Урад Беларусі ўнёс змяненні ў сістэму дзяржаўнага рэгулявання цэн, якая дзейнічае з канца 2022 года. Адпаведную пастанову 10 ліпеня падпісаў прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.

Адным з галоўных новаўвядзенняў стала значнае скарачэнне пераліку тавараў, на якія распаўсюджваецца дзяржаўнае рэгуляванне цэн. Калі раней у ім было 199 пазіцый, то цяпер засталося 76. Пераважна з-пад рэгулявання выведзеныя тавары, якія не адносяцца да тавараў штодзённага попыту.
Урад тлумачыць гэта тым, што на ўнутраным рынку назіраецца адносна стабільная цэнавая сітуацыя. На думку ўладаў, гэта дазваляе беларускім вытворцам і прадаўцам больш гнутка фармаваць цэны і паляпшаць сваё фінансавае становішча. Разам з тым адзначаецца, што ў выпадку неабгрунтаванага росту цэн рэгуляванне на выключаныя тавары можа быць адноўлена.
З-пад дзяржаўнага рэгулявання выключаныя малако, кефір і смятана ў шкляной тары, сумесі чаю, карамель на палачцы, жуйка, а таксама экзатычныя цытрусавыя плады.
Акрамя гэтага, змяніліся максімальныя гандлёвыя надбаўкі на асобныя імпартныя і айчынныя тавары, у тым ліку на малако, кефір, смятану, чорны і зялёны чай.
Урад мяркуе, што гэта не будзе мець істотнага ўплыву на рынак, паколькі асноўную долю продажаў займае беларуская прадукцыя.
Таксама ўводзіцца дзяржаўнае рэгуляванне цэн на асобныя хлебабулачныя вырабы, а таксама мясную і рыбную прадукцыю, якая вырабляецца непасрэдна ў аб'ектах грамадскага харчавання, што належаць гандлёвым арганізацыям, і прадаецца ў іх рознічных крамах. Для такіх тавараў устанаўліваецца абмежаванне гандлёвай надбаўкі — не больш за 10 працэнтаў.
Сярод іншых змяненняў — абмежаванне перыяду, на працягу якога вытворцы могуць самастойна падвышаць адпускныя цэны. Цяпер такое падвышэнне будзе абмежавана адным каляндарным годам, каб не дапусціць назапашвання некалькіх гадоў нявыкарыстанага росту цэн.
Акрамя таго, гандлёвым арганізацыям дазволена ўключаць у выдаткі на фасоўку прадукцыі выдаткі на абавязковую сертыфікацыю расфасаваных тавараў.
Асноўныя змены набудуць моц пасля афіцыйнага апублікавання пастановы. Нормы, якія тычацца цэнаўтварэння на прадукцыю ўласнай вытворчасці аб'ектаў грамадскага харчавання, пачнуць дзейнічаць праз дзесяць дзён пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Каментары