Стася Гліннік пра Мельнікаву: Я усё больш і больш думаю, што яе няма ў жывых
Гліннік мяркуе, што план з Мельнікавай мог пайсці не так, як задумана. Напрыклад, магла быць канфліктная сітуацыя з агентам Лабеевым, які суправаджаў Анжаліку ў пералётах, і той мог яе забіць у Дубаі.

Стася Гліннік, намесніца дырэктара Офіса Ціханоўскай, не верыць, што былая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава вярнулася ў Мінск.
«З улікам таго, як разгортваюцца падзеі вакол гэтага кейсу, я усё больш і больш думаю, што яе няма ў жывых»,— падзялілася яна ў інтэрв'ю Дзмітрыю Гурневічу на «Радыё Свабода». Але адзначыла, што не мае новай інфармацыі пра былую спікерку.
«Мне здаецца, што яе ўжо паказалі б, калі б яна была ў рэжыму, бо было шмат нагодаў, каб выкарыстаць гэтую карту, што Мельнікава агент», — лічыць Гліннік.
Напрыклад, працягвае яна, падчас нядаўніх выбараў у Каардынацыйную раду можна было не платформу атакаваць, а паказаць Мельнікаву.
Гліннік мяркуе, што план з Мельнікавай мог пайсці не так, як задумана. Напрыклад, магла быць канфліктная сітуацыя з агентам Лабеевым, які суправаджаў Анжаліку ў пералётах, і той мог яе забіць у Дубаі.
Адзначым, што сёлета ў сацсетках з’явіліся фатаграфіі Мельнікавай з мінскай спартзалы, а бацька прызнаўся «Нашай Ніве», што яна ўжо «даўнавата» ў Беларусі. Іншыя бачылі яе ў «Дана Моле». «Люстэрка» высветліла, што ўжо пасля знікнення Мельнікава набыла дзве кватэры ў Мінску. З трэцяй яе кватэры быў зняты арышт і аформлены падзел маёмасці з былым мужам.
Гурневіч спытаў, як наогул атрымалася, што новага чалавека ў палітыцы паставілі на чале Каардынацыйнай рады.
«Магчыма, гэта дзіўна было, але людзі даверыліся, прагаласавалі. Мы падтрымлівалі на той момант яе як прадстаўніцу спісу. Быў спіс Паўла Латушкі, яны высоўваюць чалавека на пасаду, і зразумела, што гэта спіс, які набраў найбольш галасоў падчас выбараў. Вельмі лагічна, што іх чалавек будзе займаць пасаду спікера (…) Іх унутранае рашэнне было выставіць Анжаліку Мельнікаву».
Стася Гліннік згадвае, што Мельнікава была энергетычнай спікеркай і добра залагоджвала канфлікты.
«Я дапускаю, што ў пэўны момант яе маглі шантажаваць, паўплываць на яе. Момант, у які змянілася камунікацыя і паводзіны, — гэта студзень [2025 года]», — адзначае Стася.
Яна згадвае выступ Мельнікавай з песняй на канферэнцыі дэмсілаў у Варшаве ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
«Мне тады здалося, што выкананне гэтай песні дзіўнаватае. (…) Гэта быў першы момант, калі я зафіксавала, што нешта змянілася ў паводзінах, і што гэта дзіўны акт — спяваць такую песню ў такой манеры ў такі дзень. І пасля ўжо яна пачынае знікаць з камунікацыі пакрыху».
Каментары
- Таму што сістэма не абавязкова працуе цалкам лагічна і ўніфікавана. І таму што гэта не адзіны магчымы сцэнарый.
- Не пра ўсё і ўсіх паведамляюць публічна: для прыкладу фільм ОНТ у чэрвені 2026 г., дзе паказвалі байцоў ПКК за кратамі, ў тым ліку тых, пра затрыманне якіх дагэтуль не казалі.
- Могуць існаваць перасцярогі, каб не прывабліваць дадатковую ўвагу да Лабеева і іншай сетцы агентаў, якія выязджаюць за мяжу. Навіна "Мельнікава ў Мінску" можа актывізаваць перагляд бяспекі ў Польшчы і ЕС, што не карысна для КДБ і ФСБ.
- Могуць існаваць дамоўленасці з Мельнікавай (агент яна сама або чалавек, якога завербавалі або прымусілі), што пасля пераезду яна жыве спакойна. І яе прыклад - узор для наступных вярбовак.