Ён яшчэ размаўляў у сне, чым замінаў суседзям спаць.

Беларуса Д.Ю. — імя і прозвішча цалкам не называюцца — забілі ў расійскім Падольску ўночы 3 снежня 2023 года.
Трагедыя адбылася ў «рабочым доме» — жыллі, якое даюць людзям у складанай жыццёвай сітуацыі ў абмен на працу. Расіянін Яўген Мешчаракоў, які быў там за старшага, пасяліў на начлег незнаёмага мужчыну, грамадзяніна Беларусі Д.Ю. Беларус з 2010 года зарабляў у Маскоўскай вобласці, часта злоўжываў алкаголем.
Быў моцна п'яны ён і гэтым разам. Ноччу хроп і размаўляў у сне, чым замінаў іншым насельнікам дома спаць.
Мешчаракоў некалькі разоў заходзіў у пакой патрабаваць цішыні. Калі просьбы не дапамаглі, ён нанёс мужчыну не менш за пяць удараў рукамі ў галаву — паводле сведкі, чуваць было характэрныя гукі ўдараў праз сцяну. Пацярпелы заціх. Пазней Мешчаракоў з дапамогай іншага насельніка дома перанёс яго, ужо акрываўленага, у суседні, цяплейшы пакой і пакінуў да раніцы. Раніцай, каля 5 гадзін, ён зразумеў, што мужчына не дыхае, і выклікаў хуткую — тая канстатавала смерць беларуса.
Судова-медыцынская экспертыза выявіла ў Д. Ю. закрытую чэрапна-мазгавую траўму з субдуральнай гематомай, якая прывяла да сціскання мозгу і была прамой прычынай смерці.
Мешчаракоў прызнаў віну. Яму прысудзілі 7 гадоў калоніі строгага рэжыму за наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю, якое з неасцярожнасці прывяло да смерці.
Каментары