Свет22

Тэст для Кіра Стармера. У Брытаніі чакаюць мясцовых выбараў — і беспрэцэдэнтных вынікаў

Ледзь не галоўная інтрыга гэтых выбараў — наколькі моцны ўдар атрымае Лейбарысцкая партыя. Але акрамя гэтага ўдару можа падвергнуцца сама двухпартыйная сістэма.

Лідар Reform UK Найджэл Фарадж. Фота: Jordan Pettitt / PA Images via Getty Images

Сёння ў Вялікабрытаніі пройдуць найбуйнейшыя выбары з моманту прыходу да ўлады лейбарыстаў два гады таму. У Англіі пройдуць выбары ў 136 мясцовых радаў, а Уэльс і Шатландыя прагаласуюць за свае нацыянальныя парламенты, піша Бі-бі-сі.

Ці не галоўная інтрыга гэтых выбараў — наколькі моцны ўдар атрымае Лейбарысцкая партыя. Але акрамя гэтага ўдар можа зведаць сама дзвюхпартыйная сістэма, на якой брытанская палітыка трымалася больш за стагоддзе.

Кансерватыўная партыя змагаецца толькі за тое, каб захаваць пазіцыі, ліберал-дэмакраты, зялёныя і правыя з партыі Reform UK чакаюць пакуль толькі лакальных, але раней небывалых перамог.

Рады раёнаў гарадоў і невялікіх адміністрацыйных тэрыторый у Вялікабрытаніі — выбарныя. Гэты ўзровень улады знаходзіцца ў самым блізкім кантакце з насельніцтвам.

Рады адказваюць за добраўпарадкаванне, рамонт мясцовых дарог, збор смецця, дапамагаюць пажылым людзям, падтрымліваюць лакальныя ініцыятывы, дапамагаюць школам і бібліятэкам. Мясцовыя рады разглядаюць пытанні будаўніцтва або перапланіроўкі дамоў на іх тэрыторыях.

Выбары пройдуць у 136 радах з 317-ці.

Паводле даных незалежнага аналітычнага цэнтра Institute for Government, зараз у 66 са 134 (яшчэ два толькі створаныя, і выбары там пройдуць упершыню) мясцовых органаў улады большасць — у лейбарыстаў, у 16 — у кансерватараў, у 13 — у ліберал-дэмакратаў, у адным — у незалежных дэпутатаў.

Яшчэ ў 38 ярка выяўленай большасці няма ні ў адной партыі, яны кіруюцца кааліцыямі.

Аналізуючы апытанні, якія рэгулярна праводзяцца, брытанская прэса піша пра тое, што лейбарыстаў чакае адно з самых балючых паражэнняў за дзесяцігоддзі.

Да 7 мая самай нізкай пазіцыяй іх электаральнага падзення на мясцовых выбарах быў 2009‑ы год — у лейбарыстаў было толькі каля 20% дэпутацкіх месцаў на мясцовым узроўні ў параўнанні з прыкладна 38% у 2004 годзе. Гэтым разам апытанні ім прадказваюць ад сілы 19%.

Газета Guardian цытуе Стывена Фішэра, прафесара палітычнай сацыялогіі Оксфардскага ўніверсітэта. Паводле яго падлікаў, лейбарысты страцяць 74% ад колькасці займаных імі месцаў, за якія ідзе барацьба.

Такое падзенне папулярнасці менш чым за два гады ва ўладзе аналітыкі звязваюць з нерашучасцю лідара Кіра Стармера і папракаюць яго ў тым, што ён не змог скарыстацца большасцю ў парламенце для правядзення неабходных рэформаў. Эканоміка не расце абяцанымі тэмпамі, выбаршчыкі незадаволеныя якасцю жыцця.

Скандал з прызначэннем паслом у ЗША Пітэра Мандэльсона (які, як высветлілася, праваліў праверку на адпаведнасць пасадзе перад прызначэннем і абвінавачваецца ў перадачы сакрэтнай інфармацыі асуджанаму за педафілію амерыканскаму фінансісту Джэфры Эпштэйну) стаў моцным персанальным рэпутацыйным ударам для Стармера і падняў пытанне пра яго будучыню на пасадзе прэм'ера.

Сур'ёзнае паражэнне лейбарыстаў на мясцовых выбарах рызыкуе яшчэ больш пагоршыць яго становішча.

Лондан зелянее і правее

Жорсткі ўдар лейбарысты могуць атрымаць у Лондане, дзе 7 мая будуць выбірацца саветы дэпутатаў усіх 32 гарадскіх раёнаў. Зараз у партыі большасць у 21 раёне. Сацыялагічная кампанія YouGov прадказвае, што пасля 7 мая іх можа застацца 15.

Выданне Independent піша, што гэта будзе найгоршы вынік для Лейбарысцкай партыі з 1982 года — часоў магутнасці прэм'ера Маргарэт Тэтчэр — тады лейбарысты кантралявалі ўсяго 12 раёнаў.

Паводле папярэдніх раскладаў YouGov, партыя зялёных прэтэндуе на большасць галасоў у чатырох раённых радах сталіцы, Reform UK — у трох. Гэта будзе самы значны вынік у гісторыі гэтых партый.

Пры гэтым сацыёлагі агаворваюцца, што з-за асаблівасцяў электаральнай сістэмы большасць галасоў неабавязкова транслююцца ў большасць месцаў у савеце.

За любую партыю, акрамя…

Паводле ацэнкі прафесара палітычнай сацыялогіі з Оксфарда Стывена Фішэра, партыя правых папулістаў Reform UK атрымае 2260 новых месцаў у радах, што ўтрая павялічыць яе мясцовае прадстаўніцтва ў Англіі.

Партыя зялёных — з фокусам на клімаце і экалогіі і левай эканамічнай праграмай — існуе яшчэ з пачатку 1970‑х гадоў. Раней ім удавалася выбіраць на розных узроўнях асобных дэпутатаў, зараз YouGov прадказвае ім большасць галасоў у чатырох лонданскіх раёнах.

Ліберал-дэмакраты, якія аб'ядналіся ў канцы 1980-х, ужо прадстаўлены на мясцовым узроўні. Зараз жа ў асобных раёнах Лондана яны могуць атрымаць беспрэцэдэнтныя для іх 36-49% галасоў.

Гэтыя мясцовыя выбары наносяць удар не толькі па кіруючай партыі, а па палітычным дуумвіраце, які склаўся за дзесяцігоддзі, з лейбарыстаў і кансерватараў, якія яшчэ нядаўна спаборнічалі ў асноўным адзін з адным.

Выбаршчыкі стаміліся ад абедзвюх партый, у апошнія гады ідэалагічная розніца паміж імі станавілася ўсё менш заўважнай, а скандалаў з іх удзелам было ўсё больш. Reform будзе адбіраць галасы ў кансерватараў, Партыя зялёных — у лейбарыстаў.

Брытанскія медыя чакаюць «беспрэцэдэнтных» для краіны вынікаў.

Будучыня нацыяналістаў у Шатландыі і Уэльсе

Выбары таксама пройдуць у парламентах Шатландыі і Уэльса — абодва рэгіёны маюць значную аўтаномію, у тым ліку ўласныя заканадаўчыя сходы і ўрады.

Найбольшая інтрыга захоўваецца ва Уэльсе. Паводле апытанняў, лейбарысты — найбуйнейшая партыя рэгіёну, якая выйгравала выбары ў мясцовы парламент з моманту яго заснавання ў 1999 годзе — могуць у гэты раз заняць толькі трэцяе месца.

Барацьба за першае разгорнецца паміж Reform і валійскімі нацыяналістамі з Plaid Cymru (Партыя Уэльса). Зрэшты, нават калі Reform набярэ больш за ўсё галасоў, у правых няма відавочных кааліцыйных партнёраў.

Гэта значыць, што першым міністрам (фактычна лідарам) Уэльса з найбольшай верагоднасцю стане кіраўнік Plaid Cymru Рун ап Іёрверт. У інтэрв'ю журналістам ён казаў, што не будзе дамагацца незалежнасці рэгіёну, як гэта рабіла Шатландская нацыянальная партыя (SNP).

У любым выпадку, як адзначае часопіс Economist, гэта будзе гістарычная перамога для валійскіх нацыяналістаў.

У Шатландыі ж уладу, хутчэй за ўсё, захавае SNP, якая кіруе з 2007 года. Але Reform мае шанцы павялічыць сваё прадстаўніцтва з аднаго да 20 месцаў, што зробіць яе другой па колькасці партыяй у парламенце.

Лідэр SNP і першы міністр Шатландыі Джон Суіні ўжо выключыў супрацоўніцтва з партыяй Найджэла Фараджа. Але папулярнасць у рэгіёне правых, якія выступаюць за непадзельнасць Злучанага каралеўства, пасылае мясцоваму ўраду сігнал пра тое, што незалежнасць не так моцна хвалюе шатландцаў, як раней.

Каментары2

  • UK
    07.05.2026
    Вы сапраўды лічыце чытачоў дурнямі, якія зусім не ведаюць, што ў ВБ на крытыку ўраду лейбарыстаў і Стармера паўплывала не толькі эканамічная сітуацыя, але таксама вялікая праблема з нееўрапейскімі мігрантамі і іх крымінальнай актыўнасцю і таксама абсурдныя як у Оруэла масавыя арышты за каментары ў інтэрнэце? Хто як хто, але беларусы павінны зразумець, аднак...
  • чытач
    07.05.2026
    Вам не сорамна называцца Бастыёнам Беларушчыны і рэгулярна спасылацца на расейскамоўныя выданні? Людзі, Наста маладзейшая за мяне, англійскую наша пакаленне ведае, навошта спасылацца на моўна расейскія крыніцы?

Цяпер чытаюць

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі39

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка збіраецца на доўгі час за мяжу57

Лаўроў: Беларусь імкнуцца ўцягнуць ва ўкраінскі канфлікт11

Заробак як у айцішніка: беларускаму трактарысту прапануюць да 10 тысяч рублёў. Разабраліся, у чым сакрэт5

СК РФ назваў прозвішчы адказных і выканаўцаў, хто, па яго версіі, атакаваў аўтобус з беларускімі дзецьмі пад Бранскам17

26‑гадовы Максім з Баранавіч — новая ахвяра вайны12

«Гэта ўнікальны выпадак!» Каля «Мінск-Свету» заўважылі птушку года1

Будынак крэйдавага завода ў Белгарадскай вобласці разбураны ў выніку ўдару беспілотнікаў1

Ордэн Белага Арла, які забралі ў Зяленскага, вярнуўся ў Польшчу. Што з ім будзе цяпер?4

У Крыме здарылася маштабнае адключэнне святла6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі39

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць