Расійскі мільярдэр, ураджэнец Гомеля Мельнічэнка выступіў з праграмным артыкулам з апісаннем магчымага новага парадку ў Еўропе
Андрэй Мельнічэнка, які займае восьмае месца ў спісе найбагацейшых расіян паводле Forbes з капіталам каля 20 мільярдаў даляраў, апублікаваў у The Economist артыкул, у якім сцвярджае, што цяперашняе супрацьстаянне паміж Расіяй і Захадам не можа працягвацца бясконца. Ён заклікае пасля завяршэння вайны стварыць новую сістэму бяспекі ў Еўропе з удзелам Масквы, а таксама апісвае пяць магчымых сцэнарыяў будучыні Расіі.

«Вялікія войны не пачынаюцца там, дзе гучаць першыя стрэлы. Лінія фронту — гэта толькі пункт, дзе назапашаны ціск нарэшце прарываецца на паверхню», — пачынае свой артыкул Андрэй Мельнічэнка. Гэта, і не толькі гэта ў яго тэксце, паклікана апраўдаць дзеянні цяперашняга кіраўніцтва Расіі і імперыялістычную вайну ва Украіне. Аднак ёсць у выказваннях Мельнічэнкі і выхады за пуцінскую парадыгму, што змушае ўважліва ўдумацца: які выхад з сітуацыі бачыць вялікі расійскі бізнэс.
Яшчэ да пачатку баявых дзеянняў, піша Мельнічэнка, разбураюцца асновы міжнародных адносін: мова ўзаемнай бяспекі, давер да ўзятых абавязацельстваў, агульнае разуменне дапушчальнага і здольнасць успрымаць іншы бок як частку супольнай сістэмы, а не як ворага, якога трэба ліквідаваць.
Расійскі мільярдэр лічыць, што вайна ва Украіне — менавіта такі выпадак. На яго думку, яна «складаецца з некалькіх пластоў: трагедыі народаў, якія стагоддзямі жылі ў супольнай гістарычнай прасторы; канфлікту паміж Расіяй і Захадам — спрэчкі за тэрыторыі, альянсы, гістарычную памяць і будучыню сусветнага парадку».
Аднак, як сцвярджае Мельнічэнка, сапраўдная прычына крызісу яшчэ глыбейшая. Ён мяркуе, што сучасны свет страціў механізм, які калісьці дазваляў вялікім дзяржавам суіснаваць у адзінай сістэме бяспекі без адмаўлення права адна адной на ўласныя інтарэсы.
«Калі гэты механізм разбураецца, маральныя формулы пачынаюць падмяняць архітэктуру бяспекі, а пакаранне памылкова ўспрымаецца як стратэгія», — піша ён.
«Я не палітык і не ідэолаг. (…) Я спрабую апісваць свет як фізік — такім, які ён ёсць, а не такім, якім хацелася б яго бачыць», — адзначае Мельнічэнка і тлумачыць, што складаныя сістэмы не рэагуюць на палітычныя заявы: яны працуюць, пакуль захоўваюцца ключавыя сувязі, і разбураюцца, калі пашкоджваюцца апорныя элементы.
«Паток падобны да ракі: яго нельга проста абвясціць скасаваным. Яго можна перанакіраваць, але ён не знікне», — піша бізнэсмен і ў якасці прыкладу прыводзіць аварыю на Чарнобыльскай АЭС.
«Гэта доказ таго, што складаная сістэма, якая змяшчае велізарную колькасць энергіі, не прабачае пралікаў або ганарыстасці. Ланцуг невялікіх падзей можа перарасці ў катастрофу яшчэ да таго, як нехта ўсвядоміць, што адбываецца.
Гэты досвед не дазваляе мне ставіцца да ядзернага фактару як да абстракцыі; гэта абсалютнае абмежаванне, за межамі якога любая задача траціць сэнс. Там, дзе наступствы фізічна незваротныя, такі падыход з'яўляецца адзінай прымальнай формай адказнасці», — адзначае ён.
Калі суверэнітэт становіцца праблемай
Наступны раздзел свайго артыкула Мельнічэнка прысвячае паняццю дзяржаўнага суверэнітэту. Ён называе галоўным парадоксам сучаснасці тое, што патрэба ў міжнароднай бяспецы ніколі не была такой высокай, аднак механізмы, якія павінны яе забяспечваць, наадварот, аслаблі.
На яго думку, у выніку гэтага ўсё часцей узнікае спакуса разглядаць суверэнітэт праціўніка як крыніцу пагрозы. Сам жа аўтар займае супрацьлеглую пазіцыю.
«Знішчэнне суверэнітэту не вырашае праблему бяспекі. Яно ліквідуе адзіны механізм, праз які гэтую праблему можна вырашыць», — даводзіць Мельнічэнка.
Ён падкрэслівае, што Украіна — гэта не проста поле бою паміж Расіяй і Захадам, а суверэнная дзяржава, грамадства і палітычная воля, якія заплацілі за вайну велізарную цану. У гэтым Мельнічэнка смела выходзіць за пазіцыю пуцінскай Масквы. Менавіта адмаўленне права Украіны ды іншых краін былога СССР, у тым ліку Беларусі, на самастойны выбар свайго шляху развіцця, на незалежнасць, стала ідэалагічным падмуркам спробы захапіць іх.
Пры гэтым, на яго думку, доўгатэрміновая бяспека Украіны таксама не можа будавацца на поўным адмаўленні расійскага суверэнітэту.
«Трывалы мір патрабуе суверэнітэту з абодвух бакоў — не таму, што яны павінны любіць адзін аднаго, а таму, што толькі суверэнныя суб'екты здольныя заключаць пагадненні, якія будуць выконвацца.
Расія сёння валодае суверэнітэтам: яна прымала і працягвае прымаць свае рашэнні самастойна. Гэта не ацэначнае меркаванне, а апісальнае. Расія вызначыла свае жыццёвыя інтарэсы, валодае матэрыяльнай базай для іх абароны і нясе наступствы ўласных рашэнняў», — піша ён.
У той жа час бізнэсмен мяркуе, што ў значнай частцы заходняй дыскусіі пра пасляваенную Расію дамінуе ідэя істотнага абмежавання або нават ліквідацыі яе суверэнітэту. Ён прызнае, што такая логіка мае свае гістарычныя падставы — пасля Другой сусветнай вайны Германія і Японія былі інтэграваныя ў заходнюю сістэму бяспекі, што на доўгі час пазбавіла іх рэваншысцкіх памкненняў.
Аднак, падкрэслівае аўтар, гэтае параўнанне не працуе ў выпадку Расіі.
«Расія — не пераможаная дзяржава, урад якой пацярпеў крах. Але глыбінная надзея тая ж самая: краіна, пазбаўленая стратэгічнай аўтаноміі, урэшце прыме правілы тых, хто яе гэтай аўтаноміі пазбавіў.
У гэтым падыходзе ўтрымліваецца глыбокая памылка. Суверэнітэт — неабходная ўмова любой стабільнай глабальнай архітэктуры бяспекі. (…)
Трывалы мір немагчыма заключыць з тым, хто не нясе сапраўднай адказнасці за ўласныя рашэнні. Такое пагадненне будзе толькі часовай паўзай паміж новымі этапамі канфлікту», — сцвярджае Мельнічэнка і аналізуе чатыры сцэнарыі развіцця Расіі пасля заканчэння вайны, якія, на яго думку, абмяркоўваюцца на Захадзе.
Першы — прыніжаная Расія, адсунутая на перыферыю Еўропы. На думку бізнэсмена, гэта толькі створыць перадумовы для новага рэваншызму.
Другі сцэнарый — пераход Расіі ў арбіту Кітая. Спачатку гэта можа выглядаць як выгадная альтэрнатыва супрацоўніцтву з Захадам, аднак у доўгатэрміновай перспектыве, лічыць Мельнічэнка, Масква проста зменіць адну залежнасць на іншую.
Паводле яго, у такім выпадку Расія рызыкуе ператварыцца ў рынак для кітайскіх тавараў, крыніцу сыравіны, транзітны калідор і буфер паміж Кітаем і Захадам. Аднак і самому Пекіну такая залежная Расія была б не надта выгаднай, паколькі гэта магло б справакаваць стварэнне антыкітайскай кааліцыі.
Трэці магчымы сцэнар — распад Расійскай Федэрацыі. Мельнічэнка называе яго самым небяспечным, бо ён можа прывесці да барацьбы за ядзерны арсенал, рэсурсы і межы.
Чацвёрты варыянт — ператварэнне краіны ў ізаляваную «крэпасць», якая будзе жыць ва ўмовах пастаяннай мабілізацыі і аблогі.
«Навука, тэхналогіі, капітал і грамадскі давер не развіваюцца ва ўмовах вечнага надзвычайнага становішча. Такая мадэль не заканчвае вайну — яна робіць канфлікт спосабам арганізацыі дзяржавы», — даводзіць Мельнічэнка.
«Формы розныя. Сістэмны вынік аднолькавы», — падсумоўвае мільярдэр.
Чаму вайна на знясіленне — не стратэгія
Пасля аналізу чатырох магчымых негатыўных сцэнарыяў аўтар пераходзіць да таго, што лічыць галоўнай памылкай сучаснай заходняй палітыкі. На яго думку, стаўка на працяглае знясіленне Расіі не здольная прывесці ні да трывалага міру, ні да новай сістэмы бяспекі.
Ён сцвярджае, што перамовы магчымыя толькі тады, калі абодва бакі ўпэўненыя, што іх апанент сапраўды здольны адстойваць сваю пазіцыю да канца. Калі ж адзін з бакоў лічыць, што другі блефуе або не мае магчымасці выканаць свае пагрозы, дыпламатыя страчвае сэнс.
Мельнічэнка адзначае, што ў расійскім успрыманні вайна ва Украіне — гэта не толькі канфлікт з Кіевам, але і супрацьстаянне з усім Захадам, якое вядзецца заходнімі грашыма, зброяй і тэхналогіямі. Менавіта такое бачанне, паводле яго, вызначае рашэнні Масквы.
Аналізуючы прычыны канфлікту, мільярдэр звяртае ўвагу на тое, што вайна ва Украіне ў вачах Масквы з'яўляецца супрацьстаяннем з усім заходнім светам. На погляд Мельнічэнкі, карані праблемы ляжаць у ігнараванні інтарэсаў бяспекі Расіі пасля заканчэння халоднай вайны, што ўрэшце прывяло Крэмль да высновы аб бессэнсоўнасці далейшых дыпламатычных намаганняў.
Аўтар думае, што заходняя стратэгія «знясілення» Расіі з'яўляецца памылковай і небяспечнай. Ён сцвярджае, што формула «падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца» — гэта толькі спосаб адкласці прыняцце складаных рашэнняў аб новай архітэктуры еўрапейскай бяспекі.
Больш за тое, бізнэсмен падкрэслівае, што зацягванне канфлікту павялічвае ядзерныя рызыкі. Ядзернае стрымліванне, як заўважае Мельнічэнка, патрабуе адкрытых каналаў сувязі і рацыянальных цэнтраў прыняцця рашэнняў, а не эмацыйнага ціску, які можа штурхнуць складаную сістэму да незваротнай катастрофы.
«Рэальныя сістэмы не працуюць такім чынам, каб іх можна было бяспечна давесці да самай мяжы і спыніць менавіта там, дзе гэта палітычна зручна», — папярэджвае ён.
Ключавым элементам будучай сістэмы бяспекі Мельнічэнка называе суверэнітэт. Ён сцвярджае, што спробы звонку абмежаваць ці разбурыць расійскую суб'ектнасць не вырашаюць праблемы бяспекі, а толькі знішчаюць адзіны механізм, праз які можна дасягнуць трывалага міру. На думку бізнэсмена, устойлівыя пагадненні могуць заключацца толькі паміж суверэннымі дзяржавамі, якія самастойна нясуць адказнасць за ўласныя рашэнні.
