Свет22

Каб Ахмадзінежад перахапіў уладу ў Іране, Ізраіль і ЗША знішчылі ахоўнікаў, якія трымалі яго пад хатнім арыштам

Але план не спрацаваў: вызваліць яго вызвалілі, але дзе цяпер былы прэзідэнт Ірана, ніхто не ведае.

Махмуд Ахмадзінежад. 2 чэрвеня 2024 года. Фота: AP Photo / Vahid Salemi

Як піша The New York Times, яшчэ ў першыя дні вайны Дональд Трамп публічна казаў, што Іранам павінен кіраваць «хтосьці знутры краіны». Але мала хто мог уявіць, што гаворка ішла менавіта пра Махмуда Ахмадзінежада — былога прэзідэнта Ірана, аднаго з самых жорсткіх і антызаходніх кіраўнікоў у гісторыі краіны.

Чаму Ахмадзінежад?

Як адзначае аўтар матэрыялу, выбар Ахмадзінежада выглядаў надзвычай дзіўным. Хоць апошнім часам ён усё часцей канфліктаваў з кіраўніцтвам краіны і знаходзіўся пад пільным наглядам іранскіх уладаў, падчас свайго прэзідэнцтва з 2005 па 2013 год ён быў вядомы заклікамі «сцерці Ізраіль з карты свету». Ахмадзінежад адмаўляў Халакост, сцвярджаў, што ў Іране «няма ніводнага гея», выступаў на канферэнцыі «Свет без сіянізму» і жорстка душыў унутраныя пратэсты.

У той жа час у апошнія гады Ахмадзінежад усё часцей канфліктаваў з іранскім кіраўніцтвам. Яго тройчы — у 2017, 2021 і 2024 гадах — не дапускалі да прэзідэнцкіх выбараў. Ён адкрыта абвінавачваў улады ў карупцыі і кепскім кіраванні, а яго перамяшчэнні былі моцна абмежаваныя. Рэжым пачаў лічыць яго патэнцыйна дэстабілізуючым элементам.

На думку аўтара, менавіта гэта і зрабіла яго цікавым для ЗША і Ізраіля. Амерыканскія чыноўнікі казалі, што ўнутры іранскага рэжыму ёсць людзі, гатовыя супрацоўнічаць з Вашынгтонам, нават калі іх нельга назваць «умеранымі». Сам Трамп у той час быў задаволены аперацыяй супраць венесуэльскага лідара Нікаласа Мадура і лічыў, што падобную мадэль можна паўтарыць і ў Іране.

Паплечнік Ахмадзінежада распавёў NYT, што амерыканцы бачылі ў ім чалавека, здольнага кантраляваць «палітычную, сацыяльную і вайсковую сітуацыю» ў Іране. Суразмоўца нават параўнаў яго з Дэлсі Радрыгес, якая ўзяла ўладу ў Венесуэле пасля захопу Мадура амерыканцамі і з таго часу шчыльна супрацоўнічае з Трампам.

Дзёрзкі план

Паводле звестак амерыканскіх чыноўнікаў, ізраільцяне распрацавалі шматэтапны сцэнар звяржэння тэакратычнай улады ў Іране. У яго ўваходзілі масіраваныя авіяўдары ЗША і Ізраіля, забойства вярхоўнага лідара краіны аяталы Алі Хаменеі, выкарыстанне курдскіх сіл супраць іранскай арміі, інфармацыйныя аперацыі і стварэнне ўражання, што рэжым страчвае кантроль над краінай. У выніку, як меркавалася, у Іране павінна была з’явіцца «альтэрнатыўная ўлада».

Адной з ключавых фігур гэтага плана і быў былы прэзідэнт Ірана. Як сцвярджае NYT са спасылкай на амерыканскія крыніцы, гэтая задума была распрацавана ізраільцянамі і папярэдне ўзгоднена з самім Ахмадзінежадам.

Як адзначае NYT, ізраільскі ўдар па доме былога прэзідэнта Ірана ў Тэгеране ў першы дзень вайны меў на мэце не забіць яго, а вызваліць з-пад варты.

Удар наносіўся па пункце аховы на ўездзе ў тупіковую вуліцу, дзе жыў былы прэзідэнт. Сам дом амаль не пацярпеў, але будынак аховы быў знішчаны — гэта пазней пацвердзілі спадарожнікавыя здымкі.

Паводле NYT, загінулі не проста целаахоўнікі Ахмадзінеджада, а супрацоўнікі Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, якія адначасова і ахоўвалі яго, і фактычна трымалі пад хатнім арыштам. Спачатку ў іранскіх медыя нават з’явіліся паведамленні пра смерць былога прэзідэнта, але пасля дзяржаўныя агенцтвы ўдакладнілі, што ён выжыў.

У сакавіцкім артыкуле ў часопісе The Atlantic са спасылкай на ананімных паплечнікаў Ахмадзінежада гаварылася, што былы прэзідэнт быў паспяхова вызвалены з-пад варты пасля ўдару па яго доме. Артыкул апісваў гэта як «фактычную аперацыю па ўцёках з турмы». Гэтую інфармацыю пацвердзіў і паплечнік Ахмадзінежада ў каментары для NYT: экс-прэзідэнт сапраўды ўспрыняў удар як спробу яго вызвалення.

Правал

Аднак аперацыя пайшла не паводле сцэнарыя. Падчас удару Ахмадзінеджад атрымаў раненне. Як піша NYT са спасылкай на паплечніка былога прэзідэнта Ірана, апынуўшыся на валаску ад смерці, ён расчараваўся ў плане змены рэжыму.

Нягледзячы на тое, што яго фактычна вызвалілі, з моманту ўдару Ахмадзінежад больш не з’яўляўся публічна. Яго цяперашняе месцазнаходжанне і стан здароўя застаюцца невядомымі.

Фота: Fatemeh Bahrami / Anadolu via Getty Images

Як падсумоўвае NYT, амаль нічога з ізраільскага плана не атрымалася. Акрамя авіяўдараў і ліквідацыі вярхоўнага лідара, астатнія элементы аперацыі праваліліся. Іранскі рэжым вытрымаў першыя месяцы вайны, а разлікі ЗША і Ізраіля на хуткі крах улады аказаліся памылковымі.

Тым не менш кіраўнік Масада Давід Барнэа ў размовах з калегамі сцвярджаў, што план усё яшчэ меў «вельмі высокія шанцы на поспех», калі б яго дазволілі рэалізаваць да канца.

Як піша NYT, дагэтуль незразумела, якім чынам Ахмадзінеджада ўцягнулі ў гэты план. Прэс-сакратар Масада адмовіўся ад каментароў.

Каментары2

  • sdg
    20.05.2026
    Напоминает план России в Украине
  • лол
    20.05.2026
    а евреи с трумпами еще более великие стратехи чем казалось)
    понятия не имею как может "перехватить власть" один чувак "освобожденный из плена"
    наверное его наличие "на свободе" жутко бы испугало два ляма+ КСИРовцев которых ахмади очень любит и в свое время сам активно развивал))

Цяпер чытаюць

Маладую беларуску пратрымалі ў расійскім СІЗА амаль 4 гады і апраўдалі. А кампенсацыю далі такую, нібыта ў твар плюнулі7

Маладую беларуску пратрымалі ў расійскім СІЗА амаль 4 гады і апраўдалі. А кампенсацыю далі такую, нібыта ў твар плюнулі

Усе навіны →
Усе навіны

З малатка па нетыповай схеме прадалі кватэру эканаміста Паўла Данэйкі4

У мінскай краме выставілі на продаж цэлую скрынку гнілой бульбы

Трамп назваў лідараў Ірана нячэснымі людзьмі, якія злілі ў СМІ вартую жалю і нікчэмную заяву9

У Беларусі ўвядуць ордэн «Бацькоўская доблесць»5

Прарасійскі блогер заявіў, што ўкраінскія дроны ляцяць у Расію праз Беларусь16

У Баранавіцкім раёне трапіў у ДТЗ аўтамабіль з клубніцамі. Ягады заслалі дарогу ФОТА2

Тры нажы, чатыры гадзіны і 35 літраў. Беларусы актыўна збіраюць першыя лісічкі4

Міністр замежных спраў Літвы сустрэўся з прадстаўнікамі беларусаў і запэўніў іх у нязменнасці палітыкі10

18‑гадовы сын Рамзана Кадырава Адам атрымаў званне Героя Чачні. Другі раз9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маладую беларуску пратрымалі ў расійскім СІЗА амаль 4 гады і апраўдалі. А кампенсацыю далі такую, нібыта ў твар плюнулі7

Маладую беларуску пратрымалі ў расійскім СІЗА амаль 4 гады і апраўдалі. А кампенсацыю далі такую, нібыта ў твар плюнулі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць