Культура

Выстава кніг з фантанам і аркестрам

У Мінску пачалася ХІХ міжнародная кніжная выстава.

8 лютага ў Мінску, у Нацыянальным выстаўным цэнтры «Белэкспа», пачалася ХІХ міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Сёлета ў кірмашы бяруць удзел дваццаць краінаў, сярод якіх, апроч Беларусі, — Германія, Італія, ЗША, Францыя, Куба, бліжэйшыя суседзі.

А ганаровым госцем выставы стала Баліварыянская рэспубліка Венесуэла. «Далёкая ад нас тэрытарыяльна, але блізкая па духу» — як паўтарыла кожная з «афіцыйных асоб» на ўрачыстым адкрыцці. Таксама міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў

з пачуццем глыбокага задавальнення ўхвалілі загад кіраўніка дзяржавы, згодна з якім 2012 год абвешчаны Годам кнігі.

Да іх далучыўся і старшыня пралукашэнкаўскага саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец. «Мы абяцаем пісаць лепей, і выдаваць болей» — пакляўся ён ад імя пісьменікаў. А асноўны пасыл генерала міліцыі ў адстаўцы быў усясветна-пацыфісцкі: «Глабалізм слова лепшы за глабалізм зброі!»

Падчас урачыстасцяў словы пра зброю і цяжкую сітуацыю ў свеце гучалі гэтаксама часта, як і словы пра Год кнігі.

Складалася ўражанне, што над «Белэкспа» вось-вось з’явяцца ястрабы Пентагона.
Асаблівага накалу тэма «міжнароднай палітыкі» дасягнула ў прамове пасла Венесуэлы Амерыка Дыаса Нуньеса. Ён таксама горача ўхваліў рашэнне правесці ў Беларусі Год кнігі, не зважаючы на замежны ціск.

Яго рыторыка вяртала слухачоў у часы Чэ Гевары: «У той час як 

Беларусь падвяргаецца нападкам з боку сіл, якія мараць парабаціць яе і зрабіць закладніцай псеўдаабаронцаў правоў чалавека і дэмакратыі
, — палымяна прамаўляў амбсадар, — Венесуэла і Беларусь пашыраюць свае палітычныя, эканамічныя, культурныя, навуковыя і спартовыя сувязі».

Венесуэла, казаў Нуньес, таксама стала ахвярай палітычнай вайны з боку краінаў, «якія лічаць сябе ўладарамі свету». Тым не менш, цяпер Венесуэла распрацоўвае праграму распаўсюду бясплатных кніг для малазабяспечаных людзей.

Мо варта было б і беларускай дзяржаве зладзіць падобнае: беларускую кнігу — у кожную сям’ю. А то, паводле нядаўніх выказванняў намесніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч,

афіцыйныя выдавецтвы друкуюць толькі 120 кніг па-беларуску ў год.

Венесуэла збудавала на выставе павільён з вадаспадам і лацінскім джазавым аркестрам.
Прыцягнула ўвагу і тое, што, між кніг Баліварыянскай рэспублікі, цэлую паліцу займалі выданні Цэнтральнага банка краіны.

Сама выстава, хоць і Год кнігі, выглядае сціплей за леташнюю. Напрыклад, заўважна меней расійскіх выдавецтваў. Беларускія прэзентавалі літаратуру рознага характару і ўзроўню. Насупраць стэнда ЗША, з класічнымі для яго забаўкамі і віктарынамі, месціцца адно з мінскіх выдавецтваў, чые прадстаўнікі актыўна запрашалі амерыканскіх калег паглядзець на творчасць аднаго са сваіх калегаў. «Яму можна Нобелеўскую прэмію даваць. — ці то сур’ёзна, ці то паўжартам казаў прадстаўнік выдавецтва. — 

Ён напісаў 220 кніг. Вось тут для дзяцей, напрыклад, тыя — духоўныя
… Выдатны пісьменнік».

Германія, апроч класічнага стэнда, прэзентавала «Медыя-аўтобус», сапраўдную бібліятэку на колах, якой могуць карыстацца жыхары Маладзечна, Бабруйска і Баранавіч — гарадоў, дзе на нямецкамоўную літаратуру склаўся найбольшы попыт. Раз на два тыдні аўтобус прыязджае ў гэтыя гарады, каб чытачы маглі ўзяць, здаць альбо працягнуць карыстанне кнігамі і дыскамі на нямецкай мове. Разнастайнасць тэмаў — ад Кафкі да дагляду за газонамі. Нямецкія стэнды таксама поўняцца рознай літаратурай — фотаальбомы з краявідамі, навінкі белетрыстыкі, дзіцячыя кнігі, а таксама выданні кшталту «Deluxe Hotels» ці фотаальбома, прысвечанага Стыву Макуіну. Кнігі з экспазіцыі пасольства Германіі перадасць у падарунак мінскай гімназіі № 20 і Інстытуту нямецкіх даследаванняў пры БДУ.

Таксама

на выставе ёсць прадукцыя незалежных беларускіх выдаўцоў — выданні часопіса ARCHE (стэнд «Мультымедыйны партал»), працуе і стэнд незалежнага выдавецтва «логвінаЎ».
Ля яго вечарамі адбываюцца сустрэчы з пісьменнікамі, якія трапілі ў шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Так 9 лютага, а 18-й на стэндзе адбудзецца аўтограф-сесія Уладзіслава Ахроменкі — аўтара рамана «Тэорыя змовы». А 11 лютага, а 15-й з чытачамі сустрэнецца Павал Касцюкевіч, аўтар кнігі апавяданняў «Зборная РБ па негалоўных відах спорту».

Выстава будзе доўжыцца да 12 лютага ў памяшканні НВЦ «Белэкспа», што па вуліцы Янкі Купалы 27. Час працы выставы — з 10.00 да 19.00 штодня.

Каментары

Цяпер чытаюць

Кіраўнік студыі ZROBIM architects цяпер у СІЗА14

Кіраўнік студыі ZROBIM architects цяпер у СІЗА

Усе навіны →
Усе навіны

Амерыканскага акцёра Джэймса Хэндзі пасынак зарэзаў нажом2

Трампа ўсцешыла перспектыва асабістай сустрэчы Зяленскага і Пуціна — «вельмі добрых людзей»5

Навошта Зяленскі напісаў ліст Пуціну?7

На аддаленым востраве ў Інданезіі зноў пабачылі вельмі рэдкага папугая1

Уладзімір Зяленскі звярнуўся да Пуціна з адкрытым лістом, які нагадвае ўльтыматум48

Сядзіце як седзіце! Як правільна ставіць націск у другой асобе множнага ліку?10

У цэнтры Гродна пабачылі лісу са здабычай у зубах ВІДЭА

Эпоха танкаў завяршаецца. Як і чаму Украіна хоча вярнуць іх на поле бою12

БелАЗ прэзентаваў першы ў свеце 220‑тонны самазвал на ЗПГ2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кіраўнік студыі ZROBIM architects цяпер у СІЗА14

Кіраўнік студыі ZROBIM architects цяпер у СІЗА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць