Упершыню з 2000 года: у Мінску будуюць новую трамвайную канцавую
Праўда, гэта не новы маршрут, а скарачэнне існуючага.
У Мінску ўзводзяць новае разваротнае кальцо трамваяў, або, інакш кажучы, новую канцавую, фатаграфіямі падзяліліся ў Трэдс, піша Blizko.by.
Кальцо робяць каля Палаца дзяцей і моладзі па вуліцы Старавіленскай. Праўда, гэта не новы маршрут, а скарачэнне ўжо існуючага.

Паводле праекта, разваротнае трамвайнае кальцо спачатку перанясуць ад канцавой «Возера» да Палаца дзяцей і моладзі, каб потым, пасля рэканструкцыі вуліц, зноў працягнуць лінію на поўнач, за вуліцу Арлоўскую, але ўжо па Новавіленскай.
Такім чынам, маршруты №3 (з Серабранкі), №4 (ад вакзала) і №5 (з Зялёнага Лугу) скарачаюцца на некалькі прыпынкаў: з новых маршрутаў прыбяруць прыпынкі «Старавіленскі тракт», «Веры Слуцкай» і «Возера».

Аднак на транспартных форумах сумняваюцца, што будаўніцтва новай лініі сапраўды адбудзецца. Многія мінчане мяркуюць, што часовае кальцо каля Палаца дзяцей і моладзі так і застанецца пастаянным. Зараз у каментарыях таксама гучалі скептычныя настроі:
- «Знішчылі паркоўку і абрэзалі лінію на некалькі прыпынкаў»;
- «Калі трэба пабудаваць нешта для таго, каб іншае знішчыць, то гэта робіцца хутка».
- Але былі і тыя, хто ўзрадаваўся:
- «Нарэшце змогуць зрабіць нармальны выезд з горада па Далгінаўскім тракце без затораў»;
- «Ну вось жа, будуюць трамвайныя шляхі, як у Еўропе!»
Паводле Blizko.by, новую канцавую абсталёўваюць упершыню з 2000 года.
Тады разваротнае кальцо «Мяснікова» перанеслі ад плошчы Мяснікова праз вуліцу Маскоўскую бліжэй да вакзала. Апошнюю новую трамвайную ветку ў Мінску праклалі ў 1986 годзе па вуліцы Чапаева.
З таго часу трамвайная сетка і інфраструктура толькі скарачаюцца:
- 1990: закрыццё веткі на Аўтазавод
- 2013: ліквідацыя разваротнага кальца «Валгаградская»
- 2015: закрыццё лініі па вуліцы Кастрычніцкай
У 2018 годзе таксама збіраліся дэмантаваць разваротнае кальцо на вуліцы Змітрака Бядулі, але пасля петыцыі з патрабаваннем захаваць кальцо транспартнікі афіцыйна адказалі, што яно будзе захавана. Яно ацалела.
-
Літва палічыла фігуранта расследавання «Нашай Нівы» Скіндзерава пагрозай нацыянальнай бяспецы і збіраецца пазбавіць статусу ўцекача
-
У прыгранічных Лельчыцах вучыліся разгортваць рухомыя пункты харчавання і рэчавага забеспячэння
-
У Віцебску на пешаходным пераходзе паставілі незвычайныя слупкі. Як яны працуюць?
Каментары