Манэ і не снілася. У дэндрасадзе каля Нарачы можна пабачыць сажалку з гарлачыкамі і больш за 500 раслін
На перашыйку паміж азёрамі Нарач і Мястра ёсць аазіс, дзе можна схавацца ад мітусні і спёкі ў цені разгалістых елак, пакарміць печывам рыбак з маляўнічага мастка, які нібы сышоў з карціны Клода Манэ, і ўбачыць больш за 500 відаў раслін, сярод якіх сустракаюцца дзівосна рэдкія. Гэта — дэндралагічны сад Нацыянальнага парку «Нарачанскі». Выданне Times.by прагулялася па ім з загадчыцай сада Таццянай Станкевіч, якая хвалюецца за кожны саджанец і адрознівае па галасах тутэйшых птушак.

Цвіценне ў гэтым садзе не спыняецца ўвесь сезон: на змену бэзу і рададэндронам распускаюцца півоні і ружы, а трохі пазней можна будзе любавацца раскошнымі вяргінямі.







Дэндралагічны сад займае значную тэрыторыю — 16 гектараў. Таццяна жартуе, што ён дае магчымасць падарожнічаць па ўсіх кантынентах без віз: тут ёсць расліны з розных куткоў свету — ад Сярэдняй Азіі до Паўночнай Амерыкі.







«Нашаму дэндрарыю 24 гады. Пры яго стварэнні захавалі прыродны рэльеф і экасістэмы, якія былі тут спрадвеку: дуброву і ельнік, балота і сажалку. Экзатычныя расліны падсаджвалі да «мясцовых жыхароў», таму ўсё ў садзе спалучаецца так гарманічна і натуральна», — гаворыць Таццяна Станкевіч.
Паветра напоена п'янкім водарам біручыны ў цвеце, а запаведную цішыню парушае толькі шчэбет птушак. Сапраўдная перазагрузка пасля шумнага горада і працоўнага тыдня — асабліва для тых, хто адчувае сябе зусім не «кальквіцыяй чароўнай», а хутчэй як «туявік паніклы» або «шыпшына сабачая».

Турыстаў тут няшмат.
«З аднаго боку, нам не хапае пісьменнага маркетынгу, — прызнае Таццяна. — А з другога — я не ўяўляю тут патоку людзей. Самотнасць, спакой — гэта частка нашай канцэпцыі».

Загадчыца кажа, што ёсць рэчы, якія заўсёды будуць для яе недапушчальнымі, нават калі яны могуць прывабіць гасцей. Напрыклад, шумныя масавыя мерапрыемствы або дзіцячыя атракцыёны.
«Дзецям трэба даваць не толькі забавы, але і духоўную ежу, — упэўненая Таццяна. — Расказваць, што свет вакол нас цудоўны, але далікатны: каб яго захаваць, трэба працаваць і ставіцца беражліва да ўсяго, што нас акружае. А яшчэ ў наш век гаджэтаў важна прышчапляць дзецям цярпенне і канцэнтрацыю ўвагі. Напрыклад, прапанаваць ім паспрабаваць прайсці па ўсіх дарожках сада працягласцю ў некалькі кіламетраў, гледзячы не ў тэлефон, а на прыгажосць вакол».

У дэндрарыі жывуць жывёлы і больш за 50 відаў птушак, для якіх сад — родны дом. На дрэвах ёсць штучныя гняздоўі, дуплянкі, шпакоўні, каб ім тут было добра.
Па словах Таццяны, птушкі дапамагаюць змагацца з насякомымі, якія шкодзяць раслінам, а яшчэ — прадказваюць надвор'е:
«Напрыклад, зараз заліваецца берасцянка. Яна адчувальная да змены вільготнасці і атмасфернага ціску, таму спявае па-рознаму ў залежнасці ад таго, які дзень нас чакае — сонечны ці дажджлівы».

Яшчэ адзін карэнны і вельмі карысны жыхар дэндрарыю — бабёр. А дакладней — бабры: іх тут шмат, жывуць вялікай сям'ёй. Ад балота, дзе мы бачым хатку, якую Таццяна называе бабровай фазэндай, да сажалкі — глыбокая каляіна. Гэта справа не чалавечых рук, а бабровых лап. Жывёлы ўжо вывучылі графік працы дэндрарыю і, як толькі вартаўнік зачыняе вароты на ключ, праторанай сцежкай тупаюць купацца ў сажалцы.
Таццяна кажа, што бабры спакойныя і разумныя, не прычыняюць шкоды суседзям: ні андатрам, ні качкам, ні, як ні дзіўна, дрэвам. Калекцыйныя дрэвы, якія знаходзяцца побач з балотам, на ўсялякі выпадак абараняюць сеткай, але ў цэлым бабры ніякіх страт не наносяць. Магчыма, таму што і ў жыццё роднага для іх балота ніхто не ўмешваецца, мяркуе суразмоўца.

