У Зэльве памёр Юры Качук — грамадска-культурны дзеяч, выдавец, калекцыянер, мастак і краязнаўца. Пра яго смерць паведаміў у фэйсбуку Уладзімір Хільмановіч.

«Юрка Качук вельмі шмат зрабіў па ўшанаванні памяці Ларысы Геніюш. Не стала яшчэ аднаго шчырага беларускага патрыёта. Вечная памяць…», — напісаў Хільмановіч.
Юры Качук вядомы тым, што напісаў і выдаў кнігу «Моц смаку», якую прысвяціў традыцыйным беларускім рэцэптам, піша выданне Hrodna.life.
У кнігу ўвайшло каля 350 рэцэптаў, пераважна з заходніх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Беласточчыны. Кожную са страў аўтар гатаваў сам, дэгуставаў і рабіў фота.
«У нас шмат што страчана, шмат скрадзена, шмат да чаго свайго мы са з’едлівасцю ставімся. А другія падымуць гэта, адразу гэта ў іх робіцца нацыянальнай або лакальнай каштоўнасцю», — казаў Качук.
Дызайн для выдання Юры распрацоўваў сам. Кнігу надрукавалі ў польскім выдавецтве. Дзеля рэалізацыі праекту Качук прадаў сваю кватэру.
Таксама ён выдаваў краязнаўчы часопіс «Бэз», прысвечаны гісторыі Зэльвеншчыны, і абараняў помнік Ларысе Геніюш, які мясцовыя ўлады хацелі знесці.
У Юрыя была дачка Юлія — жанчына жыла ў Празе і займалася мастацтвам. У 2017 годзе Юлія трагічна загінула ў Чэхіі.
Каментары
Хто мо падкажа дзе можна набыць яго кнігу “Смак”???