У мэтах абароны дзяцей ад злачынстваў і правапарушэнняў, а таксама ў сувязі з неабходнасцю спынення злачыннасці непаўналетніх Генеральнай пракуратурай Беларусі падрыхтаваны законапраект, які ўносіць папраўкі ў дзейнае заканадаўства.
Як паведамілі ў Генпракуратуры, праектам закона ўводзіцца забарона на знаходжанне непаўналетніх да 16 гадоў у грамадскіх месцах у начны час без суправаджэння бацькоў (апекуноў), іншых паўналетніх членаў сям’і, блізкіх сваякоў; асоб, якія сумесна пражываюць; асоб, якія суправаджаюць дзяцей па просьбе бацькоў (апекуноў), а таксама асоб, на якіх ускладзеныя абавязкі па навучанні і выхаванні дзяцей.
Акрамя таго, прадугледжваецца дапаўненне Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях новым артыкулам, які вызначае адказнасць бацькоў ці асоб, якія іх замяняюць, а таксама асоб, на якіх ускладзеныя абавязкі па навучанні і выхаванні непаўналетніх, за парушэнне забароны на знаходжанне дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў у грамадскіх месцах у начны час.
Аналіз статыстычных даных сведчыць аб тым, што найбольшая колькасць правапарушэнняў учыняецца непаўналетнімі ў вячэрні і начны час. Знаходзячыся на вуліцы без суправаджэння і кантролю дарослых, падлеткі рызыкуюць сваёй бяспекай, а таксама самі ўчыняюць злачынствы.
У прыватнасці, у 2010 годзе непаўналетнімі ўчынена 4.777 правапарушэнняў, з іх у начны час (з 22 да 6 гадзін) — 1.867, што складае 40% ад ліку ўсіх учыненых непаўналетнімі правапарушэнняў.
Распрацаваны Генеральнай пракуратурай законапраект накіраваны зацікаўленым дзяржаўным органам на ўзгадненне.
Каментары