«А яшчэ яны здорава дапамагаюць нам у паліванні. Адчуваюць, калі будзе засушлівае лета, будуюць плаціны і падымаюць узровень грунтовых вод на тэрыторыі сада. Засуху мы перажылі без страт у тым ліку і дзякуючы бабрам — трэба аддаць ім належнае!» — усміхаецца Таццяна.
Такія трапяткія адносіны да ўсяго жывога, і асабліва да свету раслін, у Таццяны сфармаваліся яшчэ ў дзяцінстве дзякуючы дзядулю-лесніку, які прайшоў Другую сусветную. Ён часта паўтараў: «Падчас вайны лес нас уратаваў. Ён будзе карміць і ратаваць і вас, наступнае пакаленне».
Таццяна ўбірала веды дзядулі, хадзіла з ім у лясы і на балоты, брала з сабой кнігі па батаніцы і шукала ў прыродзе чырванакніжныя расліны, якія раней бачыла толькі на малюнках. Тады яна і ўявіць сабе не магла, што праз гады сама будзе высаджваць гэтыя ўнікальныя віды.







«Я тут з 2012 года, — расказвае загадчыца. — Перажываю за кожную расліну, але асабліва за тыя, якія ў адзіным экзэмпляры. Мы дыхаць на іх баімся! І нават не пазначаем таблічкамі, бо, на жаль, у нас былі крадзяжы — аказалася, што ёсць настолькі апантаныя батанікі».
Для калектыву кожны такі выпадак — гэта велізарнае расчараванне і страта: невядома, ці выжыве пасля гэтага расліна, якую тут песцілі і даглядалі. І сумна, што эгаізм аднаго чалавека зводзіць на нішто ўсе намаганні.



Крадуць не толькі «чырванакніжнікаў», але і расліны, якія лёгка купіць любому дачніку-садаводу. Аднойчы Таццяна злавіла на месцы фларыстычнага злачынства жанчыну, якая прыехала на машыне бізнэс-класа па касачы, загадзя падрыхтаваўшы сур'ёзную экіпіроўку: пальчаткі, мешкавіну і рыдлёўку.
«Аказалася, ёсць забабоны: каб расліна прыжылася, яе трэба ўкрасці, — здзіўляецца яна. — Прыходзіцца з гэтым змагацца. Тлумачыць, што ў расліны, якую скралі, энергетыка становіцца адмоўнай. Ды і ў цябе самога на ўзроўні падсвядомасці застаецца, што ты злодзей. І няважна, украў ты з чужой кішэні ці з чужога сада».
Такія выпадкі, на шчасце, выключэнне з правіла. Сад прыцягвае людзей, якія падзяляюць яго галоўны прынцып: не прысвойваць, а сузіраць прыгажосць.
Цяпер — адзін з самых уражлівых куткоў: сажалка з німфеямі як быццам сышла з палотнаў Клода Манэ. Аказалася, што і ў дэндрасад прыязджаюць мастакі па натхненне.


«Мне пашчасціла пабываць у Жывярні, у тым самым садзе Клода Манэ, — расказвае Таццяна. — І, ведаеце, магу сказаць, што наша сажалка ў нечым выйграе ў параўнанні з французскай. Над сажалкай Манэ працавала цэлая каманда садоўнікаў, у нас жа ўсё прыроднае. Завазныя — толькі махровыя німфеі».







У сажалцы жывуць азёрныя царэўны-жабы, вужыкі і серабрыстыя карасі, прыкормленыя, як дваровыя каты. Яны ўжо чакаюць гасцей і, здаецца, распіхваюць адзін аднаго плаўнікамі ў спробах першым схапіць кавалачак печыва.

«За тое, як яны выскокваюць на паверхню вады і прагна хапаюць ежу, турысты далі ім мянушку «маленькія піранні», — расказвае Таццяна. — Яшчэ гадоў з 10 таму заолагі казалі нам, што іх папуляцыя занадта вялікая — трэба адлавіць. Мы ж былі ўпэўненыя, што прырода разбярэцца сама, без умяшання чалавека. Так і атрымалася. Папуляцыю замест нас адрэгулявалі лісы, барсукі, янотападобныя сабакі, норкі і чаплі, якія прыходзяць сюды рыбачыць.

