У Беларусі з 12 ліпеня пачынаецца прыём дакументаў для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на агульных падставах.

Абітурыенты могуць падаць дакументы як асабіста ў парадку жывой чаргі, так і праз электронную чаргу. Для гэтага трэба загадзя выбраць дату і час наведвання прыёмнай камісіі праз асабісты кабінет на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Там жа можна пазначыць патрэбныя ўніверсітэт, факультэт і спецыяльнасць.
У Міністэрстве адукацыі адзначылі, што сёлета каля паловы абітурыентаў плануюць скарыстацца з электроннай чаргі. У сувязі з гэтым у вышэйшых навучальных установах павялічылі колькасць працоўных месцаў у прыёмных камісіях, каб прыняць усіх ахвотных у выбраны імі час.
Прыём дакументаў на агульных падставах будзе доўжыцца з 12 па 17 ліпеня. Для асобных спецыяльнасцяў сілавога профілю гэты тэрмін працягнецца да 19 ліпеня, а для выпускнікоў профільных класаў — да 14 ліпеня.
Таксама паведамляецца, што сёлета на мэтавае навучанне плануецца залічыць больш за шэсць тысяч чалавек. Пры гэтым ужо пададзена больш за дзевяць тысяч заявак, а залічэнне на мэтавыя месцы павінна завяршыцца 11 ліпеня.
Каментары