Хакеры злілі перапіскі Ксеніі Сабчак — пра цэнзуру і пераезд напачатку вайны. Ёсць і размовы з Ермаком
Што ў іх?

8 ліпеня Ксенія Сабчак заявіла, што хакеры ўзламалі яе пошту і на некаторы час атрымалі доступ да яе тэлеграм-каналаў. Хакерская група Black Mirror і праект «ВЧК-ОГПУ» выклалі шмат скрыншотаў і галасавых паведамленняў Сабчак (але сама яна не прызнавала іх сапраўднасць).
З гэтых перапісак вынікае, што цэнзуру каналаў Сабчак (гэта ютуб-канал «Осторожно, Собчак» і тэлеграм-каналы «Осторожно, новости», «Осторожно, Москва», «Собчак», «Кровавая барыня») курыруюць віцэ-мэр Масквы Аляксей Немярук і гендырэктар арганізацыі «Дыялог» Уладзімір Табак (звязаны з адміністрацыяй Пуціна), які перадае ўказанні намесніка кіраўніка Адміністрацыі Сяргея Кірыенкі.
Сабчак прылятала, напрыклад, па інтэрв'ю з Іллём Рамяслом — гэты праўладны блогер раптам выказаўся супраць Пуціна і трапіў у псіхіятрычную бальніцу. Сабчак спачатку абараняецца: «Я шчыра лічу, што такі мудак з гэтымі тэзісамі выгадны зараз СВК (так шыфруюць Кірыенку, па першых ініцыялах. — НН)». Табак злуецца: «Хачу, каб ты жыла ў адчуванні, што я магу табе не прабачыць».
Адміністрацыя прэзідэнта Расіі і мэрыя Масквы засталіся незадаволены пастамі каналаў Собчак пра атаку дронаў на Маскву. Яна дасылае Табаку галасавое: «Калі я*уць, хачу разумець за што».
Сабчак тады пісала рэдактару яе навінавых праектаў Сяргею Цітову, каб даў справаздачу пра асвятленне атакі дронаў на Маскву. Той піша: «Прапаную вам зручную шчыліну, як было шмат разоў — скажыце, што ў вас некіравальны дурань сядзіць, і звольніце мяне, гэта здыме іх негатыў».
«Сярож, б**ць, а можна не ствараць негатыў? Я не збіраюся станавіцца інаагентам праз цябе і пастаянныя выя*оны», — адказвае Сабчак.
Цітоў піша: «У вас уся краіна ў агні, я не магу не пісаць праўду. І хлусіць я не збіраюся». «Б**ць, дзеля чаго? Чаму ты пастаянна падстаўляеш тых, хто прыкрывае тваю дупу?» — абуралася Сабчак. Пазней яна адказвае, што хлусіць і не просяць.
У перапісках з Табаком абмяркоўвалі таксама свецкую львіцу Вікторыю Боню, якая запісвала зварот да Пуціна, дзе казала пра праблемы ў грамадстве і страх перад уладай. Табак кажа, што паўвечара абмяркоўваў гэта з Кірыенкам і што Боня проста хайпуе. Сабчак не верыць і кажа: «Вельмі граматна ўсё зроблена — нібыта баяры дрэнныя, а Пуцін заўсёды добры».
Асобную аўдыясправаздачу Сабчак дасылае Немеруку, калі ў Маскве пачаліся праблемы з бензінам. Яна кажа: «У нас ёсць дамоўленасці, мы іх усе выконваем, але з таго боку нам дыктуюць кожную рэч… Так, у нас паперы падпісаныя, мы са свайго боку ўсё робім, а ў адказ няма эксклюзіву, абяцаных гісторый», — і просіць у Немерука сустрэчы.
На пачатку вайны Сабчак перапісвалася з Андрэем Ермаком (тады кіраўніком офіса Зяленскага), прыводзіць дэталі «Медуза». Той называў журналістку разумнай і казаў, што ў іх шмат агульных знаёмых. Сабчак апісвае, як яе рэдакцыя пераязджае пасля пачатку вайны.
«Ну пакуль я з'ехала з краіны з дзіцём. Але там мама і муж. Рэдакцыя пераязджае і будзе працаваць тут. На жаль, рахункаў і грамадзянства тут ніякіх няма, так што вырашаем. Найбліжэйшымі днямі скончым пераезд рэдакцыі, будзем штосьці вырашаць. Пакуль пішам правераную інфармацыю і стараемся сумленна выконваць наш прафесійны абавязак. Але стан найцяжэйшы, калі шчыра. І ўмовы таксама.»
Сабчак, вынікае з іншых перапісак, выязджала ў Ізраіль. Раней паведамлялася, што яна атрымала там грамадзянства.
Каментары