Беларус Арцём расказаў у Threads, што за шэсць гадоў наведаў усе гарады Беларусі. Ягоны пост набраў больш за 160 тысяч праглядаў і тысячы каментарыяў, на якія ён адказваў карыстальнікам. Людзі пыталіся пра любімыя месцы, і аўтар адзначыў, што больш за ўсё яму падабаюцца Лунінец і Лунінецкі раён, бо ён адтуль родам, а таксама — «па-за канкурэнцыяй Гродна», піша Hrodna.life.

«Задайце вашы пытанні. Патраціў на гэта 6 гадоў. Усе 115 гарадоў, 118 раёнаў, а таксама сотні вёсак і пасёлкаў. У суме каля паўтысячы населеных пунктаў», — напісаў Арцём.
Акрамя Беларусі ён таксама наведаў яшчэ 10 краін.
Падарожжы Арцём пачынаў з прыгарадных цягнікоў — дызеляў і электрычак.
«Гэта было танна, весела і ўвогуле люблю чыгунку. Пазней сталі карыстацца пасажырскімі цягнікамі. Калі скончыліся гарады, дзе ёсць чыгунка — у ход пайшлі аўтобусы. Планаваць лагістыку станавілася ўсё складаней. Але да таго часу ў сябра з’явілася машына, і ўсе прагалы закрылі паездкамі на аўтамабілі. На веласіпедзе ездзіў па сваім і суседніх раёнах», — расказаў ён.
Паводле слоў Арцёма, працягласць паездак залежала ад лагістыкі:
«Ну, кожны раз па-рознаму. Шмат што залежала ад лагістыкі і раскладу БЧ. Абласныя, вядома, не адзін дзень, ну і там я ўвогуле бываў па 5—6 разоў у кожным. У большасці гарадоў дастаткова паўдня».
Выдаткі ён не падлічваў:
«Але па факце кожная паездка абыходзілася ў капейкі. Прыгарадныя цягнікі каштуюць няшмат і цяпер, а ў 2010‑ых тым больш. Хатняя ежа, тэрмас… ды і ўсё ў прынцыпе».
Таксама ён расказаў, што першы час рабіў нататкі пра кожнае месца. Вёў блог, дзе падрабязна апісваў кожную паездку, цікавыя месцы і спосабы даехаць.
«Пазней гэтыя нарысы ператварыліся ў занадта аднатыпныя з-за колькасці месцаў, і я перастаў гэтым займацца».
Адным з самых любімых гарадоў падарожнік назваў Гродна. Ён адзначыў атмасферу, архітэктуру і асабістыя ўспаміны:
«Да таго ж толькі ў гэтым горадзе я праводзіў час з найлепшымі людзьмі ў маім жыцці».
Сярод рэгіёнаў ён таксама вылучыў Гродзенскую вобласць і часткі Віцебскай вобласці, асабліва каля мяжы з Літвой. А любімыя — Лунінец і Лунінецкі раён, «таму што Радзіма!»
Карыстальнікі пыталіся ў Арцёма і пра канкрэтныя месцы. Напрыклад, пра Іўе:
«Шыкоўны [горад]. Асабліва касцёл, на які адкрываецца прыгожы від з дарогі. Не прыпомню больш горада ў Беларусі з перасячэннем чатырох рэлігій».
Таксама яго пыталіся пра Ліду і выкарыстанне гідаў:
«Не, ніколі і ніякіх гідаў не наймалі. Мэта заключалася ў саміх паездках і жаданні паглядзець горад вачыма простага турыста. Маршрут выбіраўся з папулярных рэсурсаў. Асноўныя славутасці — з пуцяводнікаў. У Лідзе бываў часта, у тым ліку на Lidbeer».
Адказваючы на пытанне пра адрозненні паміж рэгіёнамі, ён адзначыў:
«Безумоўна! І гэта вельмі ярка выяўлена».
Маршрут выхаднога дня на захад ад Мінска: дух барока, унікальныя мазаікі і скрыжаванне рэлігій
Мінімальная норма — 100 кіламетраў у дзень: жыхар Пінска аб'ехаў на ровары ўсе раёны Беларусі
З’явіўся новы рэйтынг беларускіх гарадоў — вось як выглядае топ-20
Беларусы за 10 гадоў аб'ехалі ўсе раёны краіны. А цяпер яны падзяліліся парадамі, памылкамі і склалі шэсць маршрутаў для пачаткоўцаў
Каментары