Беларускія кардыяхірургі ўпершыню ў краіне правялі поўную замену аорты пацыентцы з хранічным расслойваннем судзіны і спадчынным захворваннем злучальнай тканкі, піша БелТА.

Аперацыю выканалі спецыялісты Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія». Медыкі замянілі ўсю аорту — ад аартальнага клапана да падуздышных артэрый. Раней такія складаныя аперацыі беларускім пацыентам праводзілі толькі ў спецыялізаваных клініках за мяжой.
Да гэтага ў Беларусі ўжо выконвалі аперацыі на асобных участках аорты, аднак поўнае пратэзаванне судзіны было праведзена ўпершыню. Беларускія кардыяхірургі папярэдне прайшлі адпаведную падрыхтоўку ў расійскім Нацыянальным медыцынскім даследчым цэнтры хірургіі імя акадэміка Барыса Пятроўскага.
Аперацыю правяла мультыдысцыплінарная каманда пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара РНПЦ «Кардыялогія» Сяргея Спірыдонава.
Па словах дактароў, цяпер аорта пацыенткі цалкам пралечаная, і неабходнасці ў новых аперацыях няма. Разам з тым з-за генетычнага захворвання яна і надалей будзе знаходзіцца пад назіраннем, бо ў будучыні могуць узнікнуць праблемы з іншымі крывяноснымі судзінамі.
У сярэднім у РНПЦ «Кардыялогія» штогод звяртаюцца каля 15 пацыентаў, якім можа спатрэбіцца поўная замена аорты. Медыкі адзначаюць, што развіццё гэтага кірунку дазволіць праводзіць такія высокатэхналагічныя аперацыі ў Беларусі без неабходнасці накіроўваць пацыентаў у замежныя клінікі.
Каментары