Яшчэ адзін прыгожы куток з эфектам араматэрапіі — разарый, які налічвае больш за 50 відаў руж: дортмунд, фларыбунда, паркавая, пляцістая, чайна-гібрыдная, англійская… Ёсць нават ружа сорту «блю», якая на самай справе далікатна-ліловая. Перафразуючы Шэкспіра: «Ружа пахне ружай, хоць «блю» ты назаві яе, хоць не».







«Я адпачываю душой і ў поўнай меры адчуваю, у якой прыгажосці знаходжуся, толькі калі вяду экскурсіі, як зараз для вас, — прызнаецца Таццяна. — Увесь астатні час сад — гэта цяжкая праца. Як маральная, таму што адчуваю вялікую адказнасць за захаванне беларускай прыроды, так і фізічная: я сама працую рукамі ў садзе».
У дэндрарыі ўсяго два супрацоўнікі, якія даглядаюць 16 гектараў сада.
«Тут няма выпадковых людзей — усе энтузіясты, закаханыя ў гэтае месца, — падкрэслівае суразмоўца. — У тых, хто далёкі ад гэтага, можа скласціся ўражанне: «А што тут такога, за раслінамі даглядаць? Гуляеш сабе па садзе, атрымліваеш асалоду ад прыгажосці». А па факце гэта праполка, абрэзка, падкормка, пакос травы. І, канешне, аналітычная праца: за кожным участкам трэба даглядаць так, каб нават думкі не ўзнікла, што тут прыклалася рука садоўніка. Напрыклад, мы цэлы тыдзень праводзілі абрэзку ў дуброве: прыбіралі ўсё лішняе, хворае і сухое. Але засталося адчуванне натуральнасці дубовага лесу».

Адзіная лакацыя дэндрарыю, дзе тандэм чалавека і прыроды відавочны (і выклікае захапленне), — гэта «зялёны пакой», як быццам з «Алісы ў Краіне цудаў». Сцены з выстрыжанай заходняй туі, за якімі хаваецца казка: «інстаграмныя» півоні і ружы. Як аказалася, у гэтай прыродна-архітэктурнай прасторы не толькі эстэтычная функцыя.
«Унутры гэтага пакоя цішыня і свой мікраклімат: тут высаджаныя расліны, якія найбольш адчувальныя да перападаў тэмпературы і вільготнасці. Сцены аберагаюць іх ад стрэсу», — кажа Таццяна.



А якіх жа раслін дэндралагічнаму садзе не хапае? Таццяна прызнаецца, што ў яе ёсць маленькая мара пра вялікае дрэва: секвоядэндрон. Памеры ў яго гіганцкія — да 100 метраў у вышыню, а масіўныя галіны часта параўноўваюць з біўнямі маманта.
«Гэта самае буйное дрэва планеты, і мне цікава, як яно праявіць сябе ў нашых шыротах, — тлумачыць яна. — Але, ведаеце, наша елка для мяне не менш каштоўная, чым экзатычная секвоя, — чым далей, тым мацней цаню роднае. Напэўна, як і дрэвы, я расту — толькі ўнутрана».

Таццяна кажа, што яе свядомасць перавярнуў сумесны са сталічным Батанічным садам праект па захаванні самых старых дрэў паўночнага захаду Беларусі.
«Вось, здавалася б, у нас у Беларусі 28 відаў дрэў. Для кагосьці гэта «ўсяго толькі 28 відаў», а для мяне гэта «цэлых 28 відаў». Бо дрэвы ўсе розныя, як і людзі. І такія ж далікатныя… Мы, беларусы, гістарычна перажылі многае — і навучыліся цаніць і берагчы тое, што ў нас ёсць. Ведаеце, якая лакацыя самая папулярная і вытаптаная ў садзе? Не півоні, не ружы і не лілеі… А луг, калі на ім цвітуць рамонкі».

«Такімі тэмпамі застанемся без дрэваў!» Што трэба ведаць пра амялу ў Беларусі
Надакучылі восы? Адвадзіць іх дапаможа звычайны папяровы пакет
На Мядзельшчыне мужчына збіраў зёлкі і вёў здаровы лад жыцця. Ён памёр, з'еўшы корань ядавітай расліны
Самае засушлівае месца ў свеце часам ператвараецца ў кветкавы дыван
Сямейная дынастыя з Самахвалавічаў пад Мінскам вырошчвае 30 тысяч раслін
Каментары