Разглядаючы ўнутраныя працэсы ў Расіі, мільярдэр звяртае ўвагу на трансфармацыю расійскай бізнэс– і інтэлектуальнай эліты. Ён адзначае, што санкцыі разбурылі ілюзію палітычна нейтральнай глабалізацыі, у якую дзесяцігоддзямі верылі прадпрымальнікі, навукоўцы і іншыя прадстаўнікі «новай Расіі». Паводле Мельнічэнкі, гэта паставіла іх перад выбарам: поўная эміграцыя або стварэнне ўласнай самадастатковай сістэмы ўнутры краіны. Мельнічэнка пры гэтым замоўчвае важны момант: санкцый не было, пакуль Расія не паспрабавала захапіць Украіну і паставіць Еўропу пад свой кантроль.
Жорсткі знешні ціск, даводзіць мільярдэр, вымушае расійскі бізнэс і грамадства аб'ядноўвацца. Буйны бізнэс, які інвестуе ў Расію, становіцца гарантам яе стабільнасці. Логіка стварэння цяпер накіраваная ўсярэдзіну краіны, каб выправіць мінулыя дысбалансы і стварыць сістэму, якая будзе абараняць сваіх людзей і свае каштоўнасці самастойна. Такім чынам Мельнічэнка спрабуе пераканаць Захад зняць санкцыі — робім выснову, што яны сапраўды працуюць і развіццё Расіі абмяжоўваюць.
Прывабнасць прадказальнасці
Падсумоўваючы свае развагі, Мельнічэнка сцвярджае, што «суверэнная», як ён гэта называе, Расія не абавязкова будзе камфортнай для іншых краін. Аднак, на яго думку, у доўгатэрміновай перспектыве гэта найлепшы варыянт, чым любая з альтэрнатыў.
«Выбар для знешніх гульцоў стаіць не паміж дружалюбнай і варожай Расіяй. Ён стаіць паміж Расіяй, паводзіны якой прадказальныя, і Расіяй, чый далейшы шлях невядомы. У свеце, які цяпер фармуецца, прадказальнасць важнейшая за сімпатыю», — піша аўтар.
Паводле бізнэсмена, дыскусія пра тое, якой павінна стаць Расія, сапраўды непазбежная. Аднак, лічыць ён, весці яе трэба ўжо пасля заканчэння вайны і выключна ўнутры самой краіны.
Тут Мельнічэнка зноў замоўчвае важны момант: ніякага ўнутранага плюралізму, ніякай прасторы для дыскусій унутры Расіі не засталося. Лёс Аляксея Навальнага і крыміналізацыя нават называння вайны вайной тое паказваюць.
Мільярдэр Мельнічэнка пры гэтым заклікае прыняць Расію такой, якая яна ёсць цяпер.
«Выбар перад светам стаіць не паміж любоўю да Расіі і нянавісцю да яе, паміж пакараннем і прабачэннем, паміж маральнай яснасцю і палітычным цынізмам. Гэта выбар паміж двума тыпамі будучыні: той, у якой вялікія дзяржавы зноў вучацца паважаць суверэнітэт адна адной, і той, у якой кожная спрабуе ператварыць астатніх у аб'екты кіравання. Другі шлях ужо прывёў нас сюды.
Самае галоўнае — каб мы зрабілі крок назад ад бездані. Толькі тады мы зможам спытаць, як мы да яе дайшлі і як уладкаваць свет інакш. Гэтая праца належыць наступнаму пакаленню. Наша ж роля — забяспечыць, каб у іх было з чым працаваць», — завяршае свой артыкул Мельнічэнка. Гэта гучыць як намёк на пагрозу ядзернага апакаліпсісу, калі Расіі не дадуць захапіць тое, што яна яшчэ хоча захапіць — а гэта на сёння рэшта Данбаса, але хто ведае, што «суверэнная Масква» назаве сваім заўтра.
Андрэю Мельнічэнку 54 гады. Ён нарадзіўся ў Гомелі, але ўсё яго жыццё прайшло ў Маскве, з Беларуссю ён ніяк не звязаны і беларусам сябе не ўсведамляе. Ён заснавальнік кампаній «Еўрахім» і СУЭК, якія працуюць у сферы хіміі і вугальна-энергетычнай прамысловасці.
Каментары
іван ІМПЕРЫЯЛІСТ , пачытай статут ААН, твае думкі належаць да 19с а не 21с.