Яму было 88 гадоў. Чаргінец адзіны з жывых літаратараў меў статус народнага пісьменніка Беларусі.

Мікалай Чаргінец нарадзіўся 17 кастрычніка 1937 года ў Мінску. У маладосці займаўся футболам і выступаў за некалькі савецкіх клубаў.
У 1963 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры, а ў 1967 годзе — юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1964 года служыў у органах унутраных спраў, прайшоўшы шлях ад супрацоўніка крымінальнага вышуку да начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС БССР. У 1984—1987 гадах быў дарадцам у Афганістане. Меў вучоную ступень кандыдата юрыдычных навук і званне генерал-лейтэнанта ўнутранай службы.
Як пісьменнік ён стаў адным з найбольш вядомых аўтараў так званага «міліцэйскага дэтэктыву». Пісаў выключна на рускай мове. Напісаў каля паўсотні кніг, сярод якіх «Вам — задание», «За секунду до выстрела», «Тайна Черных Гор», «Сыновья», «Киллер», «Побег», «Смерть за смерть» і іншыя. Паводле яго твораў былі зняты мастацкія і тэлевізійныя фільмы.
Чаргінец з'яўляўся адной з сімвалічных фігур сярод праўладных літаратараў, у 2005—2022 гадах быў старшынёй праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Таксама ён актыўна ўдзельнічаў і ў дзейнасці праўладных палітычных структур, з 1997 па 2008 год узначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.
За ўсё гэта Мікалай Чаргінец быў узнагароджаны шматлікімі дзяржаўнымі ордэнамі і медалямі СССР, Беларусі і іншых краін. А ў 2022 годзе яму было прысвоена ганаровае званне «Народны пісьменнік Беларусі» — упершыню за ўсю гісторыю яго атрымаў літаратар, які не пісаў па-беларуску.
Каментары