Суд Еўрапейскага саюза пацвердзіў законнасць санкцый, уведзеных супраць «Беларуськалія», генеральнага дырэктара прадпрыемства Івана Галаватага і «Беларускай калійнай кампаніі». Рашэнне было прынята 18 чэрвеня. Суд адхіліў апеляцыі кампаній і топ-менеджара, пакінуўшы ў сіле пастановы суда агульнай юрысдыкцыі ЕС ад верасня 2024 года, піша Reform.news.

У судовым рашэнні адзначаецца, што «Беларуськалій» з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў калійных угнаенняў у свеце і важнай крыніцай даходаў і валютных паступленняў для беларускай дзяржавы.
Суд пагадзіўся з высновамі Савета ЕС пра тое, што прадпрыемства падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, у тым ліку за кошт выплаты дывідэндаў дзяржаве.
Суд таксама паказаў, што супрацоўнікі «Беларуськалія», якія ўдзельнічалі ў забастоўках і мірных акцыях пратэсту пасля выбараў жніўня 2020 года, падвяргаліся ціску і звальненням.
У дакуменце адзначаецца, што ўдзельнікі пратэстаў пазбаўляліся прэмій, а Лукашэнка публічна пагражаў замяніць страйкуючых шахцёраў работнікамі з Украіны.
Суд кваліфікаваў гэтыя дзеянні як падаўленне грамадзянскай супольнасці.
У дачыненні да Івана Галаватага суд паказаў, што ён займаў кіруючую пасаду ў стратэгічна важнай для беларускай эканомікі кампаніі, а таксама ўваходзіў у склад Савета Рэспублікі і займаў іншыя дзяржаўныя пасады.
На думку суда, гэта сведчыць пра яго блізкасць да ўлад і падтрымку рэжыму.
«Беларуская калійная кампанія», якая выступае экспартным аператарам «Беларуськалія», паводле ацэнкі суда, карысталася прэферэнцыямі з боку дзяржавы і спрыяла атрыманню даходаў ад экспарту калійных угнаенняў.
Суд таксама адхіліў довады заяўнікаў пра тое, што паняцце «рэжым Лукашэнкі» з’яўляецца юрыдычна нявызначаным. У рашэнні падкрэсліваецца, што гэты тэрмін дастаткова ясны і дазваляе ўстанаўліваць сувязь паміж дзеяннямі кампаній і падтрымкай беларускіх улад.
Акрамя таго, суд не знайшоў парушэнняў прынцыпаў прававой вызначанасці і сувымернасці, паказаўшы, што абмежавальныя меры накіраваны на ўзмацненне ціску на беларускія ўлады ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека і падтрымкай расійскай вайны супраць Украіны.
Апелянтам загадана пакрыць судовыя выдаткі Рады ЕС.
Каментары
Імаверна адвакаты Беларускалія будуць ціснуць на тое, што Беларускалій з'яўляецца адзіным вытворцай калійных угнаенняў, а таму санкцыі на калійную галіну фактычна з'яўляюцца санкцыямі менавіта на Беларускалій. Але па-першае беларускія ўлады паспелі наствараць фэйкавых вытворцаў хлоркалія з сапраўднымі дакумантамі. А па другое - манапалізм беларускай дзяржавы ў калійнай галіне з'яўляецца адміністрацыйна створаным, то бок штучным. Таму наўрадці любы незалежны арбітраж будзе разглядаць падобны манапалізм як аб'ектыўна склаўшыйся.