БелАЗ прадставіў першы ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 220 тон, які працуе на звадкаваным прыродным газе. Прэзентацыя новай мадэлі БелАЗ-7530Р адбылася на міжнароднай выставе «Вугаль Расіі і Майнінг-2026» у расійскім Новакузнецку, піша БелТА.

Асноўнымі асаблівасцямі новай машыны сталі газапоршневы рухавік, распрацаваны спецыяльна для працы на экалагічна больш чыстым паліве, а таксама кабіна новага пакалення з павышаным узроўнем камфорту, эрганомікі і бяспекі для аператара.
Самазвал абсталяваны рухавіком магутнасцю 2335 конскіх сіл, які працуе разам з электрапрывадам і сучаснай электроннай сістэмай кіравання.
На прадпрыемстве адзначаюць, што выкарыстанне звадкаванага прыроднага газу дазваляе істотна знізіць выдаткі на паліва ў параўнанні з дызелем. Акрамя таго, зніжаецца колькасць шкодных выкідаў у атмасферу.
Кіраўніцтва БелАЗа лічыць, што ў будучыні каля траціны выпусканых кампаніяй кар’ерных машын могуць атрымаць газапоршневыя рухавікі. Плануецца правесці выпрабаванні тэхнікі розных класаў грузападымальнасці, у тым ліку на 90, 130 і 220 тон.
Каментары