Грамадства2727

Ціханоўская і Зяленскі сустрэліся ў Кіеве

«Лукашэнка сказаў, што ўжо час сустрэцца прэзідэнтам Украіны і Беларусі», — пажартаваў Зяленскі.

Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі, Кіеў, 26 мая 2026. Фота: Наша Ніва

Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэліся ў Кіеве падчас Міжнароднага саміта гарадоў і рэгіёнаў.

Пералічваючы гасцей форуму, Зяленскі падчас сваёй прамовы адзначыў, што Беларусь удзельнічае ў такім фармаце ўпершыню. Ён пажартаваў.

«Лукашэнка сказаў, што ўжо час сустрэцца прэзідэнтам Украіны і Беларусі, — зрабіў ён паўзу і паглядзеў у залу, заўсміхаўшыся. — І цікава выйшла: сказаў Лукашэнка, а прыехала Святлана Ціханоўская. Рады вас бачыць, Святлана!».

Скрыншоты з трансляцыі

Ціханоўская выступіла з прамовай адразу пасля Зяленскага. Яе прадставілі як кіраўніцу Аб'яднанага пераходнага кабінета.

«Для мяне вялікі гонар быць тут, у Кіеве, разам з вамі. Сёння Украіна натхняе ўвесь свет», — пачала сваю прамову Ціханоўская.

Яна адзначыла, што Украіна змагаецца не толькі за сябе, але «за ўсе нацыі, якія занадта доўга жылі ў ценю імперыі», і плаціць за тое велізарную цану.

«Мы, беларусы, таксама нясём адказнасць за тое, што адбываецца ва Украіне. Але я прашу вас падзяляць злачынны рэжым Лукашэнкі, які служыць Расіі, і беларускі народ, які стаіць разам з Украінай.

Многія беларусы ўжо дапамагаюць Украіне — як добраахвотнікі на полі бою, як партызаны, якія чыняць сабатаж супраць расійскіх войскаў, і ахвяруючы грошы на ўкраінскую армію.

І беларусы таксама будуць гатовыя дапамагчы ў аднаўленні Украіны. (…)

Але самае важнае, што Беларусь можа і павінна даць Украіне ў будучыні — гэта бяспека. Гарантыя таго, што больш за тысячу кіламетраў сумеснай мяжы будуць у бяспецы. Што Беларусь больш ніколі не стане плацдармам для агрэсіі. Што расійскія танкі больш ніколі не рушаць праз Беларусь у бок Чарнігава, Жытоміра, Роўна ці Кіева».

Ціханоўская адзначыла, што верыць, што і Украіна дапаможа беларусам спачатку дэмантаваць дыктатуру, а потым — адбудаваць краіну пасля 30 гадоў дыктатуры.

Яна таксама выказала захапленне мужнасцю Зяленскага. «Калі пачалася вайна, вы засталіся са сваім народам замест таго, каб здацца. Вы паказалі розніцу паміж лідарам, які стаіць са сваёй нацыяй, і дыктатарам, які здраджае сваёй краіне на карысць замежнай імперыі, каб уратаваць сябе».

Пазней адбылася сустрэча Ціханоўскай і Зяленскага за зачыненымі дзвярыма. Прысутнічалі таксама дарадцы Ціханоўскай Франак Вячорка і Дзяніс Кучынскі, яе намеснік у Кабінеце Павел Латушка.

Абмяркоўвалі пытанні па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі (стварэнне міжведамаснай групы і прызначэнне спецпрадстаўніка па Беларусі, каб вырашаць канрэтныя праблемы) і санкцыйным ціску на рэжым. Ціханоўская адзначыла: Украіна разумее, што Лукашэнка суагрэсар, і ніколі яму гэтага не прабачыць.

«Візіт ва Украіну — гэта вельмі ясны палітычны мэсэдж [ад Украіны], што мы бачым Беларусь вольнай, дэмакратычнай, бяспечнай, і мы гатовы дапамагаць беларусам у дасягненні гэтай мэты, — сказала Святлана Ціханоўская. — Я не бачу нейкага імкнення з украінскага боку палітычна ангажавацца з рэжымам Лукашэнкі».

Абмяркоўвалі таксама праблемы з легалізацыяй беларусаў, якія жывуць ва Украіне. Зяленскі, па словах Ціханоўскай, перадаў задачу гэтым заняцца.

На сустрэчы Ціханоўская таксама падняла пытанне аб каліноўцах, якія ў палоне з чэрвеня 2022 года — гэта Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў. Іх імёны былі ўключаны ва ўкраінскія спісы на абмен палоннымі яшчэ ў ліпені 2022 года, але расійскі бок адмаўляецца аддаваць беларусаў.

Каментары27

  • во
    26.05.2026
    света вышэй за вову
  • ага
    26.05.2026
    во, твой вова ў крамлі, а дакладней у бункерах паміж валдаем і геленджыком
  • Беларус
    26.05.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны32

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Усе навіны →
Усе навіны

У Бразіліі 37‑гадовая жанчына выдавала сябе за 12‑гадовую і трапляла ў прыёмныя сем'і, дзе жыла за чужы кошт7

Кіроўца, які ўляцеў на шалёнай хуткасці ў падземны пераход у Кіеве, перад тым справакаваў чатыры ДТЗ1

Лукашэнка ў Гродне згадаў пра Ціханоўскую ва Украіне і расказаў пра цяжкую долю беларускіх дактароў на Захадзе29

Магілёўскія студэнты зрабілі адкрыццё, разбіраючы даўнюю археалагічную калекцыю1

Загінуў калмыцкі Герой Расіі, які летась праславіўся, дакладваючы Пуціну пра поспехі13

«Выглядае як жарт». У беларускі спісалі 3740 BYN за 6 хвілін у роўмінгу4

У акупаваным Севастопалі пачалі абмяжоўваць продаж прадуктаў у адны рукі5

Археолагі завяршылі сёлетнія раскопкі на Менцы. Што знайшлі?15

У Японіі на чатырох людзей напаў надзвычай кемлівы мядзведзь

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны32

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць