «Я нават не ўяўляла, колькі яго ў краіне».

Аднойчы супрацоўнік СІЗА падчас візіту афіцэра КДБ да адной з арыштаваных: «Выводзьце! За ёй НКВД прыехала!» Як ацэнка сітуацыі, якая адсылае да 30‑х гадоў. Такі жарт, што нічога ў нас не памянялася.

Не раз цішком работнікі СІЗА пыталіся пра тэрмін, шэптам суцяшалі: «Ну нічога, хутка пройдзе!»

Калі нас выкінулі з краіны, я адчула вялізную падтрымку. Нас абдымалі, тлумачылі ўсё пра новае жыццё ў новай краіне, грашыма дапамаглі. І хоць я зараз фізічна знаходжуся ва Уроцлаве ў здымным жыллі адна — у мяне няма адчування адзіноты. Зусім.

Калі я параўноўваю сябе з дзяўчатамі, што засталіся ў калоніі, — я наогул шчаслівы чалавек. У мяне дзеці ў бяспецы, а ў калоніі ёсць дзяўчынкі, у якіх дзіця-інвалід. Вы ўяўляеце стан такой жанчыны, Надзі Лапцёнак? І яна не адзіная.

Словы Іры Мельхер гучаць ва мне да гэтага часу: «Я тут памру ад тугі». Уяўляеце — не ад страху, не ад болю, не ад хваробы. Ад тугі.

Іры будзе, калі не памыляюся, 69. Дома застаўся муж-інвалід, які не можа спусціцца з другога паверха.

Таму мне зараз добра тут, а ім зараз дрэнна ТАМ.

І тое, што я прайшла там, гэта такі «лайт» у параўнанні з тым, што прайшлі Маша Калеснікава, Віка Кульша, Іра Мельхер, увесь час да яе вяртаюся.

Таму ў мяне няма сёння ніякіх цяжкасцяў, хай і ў вымушанай эміграцыі. І славутых эмацыйных арэляў эмігранта ў мяне таксама няма.

Ніякіх шкадаванняў пра зробленае ў 2020-м. Асабіста для мяне гэта было адзіна вернае рашэнне, іншага і быць не магло.

У мяне перад вачыма маці, якія ў жаху чулі прысуды сваім невінаватым дзецям — па 15‑20 гадоў. Як такое перажыць?

— Чаму, калі вы даведаліся пра першую справу, «хатнюю хімію», потым пра другую крымінальную справу, не з'ехалі з Беларусі, як многія?

— Гэтае ж пытанне задаў мне супрацоўнік СІЗА. Я адказала: «А чаму я павінна бегчы, а не вы?»

Я тут нарадзілася, тут магілы бацькоў, бабулі і дзядулі. І ўжо, дзякуй Богу, пражыла на роднай зямлі больш за 60 гадоў. Кажу: гэта для вас тут нічога святога — так можна збірацца і бегчы. Гэта была мая прынцыповая пазіцыя — не з'язджаць з Беларусі.

Але ў выніку вы ўсё роўна зараз у Польшчы. Не з'ехалі, але вас выкінулі з краіны…

— Вось! А гэта важна — гэта іншы дзеяслоў.

Я не з'ехала, мяне вышпурнулі. І гэта злачынства з боку дзяржавы. Прыпыніць нам пенсіі — чаму? На якой падставе?

Я магу абурацца, злаваць, але ўжо нічому не дзіўлюся. А чаму — калі хунта пры ўладзе? Міліцэйская хунта, нават не ваенная.

Успамінаю сваю бабулю і яе тэрмін у Суздальскай турме. Яна была актывісткай моладзевага крыла нейкай партыі ў Палтаве. Мне прысудзілі 3,5, а ёй два гады. І выслалі ў Казахстан. У 1926-м, 100 гадоў прайшло.

Лічу, што партал павінен на кімсьці закрыцца. Добра, каб б на мне.

Хочацца, нягледзячы на ўзрост, пажыць яшчэ ў Беларусі. І паколькі з майго першага сшытка ўсё спраўдзілася, хай і не ідэальна, то веру, што споўняцца нашы агульныя жаданні і з новага нататніка.

— Толькі цяпер фармулюйце больш дэталёва (смяемся).

— Ой, я ўжо нават прозвішчы пішу, вельмі старанна падыходжу да пытання! Напрыклад: быць сведкам на судзе ў сваёй суддзі. І ўпісваю яе прозвішча, імя і імя па бацьку.

Так што з улікам пражытага вопыту, цяпер раблю ўсё як трэба. І веру, што ўсё абавязкова і вельмі хутка споўніцца!

Каментары5

  • А раньша не сажали (с)
    29.04.2026
    [Рэд. выдалена]
  • .
    29.04.2026
    Прыемна было пачуць адэкватнага чалавека. Поспехаў.
  • _
    29.04.2026
    Тетрадь жизни

Цяпер чытаюць

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку8

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Усе навіны →
Усе навіны

Грунвальдскі музей адказаў на просьбу беларусаў паставіць на полі бел-чырвона-белы сцяг25

Парламент Францыі прыняў закон аб эўтаназіі, нягледзячы на супраціў многіх дэпутатаў3

Зяленскі прапанаваў Сяргея Карэцкага на пасаду прэм'ера Украіны2

Чаму кароткая праграма пральнай машыны не найлепшы выбар3

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы12

Дзікія коні ў Валожынскім раёне хаваюцца ад спёкі на аўтобусным прыпынку ВІДЭА5

Дзяўчынка дапамагала бацьку секчы дровы, і гэта каштавала ёй двух пальцаў7

Ад удару дронам загінуў галоўны інжынер Запарожскай АЭС

Зяленскі адстаўляе папулярнага маладога міністра абароны. У таго не было ўзаемаразумення з Сырскім34

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку8

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць